Дзеці Малога Егіпта: як цыганы з беларусамі ўжываліся

02.08.2022 Гісторыя

Нават у эпоху змрочнага Сярэднявечча i наступныя перыяды лiхалецця гэты вясёлы i адначасова гаротны народ не страцiў сваёй iснасцi, пранёсшы ўнікальныя рысы праз стагоддзі. Беларускія казкі і паданні, як не дзіўна, не малююць цыганоў выключна як адмоўных ці падступных персанажаў. Беларускія святочныя традыцыі, як, напрыклад, калядны цыкл, уключаюць вобраз цыгана як магутнага чараўніка, прыход якога трэба ўславіць і за тое атрымаць абарону дома і гаспадаркі ад бяды. У той час як па Еўропе кацiлiся рэлiгiйныя войны, нашым продкам i мігрантам-цыганам хапiла мудрасцi i абачлiвасцi, каб пазбегнуць крайніх праяваў ксенафобіі і варожасцi, захаваць гонар i паразуменне памiж прадстаўнiкамi розных этнiчных груп.


Вядома, што Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку) ставіўся з цікавасцю да звычаяў цыган, пад яго патранатам у Міры была заснавана рэзідэнцыя цыганскага караля. У СССР існавалі цэлыя цыганскія калгасы, а ў Віцебску ў 1930-я дзейнічала нават цыганская школа-сямігодка. Калі цыганы з’явіліся на беларускіх землях, прычым тут Егіпет, і як складваліся адносіны цыганоў з месцічамі скрозь стагоддзі, піша Змітро Пілецкі.

Графы, бароны і каралі Малога Егіпта

Упершыню цыганы, выхадцы з далёкай Індыі, зафіксаваны на тэрыторыі Еўропы ў ХІ-ХІІ стст., у межах Візантыйскай імперыі. Ад таго часу розным хвалям і розным групам цыганоў быў наканаваны няпросты (а часам і трагічны) лёс, часта з прымяненнем супраць чужынцаў сярэднявечных нормаў «баніцыі» (пазбаўленне ўсіх правоў) і пакаранняў інквізіцыяй. На думку сучасных даследчыкаў, найбольш верагоднымі шляхамі з’яўлення цыганоў на нашых землях і ў суседняй Польшчы былі кірункі з валашскіх княстваў, дзе іх навярталі ў фактычнае рабства, і з Нямеччыны, асабліва пасля антыцыганскіх законаў канца XV ст. — пачатку XVI ст.

mal_1_mapa.jpg
Мапа меркаваных шляхоў рассялення цыганоў у розныя стагоддзі (крыніца: Wikiwand)

Каб крыху панізіць градус ксенафобіі, новыя мігранты аб’яўлялі сябе паломнікамі з хрысціянскай краіны «Малы Егіпет», або збеглымі адтуль праз ганенні хрысціянамі. «Егіпет» цыганскай легенды, верагодна, знаходзіўся дзесьці на азіяцкай тэрыторыі Рамейскай (Візантыйскай) імперыі; з гэтым міфам звязаныя і назвы цыганоў у розных народаў: напрыклад, Roma, Gypsies, Барталамеус, «граф Малога Егіпта» (1472, Нямеччына), Эмаус, «валадар цыган» (1516, Вугоршчына) — адкуль такая важная тытулатура, зафіксаваная тагачаснымі крыніцамі? Дзеля стасункаў з афіцыйнымі ўладамі ў месцах свайго качавання водцам цыганскага племені трэба было неяк і пазначыць, і павысіць свой статус, у адпаведнасці з феадальнымі ўяўленнямі тагачаснага грамадства. А традыцыя апранання ў яскравыя, рознакаляровыя строі, аздобленыя залатымі і сярэбранымі ўпрыгожаннямі, у той час як хрысціянская царква (ды й дзяржава) змушала да аскетычнага жыцця простых тубыльцаў, хутка зрабіла вобраз цыганоў у свядомасці мешканцаў гарадоў і вёсак «людзьмі важнага гатунку».

mal_2_Spiezer_Schilling_749.jpg
 Цыганоў, прыбылых пад горад Берн у XV ст., храніст назваў «ахрышчанымі паганцамі». Цыганы з «Хронікі Дзіпольда» паўстаюць з «сарацынскімі» рысамі: цемнаскурымі, у адзенні і са зброяй у традыцыях Блізкага Усходу

Дарэчы, у польскую і старабеларускую мовы назва «цыганы» прыйшла з грэчаскай: у візантыйскіх крыніцах з ХІІІ ст. ужываўся тэрмін «аці(н)гане» (αθίγγανος, ατσίγγανος) — «недатыкальныя». Трэба адзначыць, што інстытут «цыганскіх каралёў» у Рэчы Паспалітай цалкам сфармаваўся толькі ў XVIII ст., а да таго зафіксаваныя лідары цыганскіх абшчын называліся сціпла — «старэйшыя».

