«Геній — гэта геній плюс дваццаць праседжаных нагавіц...» Пра што пісаў Караткевіч у сваіх дзённіках

Большая частка гэтых успамінаў і разваг ніколі раней не друкавалася. Цікавыя факты, якія дапаўняюць біяграфію пісьменніка, яго малюнкі і нават новыя вершы знайшоў вядомы караткевічазнаўца Пятро Жаўняровіч.


Плён яго руплівых пошукаў у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа мы неўзабавае ўбачым на старонках 22 тома Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, піша «Звязда». А пакуль што ў нас ёсць унікальная магчымасць першымі пачытаць некаторыя з гэтых запісаў.

Karatkevich.png
Пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч

«Запісныя кніжкі, з аднаго боку, — дакумент эпохі з канкрэтнымі фактамі (падзеі, прозвішчы, пасады, найменні розных аб’ектаў і г. д.), а з другога — набліжаныя да мемуарнай прозы самастойныя творы Уладзіміра Караткевіча. Пішучы нібыта для сябе, творца ўяўляе далейшы лёс «свайго дзіцяці», разумее, што падобныя запісы ўсё адно знаходзяць шлях да чытача, і стараецца быць шчырым ва ўсім. Варта ўлічваць і тое, што У. Караткевіч планаваў змясціць упарадкаваныя дзённікавыя запісы ў асобную кнігу «Гады вандраванняў», — каментуе Пятро Жаўняровіч.

1955–1957 гг.

* * *

Геній гэта геній плюс дваццаць праседжаных нагавіц плюс высяленне з кватэры за нявыплату платы за электрычнасць.

* * *

Зямля бачыць неба — не будзе хлеба (зіма без снегу, увесь час адліга).

* * *

Семінарыстаў дражнілі: «Благадару, я не куру, ваша табака дрань, трапкай ваніць».

* * *

Карчма пад шыльдаю: «Два дурні б’юцца, а трэці глядзіць».

* * *

Чыста жаночая рыса: усё жыццё дрэнна ставілася да чалавека за тое, што не падабалася яму як жанчына.

* * *

Ніцая Малання — пра падхалімаў.

* * *

Такая дружба, што сарочкі некалі перамяніць (ад маці).

* * *

Кленіч на каня, калі паганяюць: «А каб ты са шкуры выскачыў».

* * *

Добрае пажаданне: «А каб цябе пярун шаснуў на Божае нараджэнне» (на нараджэнне перуна не бывае).

* * *

Такая скупая, што новыя панчохі цыравала або ставіла на іх латкі.

* * *

Вечар

Спачывае статак над ракой.

На гарах блакітныя лясы.

Сом перад гулянкай пад вадой

Аб сітняг расчэсвае вусы.

Рыба разбівае шкло ракі.

З берага, закінуўшы браднік,

Цягнуць разам з рыбай рыбакі

З дна ракі зялёны маладзік.

19 чэрв. — 8 жн. 57 г.

1958–1962 гг.

Смерць

Не будзе старасці — не павінна быць і смерці. Старасць — хвароба. Чалавек ніколі не памірае проста ад старасці. «Калі чалавек вызваліцца ад „перадчаснай“ старасці, то ён пражыве трохі і памрэ натуральнай смерцю», — лухта. Смерці без старасці не можа быць. Памірае чорнавалосы, зубаты, органы ў парадку. Абсурд!

Справа ў тым, што «натуральнай» смерці няма. Ёсць проста смерць, і яна заўсёды ненатуральная, брыдкая, мярзотная і можа быць... пераможана.

Тады бяссмерце.

Чалавек бяссмертны.

Я — чалавек.

Я бяссмертны.

Дагэтуль такі сілагізм не пацверджаны, але да Эйнштэйна неаднамернасць часу і яго незалежнасць ад руху таксама не пацвярджаліся.

Думаць, што жывёла памірае таму, што яна смертная, ёсць містыка, «божая воля», якая прымушае чалавека скласці рукі і ісці на дно.

Усё мае прычыны, старасць і смерць таксама. А калі пачынаеш вывучаць арганізм — пераконваешся, што няма нічога больш варожага, чужога жывому арганізму, чым смерць, таму што ўвесь яго апарат прыстасаваны для жыцця, для барацьбы са смерцю.

