Дубровенскія майстры аднаўляюць тэхніку вырабу цацак-свістулек, характэрную для гэтай мясцовасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік народнага клуба майстроў “Дубравушка” Дубровенскага раённага Дома рамёстваў Вольга Аляксеева.
Адна з майстрых клуба Людміла Чэрвінская крыху больш за год таму ўзялася за аднаўленне амаль страчанай традыцыі глінянай цацкі-свістулькі, якая ў перспектыве можа прэтэндаваць на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Дубровенскага раёна. Рэгіён славіўся глінянымі промысламі, былі кварталы з майстэрнямі. Тут жыла вядомы майстар Ганна Марачава, якая ўключана ў энцыклапедыі народнага мастацтва Беларусі як адна з апошніх майстрых, якія ўмелі рабіць такія цацкі. Яе працы – “марачаўскія” конікі, птушкі, паненкі і іншыя персанажы – славіліся далёка за межамі Віцебскай губерні. Калекцыі яе работ захоўваюцца ў музеях Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. “У нас у фондах, а таксама ў дамах старажылаў раёна захавалася некалькі яе свістулек, з якіх пачынала аднаўленчую працу Людміла Чэрвінская. Цяпер яна дае волю і сваёй фантазіі, але выконвае тую ж тэхналогію, захоўваючы характэрныя вонкавыя і гукавыя асаблівасці”, – патлумачыла Вольга Аляксеева.
Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука патлумачыла: “Гліняныя цацкі-свістулькі – не рэдкасць, але многія майстры не выконваюць традыцыю, а некаторыя і зусім бяруць тэхналогію з інтэрнэту. Напрыклад, сапраўдная дымкаўская цацка выканана цалкам згодна традыцыі, астатняе, хай і выглядае падобна, будзе падробкай “.
20 лютага ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё выставы “Россып таленту” ад народнага клуба майстроў “Дубравушка”. Увазе гледачоў прадэманстраваны лепшыя працы майстроў клуба па розных напрамках: лозапляценне, саломапляценне, аплікацыя саломкай і тканінай, вышыўка, вязанне, лапікавае шыццё, ткацтва, ганчарства, разьба і іншыя.
Кацярына Князева, БелТА