Мінскі гадзіннікавы завод выпусціў гадзіннікі-аднастрэлачнікі з выявамі мінскіх панэлек, пабудоў 50-х гадоў і Траецкага прадмесця на цыферблатах. Калі ў вас ёсць гадзіннік «Луч» з любой калекцыі, то можна паўдзельнічаць у челендже ад завода і атрымаць гадзіннік-аднастрэлачнік «Must Art. Аблічча Мінска» бясплатна, піша citydog.io.
«Must Art. Аблічча Мінска» — лімітаваная калекцыя, прысвечаная архітэктуры Мінска. У яе ўваходзяць тры мадэлі гадзінніка.
«Панэлька»
«Траецкае»
«Сталінка»
Кожнай мадэлі выпушчана па 100 штук. «Сэрцам» гадзіннікаў з’яўляецца легендарны механізм завода — «1801».
Дызайнерка цыферблатаў — Ліза Хіхлушка, якая стала пераможцай конкурсу маладых мастакоў MUST ART 2023. Гэты конкурс штогод праводзіць Мінскі гадзіннікавы завод. Пераможца конкурсу быў аб’яўлены ў красавіку, і вось зараз Мінскі гадзіннікавы завод адкрыў перадзамову на гадзіннік з дызайнам мастачкі.
Чытайце яшчэ: Вы сапраўды такія захочаце купіць! Мінская мастачка намалявала гарадскія панэлькі і сталінкі. Цяпер з імі выпусцяць гадзіннік
Аформіць перадзамову на гадзіннік можна на сайце. Старт продажаў — 21 жніўня 2023-га. Кошт — 157 еўра.
Але можна і выйграць іх бясплатна. Для гэтага трэба сфатаграфавацца каля будынка з новай калекцыі гадзіннікаў у любімым гадзінніку брэнда «Луч», выкласці фатаграфію ў сваім інстаграм-акаўнце ў сторыс і адзначыць акаўнт @luch.official.
Аўтар лепшай фатаграфіі ў якасці падарунка атрымае гадзіннік з лімітаванай калекцыі «Must Art. Аблічча Мінска».