Францыск Скарына – зорка першай велічыні

Паэтэсы Валянціна Осіпава і Вера Буланда выступілі ў СШ №3 г. Бяроза Брэсцкай вобласці 17 лістапада 2017 года.

Сустрэчу з дзесяцікласнікамі пачала Валянціна Осіпава віктарынай “Геній Скарыны”. Адказваючы на пытанні, вучні адзначылі, што Францыск Скарына з’яўляецца зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры.

Вучні распавялі, што Скарына спачатку атрымаў у Кракаве ступень бакалаўра — першую вучоную ступень у сярэдневяковых еўрапейскіх універсітэтах. Затым у 1512 г. паспяхова здаў экстэрнам экзамен на званне доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

Спадарыня Вера Буланда дапоўніла адказы яшчэ адным важным фактам: яго партрэт, створаны ў сярэдзіне XX ст., знаходзіцца ў мемарыяльнай зале сярод 40 партрэтаў знакамітых еўрапейскіх вучоных, што выйшлі са сцен Падуанскага ўніверсітэта. Ф. Скарына меў таксама ступень доктара вольных навук, якія вывучаліся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах. Вынаходніцтва каля 1440 г. кнігадрукавання – “мастацтва з усіх мастацтваў, навукі з усіх навук”, як назваў яго “бацька” кнігадрукарства немец Ёхан Гутэнберг, з’яўляецца адным з найвялікшых дасягненняў чалавечай цывілізацыі.

Таму і прыгадаліся вядомыя радкі Максіма Багдановіча:

Псалтыр, пакрытую няжорсткай,

бурай кожай,

Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў,

Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай

І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Спадарыні Буланда і Осіпава чыталі і свае вершы, распавялі пра кнігі, выдадзеныя імі на працягу жыцця. І, вядома, выказвалі ўдзячнасць славутаму земляку, які, відаць, яшчэ ў Кракаве нарадзіў высакародную задуму – даць і свайму народу друкаваную кнігу, прычым на яго ж роднай мове.

І ў гэтым яго вялікая заслуга перад сваім народам і перад усім славянскім светам. Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і стаў яе сімвалам.

Мудрасць здолее ў цемры свяціць.

Загад продкаў у сэрцах не згіне!

Будзем думаць, вучыцца: тварыць

Так, як ты, у сваёй мове, Скарына.

Ларыса Геніюш

Актыўным удзельнікам размовы і віктарыны ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі ўручаны падарункі: торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, плакаты “500-годнасць першадруку”.