Што робяць сучасныя “кніжныя” мамы (а такіх у Мінску шмат!), каб матываваць (а не прымусіць) сваіх дзяцей адкрыць кнігу – але не на планшэце, а сапраўдную, папяровую, з цікавымі ілюстрацыямі і старонкамі, што пахнуць друкарскай фарбай. Ды ўсё што заўгодна! Выходзяць чытаць на вуліцы, прыдумваюць камерныя спектаклі па матывах сучасных казачнікаў, ствараюць улюбёных персанажаў з гліны, пап’е-машэ і воўны.
Ужо трэці раз бацькоў і дзяцей, што любяць чытаць, аб’яднаў фестываль “Горад і кнігі”, які сёлета ператварыўся ў “Горад і Кнігі на лаўках”: пляцоўкі фэсту размясціліся ва ўтульным дворыку БНТУ. Атрымаўся сапраўдны кніжны опэн-эйр. Дзеці, бацькі, паветраныя шары, музыка, тэатр і кнігі . Праграма фэсту ўразіла сваёй напоўненасцю, шыкоўным падборам беларускіх экспертаў і замежных гасцей, а яшчэ нейкай своеасаблівай душэўнасцю. Вось пад гітару Лёні Паўлёнка з “Нагуаля” песні на вершы дзіцячых паэтаў спяваюць акторкі бэбі-тэатра “Бусы”. Дзеці смяюцца, танцуюць і паўтараюць словы песні пра птушку-птэрадактыля. У гэты час у намётах выдавецтваў таксама шмат цікавага: рэпрынты савецкіх кніг распрадаюць за капейкі, на стэндзе з літаратурай пра свет і жыццё асаблівых дзяцей ствараюць дрэва са шматкаляровых адбіткаў пальцаў. На старонках агромністай вязанай кнігі ад клуба аматараў вязання Zabombi.by дзеці і дарослыя вышываюць добрыя словы. Сябры беларускага фандому “Уладар пярсцёнкаў” правяраюць усіх ахвотнікаў на прыналежнасць да оркаў і эльфаў.
Арганізатары сямейнага фэсту BOOKIDS сумясцілі файную рэлакс-зону з мяккімі крэсламі для бацькоў і арт-пляцоўку для дзяцей. На велізарным папяровым палатне за два дні літаральна з нічога вырас цэлы папяровы горад – са сваімі вуліцамі, скрыжаваннямі, крамамі і шматкаляровымі дамамі. Непадалёк ад папяровага горада адкрылася выстава hand-made герояў з сучасных кніг “Усмешлівыя дзівы”. Кампанію персанажам “Соннай кнігі” японца Іль Сунг На, кацяняці Шмяку, Кіту, які плыве на поўнач, “Прстодурсену” ды іншым склалі героі беларускіх аўтараў: вожык, які не стрыжэцца, Алеся Пісьмянкова, Лэхнэска Алены Масла.
Беларуская праграма на фестывалі ўвогуле прыемна ўразіла: і колькасцю, і якасцю. Вандроўка ад праекта “Казачкі бай!” пачалася ў бясконцым космасе з мільярдамі зорак, прайшла праз усе магчымыя месцы нашай планеты і скончылася ва ўтульным акенцы самай звычайна хаткі. Маленькія гледачы пазнаёміліся з дзяўчынкай Вітай і рознакаляровымі чалавечкамі, даведаліся, хто малюе белыя крэскі на дарогах і запальвае ліхтары ў горадзе. Акторы праекта “Альтанка для чытанкі” прачыталі казку Міры Лобэ “Маленькае Я – ГЭТА Я”. Надзея Ясмінска праз казку растлумачыла дзеткам, як лепей зразумець родную мову. З аншлагам прайшоў лялечны спектакль ад тэатрыка “Лямцавая батлейка” “Хутчэй, Мама Му” (пераклад са шведскай на беларускую Надзеі Кандрусевіч). Для старэйшых тэатралаў-кнігалюбаў Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова з “Лямцавай батлейкі” прачыталі “Піпі ў школе”.
Пакуль дзеці чыталі казкі, дарослыя удзельнічалі ў віктарыне ад Ганны Севярынец, аўтаркі кнігі “Дзень Святога Патрыка”: спачатку згадвалі аўтараў тэкстаў вядомых беларускамоўных песень (напрыклад, “Завіруха” Генадзя Бураўкіна), а потым адгадвалі байкера Багушэвіча і хіпстара Коласа, па-дызайнерску “асучасненых” гарадзенцам Аляксандрам Перагудавым (праект “Падарожнікі ў часе”).
Запрошаны госць з Расіі, навуковы журналіст Аляксандр Панчын расказаў, чаму людзі вераць у паранармальныя з’явы; што агульнага паміж праблемнай гульнявой залежнасцю, бояззю перапрацаванай вады і ГМА, непрыманнем швэдра, які насіў Гітлер, і верай у гамеапатыю; што такое законы магіі і як яны пануюць над нашым мысленнем.
Адборны навукпоп без падману, фарбавальнікаў і ГМА быў сабраны ў “Курилке Гутенберга”. Зміцер Быліновіч, студэнт БДУ, паспрабаваў зазірнуць пад капот Deus ex machina і паразважаць на тэму магчымасцяў штучнага інтэлекту – ці не знішчыць ён нас з часам? Папулярызатар навукі Віктар Шаленчанка расказаў, ці варта асцерагацца Е-дадаткаў, верыць налепкам “Без ГМА” і якія з натуральных памідораў мы можам есці дзякуючы радыяцыі. А Зміцер Маклакоў расказаў пра будучыню электрамабіляў.
І, канечне, шмат калялітаратурных дыскусій. Творчыя сустрэчы і майстар-класы правялі вядомы журналіст, таленавіты педагог, аўтар папулярных кніг па выхаванні дзяцей Марына Арамштам і дзіцячая паэтка Настасся Арлова.
І вось не паверыце – гэта ўсяго толькі маленечкая частка з праграмы фэсту, які сёлета – можна сказаць, упэўнена – стаў моцным міжнародным кніжным опэн-эйрам.
Кася Кірпацік, фота Зарыны Кандрацьевай