Karatkevich 01.jpg
Фота: zviazda.by

Асноўная якасць жывой матэрыі — жыць, а яна памірае, ды яшчэ з такім выключным пастаянствам.

Таму што развіццё. Ад клеткі да Homo sapіens. І кожнае пакаленне ўдасканальваецца. Значыць, калі неабходныя новыя пакаленні, значыць, патрэбная загібель старых, іначай розвітак скончыўся б.

Але мы. Раней — гэта вядома. Але цяпер новых форм чакаць не даводзіцца. Вылечыць чалавека ад «ненармальнай» смерці — і ён будзе бяссмертным практычна 3–4 тысячы год. Прызнанне непазбежнасці смерці ўсяго жывога — лухта, метафізіка. Усё прадвызначана, смерць непераадольна. А між тым сучасная «норма» жыцця вызначылася слепа, у працэсе барацьбы. Каб у працэсе эвалюцыі некаторая форма стала вечнай — на зямлі не хапіла б для яе харчу, вады, паветра. Знішчыла б усё, а потым загінула сама. Але другія віды таксама змагаюцца, калі доўгатрывалая форма пачынае іх прыгнятаць — яны знішчаюць яе, знішчаюць збытак, які ім перашкаджае.

Вось і ўсё, а не тэрмін, божым наканаваннем прызначаны жывому. 5–6 тысяч год — практычнае бяссмерце.

Ёсць і другі шлях, пакуль не знішчылі «старасць — хваробу», жыць кожную секунду: думаць, рухацца, рабіць незвычайна інтэнсіўна. І тады пражывеш за 70 год не менш за тысячу таго чалавека, які век сядзеў на месцы.

Цыкл лячэнняў ад старасці, накапленне неабрацімых працэсаў і, нарэшце, не дапаможа і смерць?

А чаму чакаць з’яўлення прызнакаў старасці?

Але не, смерць будуць ададвігаць далей, і далей практычнага бяссмерця даб’ецца мозг чалавечы магутны. А тады падвысіць пладароддзе, штучны бялок, абмежаваць дзетанараджэнне, перасяляць на другія планеты.

* * *

Заборыстае віно — як выпіў, так за забор хапаешся.

Karatkevich 02.jpg
Фота: zviazda.by

* * *

Шлях усляпую — кніга аб псіхалогіі творчасці.

* * *

Жанчына выходзіць на балкон, бачыць на вуліцы мужа і крычыць кату: «Валетка, Валетка, глядзі, наш папа ідзе».

* * *

Трава здрыганулася, як быццам па спіне кожнай травінкі прабеглі мурашкі.

* * *

Крынічка ярасна выкідвала пясок, і ён, вечна жывы, рухаўся, расцякаўся ад сярэдзіны жарала, скакаў пясчынкамі. А поруч другі малы «гейзер», амаль на паверхні вады, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы і ён толькі часам выпускаў на паверхню сытыя бурбалкі, быццам варыў дзіцячую манную кашку.

* * *

Клубень залатога шара невядомым чынам трапіў пад ігрушу і, дацягнуўшыся дакуль мог, выкінуў пышны букет жоўтых кветак. Здалёк здавалася, што гэта ігруша расквітнела казачнымі, небывалымі залатымі агнямі — кветкамі.

* * *

Вывернуў куму ў снег. Вылез з гурбы — ногі ў паветры.

— Не ведаю, як прыступіцца. Як ні вазьмуся — усё за голае.

* * *

Ляжаць на беразе. Чалавек з вяслом.

— Ну дык ці ведаеце вы, людзі, справа ў мяне якая. Сын узяў навенечкі човен ды паехаў жаніцца, ды ўзяў, сукін сын, утапіўся. А човен жа ж быў, гэткі быў човен... спраўны. Дык вось хаджу ды шукаю.

* * *

Сэрца маё як замерзлы на вуліцы верабей.

Ледзьве-ледзьве пад пер’ямі дыша жыццём цеплыня.

* * *

Дзед ідзе на рыбныя ловы.

— Дык, можа б, вы мне човен асвабадзілі? (да пары, якая гамоніць на чоўне).

