• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
26.10.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

“Давайце рабіць разам і якасна, давайце рабіць для сябе і для людзей, якія побач”

Праблемы культурнага адпачынку абмеркавалі ў Бабруйску на сустрэчы ў прасторы “13:87”. Ток-шоў прайшло ў межах культурніцкага праекта “Разам да справы” кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Аншлаг, драйв, палеміка на Кірмашы праектаў у Бабруйску (фота)

Сустрэчу правяла гаспадыня тайм-кавярні “13:87” Наталля Халанская, а ў якасці экспертаў былі запрошаныя Юлія Саковіч, ініцыятарка і арганізатарка першага бабруйскага экафэсту “Пікнічок”, Дыяна Лемяшонак, гаспадыня кавярні-кандытарскай “Любімае месца”, і госця з Магілёва — старшыня абласнога аб’яднання рамеснікаў “Шчырая майстэрня” Ала Смалякова.

Наталля Халанская

Наталля Халанская

Што ёсць і што хочацца бачыць у Бабруйску (ды і па ўсёй Беларусі) з культурніцкіх і забаўляльных падзей? Што ўплывае на сферу культурніцкага адпачынку агулам, якія ёсць сусветныя тэндэнцыі, як яны адлюстраваныя ў Беларусі і ў Бабруйску? Якім чынам зрабіць культуру свайго горада разнастайнай і актуальнай, якія асноўныя крокі паляпшэння сітуацыі з культурніцкім адпачынкам трэба зрабіць і каму? Вось кола пытанняў і праблемаў, якія паспрабавалі абмеркаваць цягам дзвюх гадзінаў дыскусій і прапановаў эксперты і госці сустрэчы.

Эксперты - Юлія Саковіч, Дыяна Лемяшонак, Ала Смалякова

Эксперты – Юлія Саковіч, Дыяна Лемяшонак, Ала Смалякова

Першае і галоўнае пытанне, што задала вядоўца экспертам і публіцы, — наколькі лёгка гараджанам адысці ад тэлевізара, прыйсці або прыехаць на арганізаваны адпачынак, напрыклад, у кавярню ці іншае месца, наколькі лёгка і чалавеку гэта зрабіць?

Перш за ўсё, каб адказаць на такое пытанне, трэба ведаць, якія афішы і абвесткі людзі праглядаюць, ці дастаткова папярэдняй інфармацыі пра падзеі і наколькі яна цікавая і змястоўная. Паводле водгукаў прысутных, якраз такой інфармацыі і не хапае, было б нават не лішнім, калі б існаваў асобны рэсурс, інтэрнэт-афіша, дзе была б сабраная інфармацыя пра ўсе гарадскія падзеі і не трэба было б вышукваць анонсы па розных СМІ. Канечне, хто хоча, хто сам па сабе актыўны чалавек, той можа знайсці патрэбную інфармацыю, але бальшыня людзей досыць пасіўная. Нават калі падзею ладзіць дзяржава, якая валодае моцным адміністрацыйным рэсурсам і магчымасцямі размяшчэння рэкламы на розных пляцоўках і СМІ, як правіла, анансуюцца вялікія імпрэзы, фестывалі. У той жа час праходзіць шмат невялічкіх, але, бывае, досыць цікавых тэматычных мерапрыемстваў па бібліятэках, іншых установах, але пра іх амаль не паведамляюць, мала хто ведае і наведвае.

З прывітальным уступным словам выступіў каардынатар кампаніі

З прывітальным уступным словам выступіў каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” па Магілёўскім рэгіёне Юрый Стукалаў

Але з гэтым паўстае і іншая праблема: ці будзем мы паспяваць наведваць усё цікавае, калі будзе больш інфармацыі пра ўсе падзеі?

А.Лацінская: «Паштоўкі пераконваюць, што мы жывем у насычаным гісторыямі месцы»