Цыганы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай

Актам ад 25 мая 1501 г., які прыпісваюць вялікаму князю Аляксандру, згадваецца першы правадыр i старэйшы войт цыганоў Васiль, народу якога гаспадар Літвы надае «вольнасці на вечны час». Да гэтага дакумента, арыгінал якога не захаваўся, у даследчыкаў ёсць пытанні, бо ўпершыню яго выдаў Тэадор Нарбут, «знакаміты» тым, што часта выкарыстоўваў у сваіх працах фальсіфікаты, умысна або праз няведанне ўмоў іх стварэння. Ёсць меркаванне, што фальшывы акт быў замоўлены самой цыганскай абшчынай у XVIII ст., каб падмацаваць сваё прававое становішча.

mal_3_Cosmographiae_uniuersalis_(1552).jpg
 Цыганская сям’я. Мініяцюра да артыкула аб цыганах з «Сусветнай касмаграфіі» Мюнцэра (1552)

Першыя цыганы XVI ст. былі вандроўнымі, жылі ў буданах і намётах. Першая хваля магла з’явіцца ўжо ў XV ст., перамясціўшыся з поўдня, з Малдавіі праз заходнеўкраінскія землі. Пазнейшыя качавыя групы прыбывалі з Заходняй Еўропы праз польскія землі. Прычым з дакументаў можна меркаваць, што частка іх мела прывілеяваны статус, была на службе ў караля і не была такой беднай і маргінальнай, як пра гэта пішуць у папулярнай літаратуры. З 60 згадак пра цыганоў Рэчы Паспалітай у XVI ст. амаль палова звязана з імем Пятра з Раземберга, які прыбыў са сваёй групай з нямецкіх земляў; з астатніх запісаў толькі шэсць датычацца груп, а не асоб.

mal_4_namady_XIX.jpg
 Качавыя цыганы ў Беларусі. Пачатак Х Х стагоддзя. Фота з архіву музея этнаграфіі ў Пецярбургу. Што цікава, падобны класічны вобраз качавых цыганоў вярнуўся да нас толькі ў ХІХ ст. Прычым гэтыя цыганы, як на здымку, былі не «сваімі», а новай хваляй «прыбышоў», звычайна — з Бесарабіі і сённяшняй стэпавай Украіны

У дакументах другой паловы XVI ст. і больш позняга часу згадваюцца ўжо дзве катэгорыі цыган: аселыя і качавыя. Аселыя жылі сем’ямі або невялікімі групамі ў шляхецкіх уладаннях і гарадах, занятыя гандлем і рамяством. У дакументах ёсць згадкі аб гандлі цыганскімі коньмі і мене коней (г. зв. паменка), а таксама аб крадзяжы коней і варажбе як цыганскім рамястве — у асноўным гэта згадкі аб цыганах аселых, занятых працай з коньмі.

Вельмі цікавыя запісы аб цыганах качавых. Так, 26 лістапада 1533 г. у кнігі градскія Полацка ўпісана скарга полацкага мешчаніна «на цыган з Малога Егіпта аб прычыненні шкоды яго дому». 15 верасня 1539 г. у кнігу Гродна ўпісана скарга пана Мікіціна «намесніка пана Мікалаева Кунцэвіча на цыгана, які ўзяў у яго каня-храпуна і трымае яго».

mal_5_Gypsies_in_the_Market.jpg
Ганс Бургхамер. Цыганы на кірмашы. Каля 1510 г.

У сярэдзіне XVI ст. на шматлікіх соймах і ў Кароне і ў ВКЛ разглядалася пытанне аб мерах па ўтрыманні цыганоў на зямлі, прымушэнні іх да аселасці. Аднак нават перайшоўшы на рамесную вытворчасць, кірмашовы гандаль, да артыстычных заняткаў, цыганскія радавыя абшчыны не пераўтвараліся ў земляробаў, а фактычна працягвалі мабільны лад жыцця, хіба абмежаваны канкрэтным рэгіёнам.

mal_6_Cyhany Litwy.jpg
 Цыганы на Літве. Здымак з часопіса «Tygodnik Ilustrowany», Nr 2 за 1908 г.

