Паэтэсы Вера Буланда і Валянціна Восіпава выступілі 21 ліпеня 2015 года ў бібліятэцы №6 горада Барысава, у санаторыі “Беразіна” Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, і 22 ліпеня ў ДК мястэчак Зембін і Ніўкі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
На сваёй бацькаўшчыне Вера Буланда адзначыла, што тут ступалі ногі народнага паэта Пімена Панчанкі. А ў час падрыхтоўкі кнігі “Я – з вогненнай вёскі” прыязджалі на Барысаўшчыну Янка Брыль, Алесь Адамовіч і Уладзімір Калеснік. І таму ў час выступаў не раз чулася выказванне: “Без чалавечнасці не будзе вечнасці” (П. Панчанка), што і з’явілася тэмай выступаў паэтэс.
Цікавы дыялог адбыўся з чытачамі і ў бібліятэцы, і ў санаторыі, як у Зембіне, так і ў Ніўках, калі пайшла размова пра натхненне, пра тое, як пішуцца вершы, то знарок прыгадаўся верш М. Багдановіча “Песняру”, дзе завастрылася ўвага на словах “У грудзях у людзей сэрцы чэрствыя, быццам з камення, разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды…” Валянціна Восіпава прачытала сваё бачанне пра напісанне вершаў, засяродзіўшы ўвагу, што не толькі са смецця (паводле Ахматавай) бяруцца вершы:
Здавалася…
Душы аголены рывок
Сатрэ радкамі
Тугі зявок.
Ды свет чарсцвее,
І раўнадушша
Ўліваецца ў душы,
Бы ў ахвяру воўк.
А спадарыня Буланда Вера спыніла ўвагу на тым, што не пісаць не можа з дзяцінства:
Паэзія – мая гаспода і мой храм,
Мая дзявочая святая летуценнасць,
Даверлівасць прагнозам і вятрам,
Што сталі назаўжды няўлоўным ценем.
Чытачы і актыўныя ўдзельнікі дыялогу атрымалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі” торбачкі, майкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”. Развітваліся з пажаданнямі гаварыць, думаць і чытаць па-беларуску.