Гэта было наступнае пытанне вядоўцы сустрэчы. Акрамя ўсялякіх афіцыйных і дзяржаўных мерапрыемстваў адбываецца шмат альтэрнатыўнага на ўзроўні бізнесу, НДА, і не толькі ў сферы культуры, але і ў індустрыі забаваў увогуле,а таксама сустрэчы па інтарэсах, розныя майстар-класы, размовы, дыскусіі. Людзі прыходзяць не толькі творча адпачыць, але даведацца пра нешта новае, пазнаёміцца з іншымі людзьмі, нават проста паразмаўляць ці абмеркаваць нешта. Адна з такіх рэгулярных падзей у Бабруйску — курсы “Мова нанова Бабруйск”: яны ўжо чацвёрты год штотыдзень ладзяць сустрэчы на пляцоўцы тайм-кавярні. Крыху незвычайна прагучаў аповед вядоўцы курсаў Алесі Лацінскай: яна паведаміла, што ў гэтым сезоне яны размясцілі абвесткі пра курсы на самых розных пляцоўках — на тэлебачанні, у друкаваных СМІ і на розных сайтах, але гэта не прывяло да чаканых вынікаў, нават склалася адчуванне, што чым больш абвестак, тым менш прыходзіць людзей. Гэтую сітуацыю паспрабавалі абмеркаваць іншыя прысутныя.

Алеся Лацінская

Алеся Лацінская

Андрэй Архіпенка, ініцыятар суполкі “Прыпынак Адамовіча”, выказаў меркаванне, што праблема можа быць не ў рэкламе, а ў жаданні людзей, а калі ёсць жаданне, чалавек сам знойдзе патрэбную інфармацыю:

“Перш чым нешта рабіць, трэба вывучыць запыты людзей, даведацца, што яны хочуць. Калі рабіць тое, што хочацца табе, нават калі рабіць вельмі класна, іншым будзе “па барабане”.

Андрэй Архіпенка - ініцыятыва

Андрэй Архіпенка – ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча”

Ён прывёў прыклад, якім быў сведкам: у адной з вёсак старшыня і праўленне сельсавета вырашылі зрабіць дзіцячую пляцоўку, але перад тым не параіліся з людзьмі. У выніку пабудаваную пляцоўку праз тыдзень разламалі, бо мясцовым жыхарам яна не асабліва была і патрэбная.

Але ці заўсёды трэба рабіць толькі тое, што хочацца людзям? Можа, большасць хоча піўны фэст, а я, напрыклад, хачу ладзіць артхаўсныя кінапрагляды? Напэўна, у кожнага можа знайсціся свая ніша і той чалавек, тая аўдыторыя, што прыйдзе на імпрэзу, задалася пытаннем Наталля.

Гэта пракаментаваў старшыня габрэйскай супольнасці Бабруйска Алег Красны:

— Па-рознаму трэба глядзець на цікавасць і паспяховасць розных падзей. Для таго ж піўнога фэсту поспехам будзе, калі прыйдзе дзесяць тысяч чалавек, а для арт-імпрэзы дастаткова і ста. Не трэба і занадта палярызаваць людзей: нехта прыйдзе нягледзячы ні на што, а ёсць такія, што “прыклеіліся” да канапы і іх нікуды не выцягнеш. На самай справе бальшыня якраз пасярэдзіне, таму заўсёды патрэбная інфармацыя, каб зацікавіць тых, хто, можа, і жадае некуды схадзіць, але не хоча сам шукаць інфармацыю.

Алег Красны - старшыня габрэйскай супольнасці Бабруйска

Алег Красны – старшыня габрэйскай супольнасці Бабруйска

Спадар Красны таксама дадаў, што немагчыма добра рабіць тое, што нецікава самому, бо нецікавым яно і атрымаецца. Калі ў чалавека ёсць ідэя, яе трэба адаптаваць да тэрыторыі, людзей, але калі канчаецца кампрамісная зона, з’яўляецца пытанне: ці гатовы ты ісці далей, атрымаецца нешта добрае ў выніку? Гэта ўжо элемент рызыкі. Яшчэ адно з меркаванняў, што прагучала ад прысутных, — каб зацікавіць большую аўдыторыю, трэба дадаваць разнастайнасці ў імпрэзы, нават калі яны тэматычныя. Некага можа зацікавіць адмысловая фотазона, хтосьці захоча набыць сувенір, трэба дадаваць “разынкі” да асноўнай дзеі.

«Хоўмскул» – праблемы і рашэнні, перавагі і недахопы

На гэтую тэму выказалася адна з экспертак сустрэчы Юлія Саковіч. Яна падзялілася сваім досведам арганізацыі экалагічнага “пікнічка” і тым, як збірала і інфармавала людзей:

— Мы выкарыстоўвалі толькі свае інфапляцоўкі — уласныя старонкі ў сацсетках. Людзі далучаліся на энтузіязме, мы нават не былі гатовыя да нечага масавага, не было досведу ў арганізацыі такіх мерапрыемстваў. Большая частка ўсіх справаў рабілася сіламі розных “актыўнасцяў”, то бок самімі гараджанамі, і гэта актывізавала людзей, бо яны былі не проста пасіўнымі ўдзельнікамі, а адчувалі свой саўдзел, свой унёсак у справу, гэта іх збліжала. Было столькі ахвочых, што нават давялося спыніць рэгістрацыю, бо база адпачынку мела пэўныя абмежаванні.

