Актор Юрый Жыгамонт, старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч і каардынатар кампаніі “Будзьма!” Ігар Лялькоў выступілі перад бібліятэкарамі Чэрвенскага раёну. 10 сакавіка ў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы (Мінская вобласць) вядучы тэлеперадачы “Падарожжы дылетанта” Юрый Жыгамонт прэзентаваў публіцы адну з перадачаў цыклу “Падарожжы дылетанта” — “Мядзведзічы” і адказаў на шматлікія пытанні аўдыторыі. Асабліва публіку цікавілі прычыны такой актыўнай дзейнасці актора ў галіне захавання культурнай спадчыны Беларусі. Як зазначыў Юрый Жыгамонт, гэтая пазіцыя — звычайная для кожнага чалавека, які нарадзіўся на Беларусі і лічыць сябе патрыётам.
Асноўная мэта сустрэчы – абмеркаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Ігуменшчыны і праблемаў яе захавання.
Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч выступіў з лекцыяй, прысвечанай каштоўнасцям гістарычнай Ігуменшчыны і перспектывам іх інтэрпрэтавання. Падчас выступу ён надаў асаблівую ўвагу такім помнікам, як сядзібна-паркавыя комплексы ў старажытных мястэчках Раванічы і Смілавічы і гістарычнай забудове Чэрвеня.
Падчас мерапрыемства была таксама прэзентаваная кампанія “Будзьма!”. Каардынатар кампаніі Ігар Лялькоў распавёў пра мэты і задачы кампаніі і заклікаў прысутных да актыўнага ўдзелу ў яе акцыях.