Калі ў суседняй каталіцкай Польшчы галасы супраць цыганскага знаходжання на землях кароны ўздымаліся не толькі на соймах (баніцыйны закон 1557 г. аб «людзях непатрэбных»), але і інтэлектуальнай часткай грамадства (так, храніст Марцін Бельскі патрабаваў адсяліць цыганоў да татарскіх земляў), то ў разнаверным ВКЛ, нягледзячы на спробы прасунуць антыцыганскія пастановы як у Польшчы (арт. 35 радз. 14 Статута 1588 года паўтарае каронную пастанову), такой хвалі ксенафобіі не назіраецца.

mal_7_Statut_1588.png
Палажэнне Статута 1588 г. аб цыганах як «людзях непатрэбных», падобна, не надта выконвалася на месцах (і збольшага, верагодна, было інспіравана польскім бокам дзеля «гарманізацыі» заканадаўстваў дзвюх дзяржаў пасля уніі): дакументы не фіксуюць гучных спраў супраць цыганоў ці масавых выгнанняў іх з краіны. Тлумачыцца гэта можа тым, што цыганы не сяліліся на дзяржаўных землях і фактычна хутка абмежавалі свае міграцыі гарадскімі акругамі і прыватнымі валоданнямі магнатэрыі

Пад 1658 г. у гродзенскай кнізе пазначана аб вызваленні цыган, якія просяць міласціну, ад падатку. Як паказвае практыка, цыганы служылі і ў войску: у 1568 г. Гродзенскі сойм пастанавіў, што кожны, хто імкнецца пайсці на вайну, у тым ліку і цыганы, павінны з’явіцца да гетмана збройным, верхам на кані або пешым; хто будзе адважна ваяваць, атрымае ўзнагароду.

У дакументах XVII ст. цыганы згадваюцца ў многіх раёнах, перш за ўсё на ўскраіне мястэчак Нясвіжа, Міра, Слоніма, Смаргоні, Ліды і інш. Паступова яны абжывалі тэрыторыі ў ваколіцах Вільні, Мінска, Барыслава, Віцебска і Слуцка. Абавязкі гэтых гарадоў з магдэбургскім правам і самакіраваннем зводзіліся да выплат пошлін у дзяржаўную казну, у тым ліку на ваенныя патрэбы. У такіх гарадах захоўвалася роля сходу гараджан, гарадское жыццё часта цэнтравалася вакол невялікіх мясцовых рынкаў для гандлю і абмену. Міграцыі цыганскіх абшчын у прыгарадскіх межах дазвалялі апошнім захоўваць традыцыйную гаспадарча-культурную мадэль.

mal_8_Cyhan_Kraszeuskaga.jpg
 Цыган. Малюнак Юзафа Крашэўскага (1786/9−1864).

У XVII-XVIII стст. скаргі цыган у гарадскіх судах разглядаліся ў агульным справаводстве, як дастаткова інтэграванай часткі грамадства. Напрыклад, у 1663 г. цыган Пётр Лукашэвіч паскардзіўся ў Мсціслаўскі гарадскі суд на цыгана Марка Расланковіча за два разбойніцкія наезды на яго двор. У 1707 г. у гарадскім судзе Кобрына разглядалася скарга цыганкі на цыгана аб пабоях і разбоі.

mal_9_cyhanka Alximowicza.jpg
 Цыганка. Палатно Казіміра Альхімовіча, 1840-я гг.

Некаторыя цыганы наймаліся на службу да шляхты і магнатаў. Цыганскія абшчыны фіксуюцца на землях Радзівілаў і Сапегаў, Сангушкаў і Агінскіх — фактычна, ува ўладаннях усёй вялікалітоўскай магнатэрыі, а пазней — і драбнейшай шляхты. На Гарадзеншчыне, у маёнтку каралеўскага каморніка Мацвея Быстрыцкага служыў цыган Бубянец. У яго абавязак уваходзіла аб’язджаць маладых коней. Актыўнае згадванне аб гандлі коньмі і канавальстве ў ВКЛ і шырокі спектр заняткаў цыган сведчаць аб пераходзе да мабільнай аселасці з маятнікавай міграцыяй па замацаванай за групай цыганоў тэрыторыі.