Юлія Саковіч - ініцыятар і арганізатарка першага бабруйскага эка-фэсту

Юлія Саковіч – ініцыятар і арганізатарка першага бабруйскага эка-фэсту “Пікнічок”

Яна дадала, што нягледзячы на дождж прыехалі ўсе, хто зарэгістраваўся, і ўсім настолькі цікава было ўдзельнічаць у розных імпрэзах падчас пікніка, што людзі забываліся на фота і сэлфі. Сам пікнік задумваўся як экалагічны фэст, і пасля яго амаль не засталося смецця. Цяпер арганізатары думаюць над наступным падобным мерапрыемствам, але ўжо з нацыянальным ухілам — з традыцыйнымі забаўкамі, вопраткай, удзелам народных рамеснікаў.

Якраз на народных рамёствах спецыялізуецца яшчэ адна госця сустрэчы — спадарыня Ала Смалякова, якая працягнула разважанні пра арганізацыйныя моманты і акалічнасці. Яна падкрэсліла важнасць людзей-“запальнічак”, якія могуць вакол сябе арганізоўваць іншых людзей. Каля кожнага такога чалавека заўсёды ёсць некалькі людзей, зацікаўленых падобнай справай, а ўу кожнага з гэтых людзей ёсць свае знаёмыя і сябры. І гэта тая база, з чаго пачынаецца рэклама і жаданне “падняцца з канапы”. Ала Смалякова распавяла, што калі яны сваёй суполкай ладзяць нейкія імпрэзы, кірмашы, нямала людзей здзіўляецца — маўляў, у іх на раёне звычайна цішыня, нічога не адбываецца, а тут такая цікавая падзея, тусоўка, і чаму раней ніхто такога не рабіў?

Ала Смалякова - старшыня абласнога аб'яднання рамеснікаў

Ала Смалякова – старшыня абласнога аб’яднання рамеснікаў “Шчырая майстэрня”

Ёсць у магілёўскіх народных майстроў і досвед у арганізацыі мерапрыемстваў разам з уладамі, сумесна з гарадскім аддзелам культуры. У гэтым выпадку з’яўляецца больш магчымасцяў і ў рэкламе, і ў арганізацыйна-тэхнічнай падтрымцы, і калі да такой супрацы падыходзіць з розумам, можна атрымаць добры вынік і карысць для абодвух бакоў. Адна з прычынаў, чаму шмат якія выключна дзяржаўныя імпрэзы атрымліваюцца не дужа цікавымі, — якраз тое, што ў гэтых структурах няма “запальнічак”. Калі ёсць нехта — ці адзін, ці група, хто можа ўсё за сабой цягнуць, а дзяржава ў выглядзе чыноўнікаў далучаецца, нават і на апошнім этапе, то для гарадскіх актывістаў гэта можа быць добрым рэсурсам. Але гэта залежыць і ад мэтаў: добра, калі трэба сябе неяк паказаць, а не проста адпачыць на пікніку.

Паколькі размова пачалася з рамесніцкіх кірмашоў, дыскусія перайшла і на гэтую тэму. Шмат хто адзначыў, што такія падзеі мусяць быць больш прадстаўнічымі і што на кірмашах мусяць быць прадстаўленыя вырабы менавіта саміх майстроў, а не шырпатрэб. І каб у горадзе праводзіліся па-сапраўднаму вялікія і цікавыя кірмашы, то, якраз на прыкладзе магілёўскай “Шчырай майстэрні”, павінныя быць структуры майстроў, якія прафесійна ўсё арганізуюць.

Але не толькі дзяржава і актывісты цяпер займаюцца культурай: нешта ў гэтым кірунку робяць і камерцыйныя структуры, напрыклад, культурнай прасторай можа быць кавярня.

Сваім досведам у правядзенні не зусім звычайных для такіх устаноў імпрэзаў падзялілася гаспадыня кавярні-кандытарскай Дыяна Лемяшонак:

— Мы пачалі праводзіць кулінарныя майстар-класы, перш за ўсё для дзетак: прыгатаванне круасанаў, міні-піцаў — і гэта аказалася настолькі папулярным, што мы нават не паспяваем распаўсюдзіць рэкламу, як праз “сарафаннае радыё” ўжо набіраецца максімальная колькасць удзельнікаў.

