Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк падчас творчай вандроўкі наведалі Лагойскі і Уздзенскі край 6 і 7 траўня.
Сваімі ўражаннямі ад двухдзённай літаратурнай “адысеі” падзяліўся Эдуард Акулін: “Лагойшчына – наш улюбёны куток Беларусі. Мы ўзялі за мэту выступіць у кожнай школе Лагойскага раёну і яшчэ да канца гэтага году пастараемся яе ажыццявіць. А вось на Уздзеншчыну – радзіму Пятра Глебкі, Паўлюка Труса, Кандрата Крапівы – мы завіталі ўпершыню. І не пашкадавалі: цёпла і гасцінна нас сустракалі і ў Хатлянскай сярэдняй школе, у цудоўным навучальным комплексе вёскі Дзешчанка і ў Азяроўскай сярэдняй школе”.
Асабліва запамінальнай для паэтаў стала сустрэча ў вёсцы Хатляны, дзе пасля літаратурнай часткі гасцей пазнаёмілі з экспазіцыяй школьнага музея. “Яго экспанатам, такім, як каменная саха, пазайздросціў бы любы еўрапейскі музей”, – адзначыў Эдуард Акулін.
Усе сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”