mal_10_Cyhany_Barouskaha.jpg
Цыганы. Малюнак Каспара Бароўскага (1785−1854), мастака з Гарадзеншчыны

У XVIII ст. цыганскае паселішча ў мястэчку Мір знаходзілася на землях нясвіжскіх Радзівілаў. Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку) ставіўся з цікавасцю да звычаяў цыган, якія ён спрабаваў узаконіць, а таксама даць дадатковыя прывілеі цыганам, у прыватнасці на свабодны гандаль, у ваколіцах Нясвіжа і Міра, якія ў тыя часы, знаходзячыся на буйных гандлёвых шляхах, былі месцам правядзення маштабных кірмашоў. Пад яго патранатам у Міры была заснавана рэзідэнцыя цыганскага караля (старэйшыны), якому ставілася ў віну судовая функцыя і збор падаткаў каралеўскай канцылярыяй.

Ян Казімір зацвердзіў цыганскім каралём Мацеша Каралевіча. У дакументах згадваюцца імёны такіх цыганскіх каралёў, як Дзевалтоўскі, Жуліцкі, Багуслаўскі, Міласніцкі, Марцінкевіч.

mal_11_cyhany_Moniuszki.jpg
Партрэт цыганкі (1888) і партрэт цыгана (1888) пэндзля Яна Станіслава Манюшкі (1853−1908), сына кампазітара Станіслава Манюшкі

Захавалася паданне пра двух цыганскіх каралёў: Гедройца (1767 г.) і Якуба Знамяроўскага, які ў 1780−1795 гг. быў цыганскім каралём у Лідскім павеце і насіў тытул «цыганскага караля Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы» і вызначаўся дэспатызмам. Шырокую вядомасць меў цыганскі кароль Ян Марцінкевіч («баця Ян»), які кіраваў з 1778 па 1790 гг. У прыватнасці, Ігнатам Данілавічам быў прыведзены «Ліст пратэкцыі цыгану Яну Марцінкевічу, старэйшаму, мешчаніну і абывацелю горада Міра», дадзены ў Новым Нясвіжскім замку ў 1778 г. «Ён жыў у мястэчку Мір і любіў раскошу і ва ўсім імкнуўся ўспадкаваць Пане Каханку: пабудаваў маёнтак, ездзіў на пазалочанай карэце, запрэжанай 12 коньмі». Марцінкевіча ўсюды суправаджала шматлікая світа, нібы самога Радзівіла, ён ладзіў балі, на якіх прысутнічалі Радзівілы і іншыя прадстаўнікі шляхты. Пасля смерці Яна Марцінкевіча гэтая пасада перайшла да яго сына, які праз некаторы час з групай цыганоў эміграваў у Асманскую імперыю.

У снежні 1791 г., усяго праз 7 месяцаў пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая, на аснове пастановаў сейма і Канстытуцыі быў выдадзены ўніверсал аб цыганах у Рэчы Паспалітай, які падпісаў сакратар свецкі літоўскі, маршалак каронны і літоўскі Міхал Вандалін Мнішэх. Згодна з ім, перасталі дзейнічаць антыцыганскія пастановы 1557, 1565 і 1578 гг.

Цыганы як аб’екты і творцы мастацтва

Радзівілы і Сапегі запрашалі цыган-цымбалістаў у свае палацы граць і танчыць. У ВКЛ цыгане заваявалі прызнанне як добрыя кавалі, каняводы, спевакі, дрэсіроўшчыкі звяроў, ювеліры, музыканты, танцоры.

mal_12_Miadzwezha_akademija.jpg
Смаргонская акадэмія. Дрэварыт з французскага часопіса «Le Monde Illustre», 1865 г.

Заслугоўвае ўвагі (і далейшага вывучэння) гісторыя Смаргонскай акадэміі — школы дрэсіроўкі мядзведзяў у беларускім мястэчку Смаргонь, дзе вучылі і падрыхтоўвалі мядзведзяў, з якімі пазней цыганы-мядзведнікі Літвы, Беларусі, Польшчы хадзілі па розных краінах. Так, пры Пане Каханку дрэсіравалі да 10 мядзведзяў і некалькі малпаў. Памяць пра смаргонскіх мядзведзяў і радзівілаўскія звярынцы захавалася ў тубыльцаў амаль да нашых дзён. Прыбытак ад перасоўнага цыганскага цырка з мядзведзямі быў даволі стабільны, цыганская абшчына атрымоўвала па гарадах і мястэчках то грошы, то ежу, то рэчы. Пра такі лад жыцця захаваліся мясцовыя прымаўкі: мядзведзя вадзіць — то не зямлю араць, або мядзведзь танчыць — цыгану на сала вязе.

Пералом XVIII-XIX стст. — гэта важны этап новага еўрапейскага гуманізму, эпохі Асветніцтва, і зараджэння этнаграфіі менавіта як навукі. Цікавасць да народаў, якія засяляюць родныя землі, іхны побыт, культура, мова, светаўспрыманне наклалі свой адбітак і на культуру і на мастацтва «тытульных» народаў Еўропы. Не выключэнне ў гэтым працэсе — і землі Рэчы Паспалітай.

mal_13_Cyhanie_Kniaznina.jpg
 Опера «Цыганы» на лібрэта Францішка Князьніна і музыку Міхала Клеафаса Агінскага ставілася ў Слонімскім тэатры Агінскіх (1786)

Польскамоўны паэт, драматург і перакладчык з Віцебшчыны, Францішак Дыянізы Князьнін (1750−1807), працаваўшы на стыку каштоўнасцей ракако і сентыменталізму, фактычна быў адным з першых, хто ўвёў вобраз цыгана ў айчынную музыку. Прычым досвед Князьніна быў настолькі ўдалы (ён збіраў фальклор і нават выкарыстоўваў прастамоўныя выразы ў сваіх п’есах, а верш «Кросенкі» ператварыўся ў народную песню), што пакінуў падмурак для наступнай генерацыі дзеячаў культуры, у тым ліку — натхніў Станіслава Манюшку на ягоную «Яўнуту» («Цыганка») у 1852 г.

Пад пільным позіркам навукі: цыганы ў ХІХ ст.

Этнаграфічныя апісанні цыган на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца ў 1820-я гг. у рэчышчы навуковых светапоглядаў эпох Асветніцтва і Рамантызму. Перш за ўсё, гэта спецыяльныя працы Ігнацыя Даніловіча «О Cyganach. Wiadomosc historyczna» (1824) і Тэадора Нарбута «Rys historiczny ludu cyganskego» (1830). У навуковых працах ХІХ ст. з’явіліся і першыя малюнкі і фотаздымкі прадстаў¬нікоў этнічных меншасцей нашага краю.

mal_14_Cyhany Danilowicza.jpg
 Лекцыі Даніловіча — фактычна першая айчынная навуковая праца аб цыганах

Мікалай Анімеле з Віцебшчыны ў адной з самых ранніх прац аб традыцыйнай культуры беларусаў апісаў практыку сялян звяртацца па варажбу да цыганак, якія за вялікую ўзнагароду і праз маніпуляванне падманваюць іх. Аднак аўтар падкрэсліваў, што з кожным годам такое легкаверства змяншаецца.

Даволі часта ўзгадваў цыган у сваіх падарожных нататках П. М. Шпілеўскі, адным з першых пераказаўшы наратыў аб цыганскім каралі ў Міры і яго выбарах («Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»). Шпілеўскі апісаў знешнасць, асноўныя заняткі цыганоў, аднак зрабіў гэта ў такім каланіяльным стылі, што складаецца ўражанне, што сам ён уласна з імі не кантактаваў, а калі і бачыў, то толькі здалёк: «Жывучы качавым ладам, яны падобны да дзікуноў».

mal_14_Vicebckija cyhany.jpg
Табар цыган (мяркуецца, вугорскія ловар'і) з ваколіц Віцебска, 29 сакавіка 1894 г. Атэлье фатографа Аляксандра Брааца (крыніца: www.kulturom.ru)

Семянтоўскі падаў статыстычныя даныя па Віцебскай губерні, налічыўшы 177 цыган («Этнографический обзор Витебской губернии», 1872). Ён адзначае цікавы момант, звязаны з рэлігійнасцю цыган, фіксуючы, што частка з іх мае каталіцкае веравызнанне. Таксама ён паўтарыў існыя негатыўныя этнічныя стэрэатыпы: «Як мужчыны, так і жанчыны гэтага племені, схільныя да вараўства, п’янства, а апошнія да распусты ў самых цынічных формах». Таксама ён звярнуў увагу на выкарыстанне паміж сабой цыганскай мовы, але і веданне рускай.