Дыяна Лемяшонак - гаспадыня кавярні-кандытарскай

Дыяна Лемяшонак – гаспадыня кавярні-кандытарскай “Любімае месца”

Нават дні нараджэння яны прапаноўваюць праводзіць у падобным фармаце, калі дзеткі спачатку самі нешта пякуць, а потым адзначаюць і частуюцца сваімі вырабамі. Для дзяцей гэта новае і незвычайнае, і, па водгуках, нават цікавейшае за розных клоўнаў-аніматараў. Такое захапленне выкліканае тым, што за агульнай справай адбываецца сумесная творчая праца, а не простая забава. Ідэю такіх імпрэзаў цяпер пашырылі — пры падтрымцы арт-студыі “Планета цудаў” у кавярні пачалі праводзіць мастацкія майстар-класы, падчас якіх удзельнікі малююць дэсерты, якія ёсць у меню.

Наколькі гэтыя імпрэзы можна лічыць часткай гарадской культуры? Такое было наступнае пытанне “да залы” ад вядоўцы дыскусійнага вечара.

На думку бабруйчанаў, гэтага таксама не хапае ў горадзе: кулінарных майстэрняў, крамак. Такія інтэрактыўныя дадаткі да кавярняў ажыўляюць прасторы, прыцягваюць і яднаюць людзей, бо тут яны не проста збіраюцца паесці, а ад пачатку робяць нешта самі. Была прапанаваная ідэя ладзіць з такіх майстар-класаў анлайн-трансляцыю ці рабіць відэазапіс сустрэч, каб іх маглі паглядзець людзі, якія не мелі магчымасці іх наведаць “ужывую”. Адзін з варыянтаў развіцця такой ідэі — раздаваць такія відэа ці трансляцыі па падпісцы, напрыклад, толькі сярод адпаведнага “клуба” ці суполкі.

Калі ўжо размова зайшла пра нейкія імпрэзы для дзяцей, то сама Дыяна Лемяшонак згадала, што ёй як маладой маці вельмі не хапае грамадскіх мерапрыемстваў, якія можна наведаць з маленькімі дзеткамі, сямейных імпрэз. Акрамя гэтага, яна падтрымлівае меркаванне, што больш мерапрыемстваў трэба рабіць платнымі, бо гэта не толькі дазваляе іх арганізаваць на годным узроўні, але і падвышае каштоўнасць імпрэзы ў вачах саміх удзельнікаў. З гэтым шмат хто пагадзіўся. Адзіная заўвага, якая прагучала з залы: калі нешта ладзяць дзяржаўныя структуры, якія існуюць за кошт бюджэту, то яшчэ і грошы браць за гэта не зусім справядліва.

Акрамя мясцовых падзеяў Наталля прапанавала абмеркаваць і насычанасць культурніцкага жыцця на нацыянальным узроўні.

На абмеркаванне, акрамя актывістаў, бізнесоўцаў, журналістаў, былі запрошаныя і прадстаўнікі адміністрацыі горада, але ніхто з чыноўнікаў не прыйшоў

На абмеркаванне, акрамя актывістаў, бізнесоўцаў, журналістаў, былі запрошаныя і прадстаўнікі адміністрацыі горада, але ніхто з чыноўнікаў не прыйшоў

Увогуле можна смела сказаць, што ў Беларусі апошнім часам праходзіць шмат разнастайных імпрэзаў: гэта і фэсты, і кірмашы, і розныя музычныя і фальклорныя імпрэзы, і яны ўжо складаюць пэўную канкурэнцыю адно аднаму. Адзін з удзельнікаў дыскусіі нават заўважыў, што ў гарадах, дзе ў параўнанні з Мінскам людзей значна меней, часам бываюць накладкі, калі ў адзін момант адбываецца два, а то і тры мерапрыемствы, якія было б цікава наведаць. І каб пазбегнуць такога, арганізатарам неабходна неяк сябраваць між сабою, загадзя дамаўляцца і інфармаваць іншых. У нечым такія прэтэнзіі былі выказаныя і ў бок дзяржаўных устаноў, але тут яшчэ размова зайшла пра напаўненне імпрэз. Дзяржаўныя культурніцкія арганізацыі ладзяць шэраг аднолькавых падзей, напрыклад, “Ноч музеяў”, у розных месцах. Яны праводзяцца па ўсёй краіне, але вельмі па-рознаму арганізаваныя: недзе па-сапраўднаму цікава і разнастайна, а дзесьці хутчэй “для галачкі”. Тое ж можна сказаць і пра асобныя “вялікія” імпрэзы кшталту Дзён горада: шмат у чым яны праходзяць даволі стандартна, без разнастайнасці. Ну і, зноў жа, не заўсёды надаецца ўвага не толькі грунтоўнаму папярэдняму інфармаванню, але і інфармацыйнаму суправаджэнню пасля падзеі, калі нешта значнае могуць асвятліць хіба што ў сціслым выпуску навінаў.