* * *

Думаў ажаніцца, ды агойтаўся.

* * *

Выбірай для сваёй кнігі самую дурную прадмову з дзесяцёх: яна прынясе менш шкоды.

* * *

Жыццё пачынаецца ўздыхам, жыццё канчаецца выдыхам. Між выдыхам і ўздыхам тысячы ўздыхаў, жыццё, горы, каханне, пах вуснаў любай, дыхаўка байца. Але ўсё ж галоўнае — першы ўздых і апошні выдых, бо тут мы адны, бо тут нетры маці адступаюць ад нас, бо тут цёплыя нетры жыцця пакінулі нас зямлі.

Karatkevich 03.jpg
Фота: zviazda.by

Калі шумяць таполі
(навела)

Мы вырашылі канчаць.

Гэта кралася да нас так павольна, што мы самі не заўважылі, дзе быў пачатак канца. І горш за ўсё было тое, што я кахаў гэту жанчыну так, як ніколі не кахаў і не буду кахаць.

Вінен быў, напэўна, усё ж я. Я не мог ламаць свой характар, не мог быць такім самаадданым, як трэба, не мог паступіцца сабою для маленькага жаночага шчасця.

А яна была занадта нецярплівай, для яе існаваў на свеце толькі я.

* * *

Пра старых дзевак: сонца на закаце і час на ўтраце.

* * *

Пляскаты, як высахлая жаба.

* * *

Ён з-пад сябе акуратны.

* * *

Сонца ў душы

Быццам цёплае сонца
ў душы расквітнела
І зямлю сагравае збыткам агня.
Замест белага снегу —
Пралескі белыя
Пад нагамі прахожых
ціха звіняць.
Ўсё не тое, —
Пяшчота ў званках трамваяў,
Снежны бэз упрыгожыў
засмечаны двор,
На зямлі не душаць,
Не забіваюць
І сабаку цалуе ў лоб жывадзёр:
«Ўсе мы людзі, Куцы,
ўсе чалавекі,
Толькі ты з хвастом,
А я без хваста.
На каўбаскі.
Хочаш, я скокну ў рэку
За цябе
З якога хочаш маста».
Быццам цёплае сонца
ў душы расквітнела,
А душа, — як сотні цёплых марэй.
На зямлі не памрэ ні талент,
ні смеласць,
Пакуль будзе каханне
Над ёю гарэць. 

28.Х.59 г.

Karatkevich 04.jpg
Фота: zviazda.by

* * *

Мне цяжка, друг,
Мне страшна, як на дыбе.
Не пакідай мяне
З маёй тугой.
Ты ўся жыццё,
Ты ў сонца светлым німбе.
Вазьмі жыццё ў мяне,
Вазьмі яго.
Міналі годы,
Дні ў нябыт сплывалі,
А ён вісеў
Над самым дарагім,
Кавалак подлай
І бяздушнай сталі,
Сагрэты сэрцам
Трапяткім тваім.
Расце сляпая
І тупая горыч,
Ў душы гарыць.

Ад укладальніка: Верш сваімі вобразамі пераклікаецца з падзеямі, апісанымі ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі», дзе ў Ірыны Горавай застаўся ў сэрцы асколак з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Правобраз Горавай — Молева Ніна Міхайлаўна (нар. 1925) — доктар гістарычных навук, кандыдат мастацтвазнаўства, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза мастакоў Расіі. На Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе ў 1958–1960 гг. вучыўся Уладзімір Караткевіч, вяла курс псіхалогіі стварэння і ўспрымання мастацкага твора. Іх звязвалі сяброўскія адносіны.

* * *

Яна загадзя апусціла ў ваду водарасці, схавала ў віры і прымусіла стаяць нерухома лянівых рыб, супакоілася і цяпер пакорліва чакала, калі яе возьме ў палючыя абдоймы мароз.

Жудасна было ўяўляць, як яна, самотная, чакае кахання, падобнага на смерць, якая яна беспрытульная і безнадзейная там, у цемры.

Чытайце яшчэ: Вось якіх жанчын любіў пісьменнік Уладзімір Караткевіч: «Не трэба быць прыгожай, галоўнае — жаноцкай»