mal_15_Lepelski cyhan.jpg
Цыган з Лепельшчыны. Фота канца ХІХ — пач. ХХ ст. (крыніца: www.kulturom.ru)

Магілёўскі губернатар Аляксандр Дэмбавецкі ў маштабнай працы «Опыт описания Могилевской губернии…» (1882−1884) даў падрабязную інфармацыю аб тубыльскіх цыганах — іх антрапалагічнае апісанне, формы рэлігійнасці, жыллё, ежу і адзенне. У адрозненне ад Шпілеўскага, які апісвае іх як жабракоў і абарванцаў, у Дэмбавецкага яны маюць нармалёвае адзенне. Пры апісанні комплексу ежы ён падаў інфармацыю аб ужыванні цыганамі падалі на падставе прынцыпу: «…паўшую жывёлу Бог забіў». Аўтар вельмі падрабязна патлумачыў заняткі цыган на простых жыццёвых гісторыях, чаго таксама не знайсці ў іншых этнографаў і краязнаўцаў. Таксама Дэмбавецкі апісаў абрады сямейнага цыклу — радзіны, вяселле і пахаванне.

mal_16_Cyhany_Senenskija.jpg
 Цыганы Сенненскага павета Магілёўскай губерні, 1900-я гг. З фондаў БДАКФФД у Дзяржынску

Магілёўскі этнограф Павел Шэйн занатаваў некалькі казак пра цыган («Мужык, цыган і немец», «Цыган і поп», «Мужык і цыган», «Цыган і селянін», «Цыган і гаспадар»), у якіх у гумарыстычнай форме адлюстравана мадэль цыганскай хітрасці, якой трэба баяцца беларусу.

Этнограф з Гомельшчыны Еўдакім Раманаў у аглядзе Віцебскай губерні зрабіў шмат смелых для свайго часу і карысных для навукі высноваў пра цыганоў: так, ён лічыў немэтазгодным палітыку асаджэння цыган: «…натуральных качэўнікаў, перанёсшых 800 гадоў ганенняў, нельга адразу зрабіць земляробамі. Гісторыя паказвае нам, што пераход чалавека з адной стадыі развіцця да другой патрабуе працяглых перыядаў…». А наступны ягоны ліберальны погляд нават сёння не ўсе падзяляюць: «…у адносінах да гэтага народа мы неправыя. Цалкам не ведаючы і не імкнучыся зразумець гэтую нацыю, на падставе адзінкавых фактаў, мы вырашылі, што яны злодзеі, ілгуны, прызвычаіліся бачыць толькі дрэнныя іх бакі, ігнаруючы добрыя, і напрыканцы зусім адвярнуліся ад гэтага не без здольнасцей племені. Зразумела, што яны плацяць нам той самай манетай…».

mal_17_Cyhanka_lepelskaja.jpg
Цыганка Лепельскага павета. Пачатак Х Х ст. Фота з архіву музея этнаграфіі ў Пецярбургу

Этнограф Кірыла Анікіевіч, апісваючы цыган Сенненскага павета, таксама ўжо пазбаўлены этнічных стэрэатыпаў: «Пры барышніцтве цыгане праяўляюць выдатную знаходлівасць, калі-нікалі падманваюць, што аднак характэрна не толькі цыганам, а ўсім барышнікам…». Аўтар падкрэслівае, што мясцовыя сяляне паблажліва адносяцца да цыган, прыгаварваючы: «Цыган не паган, толькі цела закапцела». Ён адзначаў, што адбывалася паступовая метысацыя цыган праз змяшаныя шлюбы, а таксама знікала традыцыйнае адзенне.

mal_18_Cyhany_Anikiewicza.jpg
 Магілёўскія цыганы. Здымак з кнігі Анікіевіча (Аникиевич, К. Т. Сенненский уездъ Могилевской губернии. Опытъ описания в географическом, историческом, этнографическом, бытовом, промышленном и статистическом отношениях. — Могилевскiй губернскiй статистическiй комитетъ, 1907)

У 1911 г. вядомы этнограф А. К. Сержпутоўскі ў сборніку казак беларусаў-палешукоў надрукаваў некалькі з іх пра цыган («Цыган», «Мужык і цыган»), у якіх беларусы таксама трапна акрэслівалі іх схільнасць да хітрыкаў.

mal_19_Cyhany Bulhaka.jpg
 Сям’я цыганоў з-пад Мінска. Здымак Яна Булгака для часопіса «Litwa і Rus» (1912)

Цыганы на сучасным этапе

Апошняя хваля цікавасці да гісторыі і этнаграфіі цыганоў сышла з пачаткам Першай сусветнай вайны. У Савецкай Беларусі фактычна апошнім навуковым выданнем пра жыццё цыганоў стаў артыкул у часопісе «Наш край» (1926).

mal_20_cyhany_minskija.jpg
Цыганы з-пад Мінска. З артыкула Зміцера Даўгялы «Цыганы на Беларусі» ў часопісе «Наш край», 1926 г.

У 1927 г. у Віцебскім раёне быў створаны першы ў СССР цыганскі калгас «Новае жыццё», а ў Жлобінскім раёне быў хутка створаны другі. У 1928−1932 гг. на аснове паўночнага дыялекту была аформлена цыганская пісьменнасць, пачалі выходзіць кнігі і часопісы. У 1930-я ў Віцебску дзейнічала цыганская (адзіная ў БССР) школа-сямігодка.

mal_21_cyhanski kalhas.jpg
 Калгас «Праца цыган» на Жлобіншчыне. Здымак з часопіса «Беларуская работніца і сялянка», № 23, 1931

Са згортваннем палітыкі беларусізацыі і пачаткам масавых рэпрэсій у БССР тэма беларускіх цыганоў прапала з відавоку амаль на 70 гадоў.

Падчас Другой сусветнай вайны цыганы Беларусі, у адпаведнасці з нацысцкай ідэалогіяй, жорстка знішчаліся ў канцлагерах.

mal_22_cyhanski_Brown_triangle.jpg
Карычневым трохкутнікам нацысты пазначалі цыганоў у канцлагерах. Так, у малавядомым на сёння Колдычаўскім лагеры Баранавіцкага раёна было знішчана каля 22 тыс. чалавек нацыянальных меншасцей, з іх не меней за 200 цыганоў

Пасля прыняцця закона 1956 г. «Аб далучэнні на працы цыганаў, якія займаюцца бадзяжніцтвам» цыганоў сілком далучалі да аселага ладу жыцця, але яны імкнуліся і ў гэтых умовах утвараць клана-родавыя паселішчы. У выніку з’явіліся некалькі кампактных цыганскіх паселішчаў — Паўночны пасёлак у Мінску, Калодзішчы і Ратамка пад Мінскам, Цітаўка ў Бабруйску.

mal_23_cyhany_stat.jpg
Дынаміка цыганскага насельніцтва Беларусі за 1897−2009 гг. і даныя перапісу 2009 г. (даныя ўзятыя з адкрытых крыніц)

Беларускiя цыганы да сёння здолелi захаваць свае звычаi, мову, адзенне, музыку i спевы з танцамi. Большасць з «тутэйшых» цыганоў маюць працу і сталае жыллё; нягледзячы на спецыфічнае выхаванне, значная колькасць цыганскіх дзяцей ходзіць у школу; цыганскія абшчыны ствараюць і падтрымліваюць нацыяльна-культурныя арганізацыі і гурткі. Часта аселых беларускіх цыганоў блытаюць з вандроўнымі бесарабскімі (і расійскімі) цыганамі, якія з’явіліся ў часы савецкай «перабудовы» і пазней, у 1990-я гады, прынесшы за сабою і хвалю крымінальнасці. Трэба адзначыць, што ў беларускіх цыганоў інстытут «каралёў» фактычна ў заняпадзе, хаця цыганскі суд і родавыя сувязі ўсё яшчэ захоўваюцца. Галоўнае, што стаўленне да цыганскіх абшчын у Беларусі фармуецца не на плётках, прыдумках ці міфалагемах, але ў працэсе непасрэдных кантактаў з імі, адсюль традыцыйна нізкі ўзровень беларускай ксенафобіі.

Асноўныя крыніцы малюнкаў і тэкстаў

Wikimedia, cyfrowe.mnw.art.pl, polona. pl, kulturom.ru
Ficowski, Jerzy. Cyganie w Polsce. Dzieje i obyczaje
Pod wspólnym niebem. Narody dawnej Rzeczypospolitej / pod red. Michała Kopczyńskiego i Wojciecha Tygielskiego. — Muzeum Historii Polski, Warszawa, 2010
Даўгяла, Д. Цыганы на Беларусi // Наш край. 1926. № 12
Зиневич, Наталья. Институт цыганских королей в Речи Посполитой