Іншы ракурс грамадскай актыўнасці (фота)

У выніку ўсе пагадзіліся, што ад красавіка да кастрычніка ў Беларусі адбываецца досыць насычаная і разнастайная культурніцкая праграма, прычым да культурных імпрэзаў можна дадаць не толькі кірмашы ці фестывалі ежы, але і спартыўныя падзеі для аматараў — велазаезды, розныя аўтамабільныя спаборніцтвы. Заўважна падвышаецца і ўзровень некаторых фэстаў: так, калі казаць пра святы традыцыйнай народнай культуры, то цяпер арганізатары вельмі патрабавальна ставяцца да выгляду ўдзельнікаў, афармлення пунктаў продажу, каб усё выглядала аўтэнтычна. Гэта вельмі важна, бо ствараецца адпаведная атмасфера, ды і турысты хочуць бачыць сапраўдную культуру, а не шырпатрэб. Толькі трэба “падцянуць” інфармацыйны складнік, нават тое ж “сарафаннае радыё”, бо звычайна ўсе дзеляцца сваімі ўражаннямі па заканчэнні — посцяць сэлфі, выкладаюць фотаздымкі, але далёка не заўсёды дзеляцца з сябрамі анонсамі мерапрыемстваў, а гэта таксама вельмі важна для пашырэння інфармацыі.

Сустрэчу Наталля падсумавала такой фразай: “Вельмі не падабаецца, калі я чую словы “ну, гэта ж Бабруйск”. Бабруйск — гэта мы з вамі. І калі кажуць, што недзе “там” адбываецца штосьці цікавае, а мы ж у Бабруйску, таму тут усё так сабе, я прапаную ўсім: давайце рабіць разам і якасна, давайце рабіць для сябе і для людзей, якія побач!”

Тэкст і фота – Алесь Сабалеўскі


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна

Дачок Яраслава Мудрага ў краінах, дзе яны былі каралевамі, шануюць. Ім прысвячаюць творы. Аднак ні Анастасія, ні Ганна...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень

На мінулым тыдні пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, віцебскаму арт-менеджару і музыку Уладзіміру Булаўскаму прызначылі...

valiancina_shauchenka
Каляндар

Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца....

valiancina_shauchenka
Кіно

«Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні». Рэжысёр Яўген Лыткін — пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы

Яўген Лыткін — беларус, які зняў трылер «Забароненая група», што здымаўся яшчэ да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Як у Нарвегіі правіла каралева Элізіф, альбо дачка Яраслава Мудрага Лізавета Яраслаўна
    Грамадства
    Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень
    Каляндар
    Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Кіно
    «Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні». Рэжысёр Яўген Лыткін — пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы
    Музыка
    Выйшаў новы альбом гурта Botanic Project «Музыка сфер»
    Грамадства Гісторыя
    Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    Адукацыя
    Больш чым проста мова. Захаванне беларускіх школ на Падляшшы можа стаць досведам для рэформы адукацыі ў Беларусі
    Грамадства
    No Fate! Перарабіць мінулае, каб змяніць будучыню?
    Гісторыя Кіно
    Беларуская батлейка: сціплае абаянне векавога мастацтва
    Культура
    Культура беларускай дудкі атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Мастацтва
    Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ
    Грамадства Літаратура
    Сабіна Брыло пра магчымасць паэзіі ў часы катастрофаў. Новы выпуск падкаста «Адкуль бяруцца кнігі»
    Грамадства
    Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    Гісторыя Асоба
    Генрык Дмахоўскі: скульптар двух кантынэнтаў, тройчы паўстанец
    Грамадства Музыка
    Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand

Афіша

  • 30.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Беларускае мастацтва ды культура ў часы несвабоды»: дыскусія ў Празе

  • 30.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 30.05 — 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 30.05 — 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 30.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 30.05Выстава Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча «ДЫЯЛОГІ» ў Вільні
  • 30.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 30.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Тэст: Пазнай гістарычны будынак па фотаздымку
    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Стэфан Баторый. Уладар, які асадзіў Івана Грознага
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип