Мала хто ведае, што свой верш на музыку паланэза Агінскага напісаў і вялікі Уладзімір Караткевіч. Той тэкст амаль забыты, але які ж ён актуальны! Піша Валянціна Андрэева на старонках «Нашай нівы».
Тэкст на гэтую мелодыю замовіў Караткевічу хор горада Смаргонь да 200-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага — гэта значыць, у 1965 годзе.
Цікавасць смаргонцаў менавіта да Агінскага тлумачылася вельмі проста: ён быў іх земляком, бо меў радавую сядзібу ў Залессі цяперашняга Смаргонскага раёна.
Тое, што вырашана было звярнуцца менавіта да Караткевіча, таксама было, відаць, невыпадковым: усё ж такі гістарычная тэматыка была «спецыялітэтам» любімага народам аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» і іншых папулярных твораў (вялікі артыкул Андрэя Скурко пра Уладзіміра Караткевіча чытайце ў № 12/2019 «Нашай гісторыі»).
Працаваў над тэкстам Караткевіч з характэрнай для сябе заўзятасцю.
Ён пастанавіў для сябе пісаць тэкст, слухаючы музыку. А паўстагоддзя таму гэта было зусім не так проста, як цяпер, калі досыць адкрыць YouTube. Нават прайгравальнік для пласцінак быў тады не ў кожным доме.
Каб найграваць сабе паланэз, Караткевіч ездзіў да свайго сябра Язэпа Хаўратовіча, што жыў каля цяперашняй плошчы Незалежнасці, на Савецкай.
Уладзімір Караткевіч і Лявон Баразна на кухні той самай кватэры Язэпа Хаўратовіча на Савецкай. Фота з кнігі ўспамінаў пра Лявона Баразну «Як рыцар у кальчузе», якая цяпер рыхтуецца да друку ў выдавецтве «Тэхналогія».
Хаўратовіч вядомы як гісторык, які ў той час працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ (так званым Гістпарце), а пасля амаль 30 гадоў аддаў працы ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», стаў адным з ягоных твараў. З Караткевічам ён пазнаёміўся праз добрага сябра апошняга, мастака Лявона Баразну, які ў 1972 годзе трагічна загінуў пры да сёння не высветленых абставінах. Ёсць цалкам верагодная версія, што да гэтага прыклалі руку супрацоўнікі КГБ, якім Баразна муляў вочы сваёй актыўнай грамадскай і нацыянальнай пазіцыяй. З Лявонам Язэп Хаўратовіч быў знаёмы і сябраваў з дзяцінства, бо яны былі землякамі і аднагодкамі. А пасля пасябраваў і з ягоным сябрам Валодзем Караткевічам.
У Хаўратовіча была спецыяльная прыстаўка да тэлевізара, што прайгравала пласцінкі. Але ж як ты будзеш пісаць, калі ў кватэры чужыя? Таму пісьменнік прыходзіў на Савецкую дом 14, кватэра 12, пакуль Хаўратовічы былі на працы. Ключ гаспадары адмыслова пакідалі пад каберцам, тады людзі масава так рабілі.
Язэп Хаўратовіч у 2020 годзе. Фота Валянціны Андрэевай.
Пасля такіх візітаў гаспадары знаходзілі побач з ключом запіскі накшталт такой:
«Паважаныя Ніна і Язэп!
Урэшце та адарваўся ад спраў і знайшоў час прыйсці і слухаць. Слухаў сто разоў, і калі мне спачатку здавалася, што я нешта разумею, то ў канцы другой гадзіны я запэўніўся, што я варты жалю графаман з вухам, на якое яшчэ ў дзяцінстве наступіў адзін з вучняў Смаргонскай акадэміі, той самай, для якой патрэбен паланэз. (Во стыль! Во нямецкі сказ!) Аднак нічога, слухаць больш не спатрэбіцца. Залаты ключык загарну ў паперу (нібыта ліст) і закіну ў паштовую скрынку, бо, можа, ён вам патрэбен. Зачыніў бы дзверы проста, ды ў вас замок не такі. Шчыры дзякуй за ўсё. Неяк ужо з Лявонам [Баразной] зойдзем да вас. Пайду дахаты. Буду пісаць смаргонскі нацыянальны гімн.
Увесь Ваш Ул. Караткевіч.
P. S. Яшчэ раз прабачце за ўварванне».
Гэты ліст і чарнавікі, дзе адлюстраваліся мукі творчасці класіка, Язэп Хаўратовіч захаваў. А верш у Караткевіча ў выніку атрымаўся магутны.
Адзін з караткевіцкіх чарнавікоў тэксту да паланэза Агінскага. З архіва Язэпа Хаўратовіча.
Нават чарнавыя варыянты часам гучаць прароча. Вось як гэты:
«Чуеш крок загонаў? Крочаць міліёны. Прыйдзем мы яшчэ змагацца за цябе, свабода, Як Кастусь вялікі супраць цёмных зграй... Проці ўсіх імперый і карон Народ пакліча волі звон І ў бітве пераможа ён...»
Валянціна Андрэева, «Наша ніва»