Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Музыка беларускіх кампазітараў у Мінскім планетарыі, малюнкі Быкава ў Віцебску, PRADMOVA ў Батумуі, а ва Уроцлаве — фестываль беларускай незалежнай культуры. Выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ!
Беларусь
Мінск
Музыка беларускіх кампазітараў і космас: імпрэза ў мінскім планетарыі
Гэтымі выходнымі, 30 верасня і 1 кастрычніка, Віктар Кісцень і духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра даюць у планетарыі канцэрты музыкі беларускіх кампазітараў.
Духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра Беларусі. Фота: facebook.com
У праграме — творы мэтраў і маладых музыкаў Беларусі. Іх будзем слухаць пад зорным небам у поўнакупальных праекцыях планетарыя. Канцэрты ладзяцца ў рамках адукацыйнага праекта «Музыка і Зоркі».
Імпрэза «Уладзіслаў Сыракомля. Песні вясковага лірніка»
У суботу, 30 верасня, у музеі гісторыі беларускай літаратуры святкуюць 200-годдзе ад дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі.
Фота: wikipedia.org
Падчас імпрэзы музыкі Святлена Немагай, Галіна Сакольнік і Аляксей Загорскі прапануюць паразмаўляць аб феномене Сыракомлі і пазнаёміцца з песнямі на яго вершы.
Віцебск
Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі»
У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча можна цяпер убачыць выставу мастацкай спадчыны Васіля Быкава.
Малюнак Васіля Быкава
Быкаў захапляўся маляваннем яшчэ з дзяцінства. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — згадвае народны пісьменнік Беларусі ў кнізе мемуараў „Доўгая дарога дадому“. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў, ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, аднак увосень 1940 года вымушаны быў кінуць вучобу. Пасля вайны Быкаў хацеў працягваць мастацкую адукацыю, але лёс выбраў для яго іншую сцежку. І ўсё ж нават стаўшы выбітным пісьменнікам, ён заўсёды знаходзіў час для алоўка, пэндзля і паперы.
Гомель
30 верасня ў Гомелі ладзяць этна-вечарыну «Жаніцьба коміна». Імпрэза будзе прысвечана Кацярыне Панчэні — знакамітай бабе Каці з вёскі Пагост (Жыткавіцкі раён). На пачатку верасня яе не стала...
«Жаніцьба коміна» — архаічны абрад, звязаны з пераносам агню (чытай — святла) з вуліцы ў хату. З гэтага часу распачыналіся вячоркі-пасядзелкі. На вуліцы рана цямнее, становіцца холадна, таму ўсе працы пераносіліся ў хату — там і цяплей, і комін свеціць!
Польшча
Варшава
30 верасня ў Варшаве з канцэртам выступіць Аляксей Варсоба (акардэон), Віталь Эпаў (фагот) і Войтэк Веньцкоўскі (электрагітара).
Фота: jazzpress.pl
Музыкі распавядуць павольную гісторыю, у якой сціраюцца межы кампазіцыі і імправізацыі. Трыа прапануе тонкае спалучэнне гукавых атмасфер — сустрэчу міфалогіі амерыканскага поўдня, славянскіх духаў і мінімалістычнага эмбіентнага рэгі, гулу і мелодыі, цемры і пробліскаў надзеі.
Уроцлаў
Фестываль незалежнай беларускай культуры
1 кастрычніка ва Уроцлаве стартуе XI Фестываль незалежнай беларускай культуры.
Падзея распачнецца акцыяй салідарнасці з Украінай і палітвязнямі Беларусі, пасля адбудзецца сустрэча са Святланай Ціханоўскай, а завяршыцца першы фесытвальны дзень спектаклем «August».
Познань
30 верасня ў Познані з вялікім электрычным канцэртам выступіць гурт ДАЙ ДАРОГУ.
Фота: facebook.com
Юра Стыльскі і яго каманда абяцаюць новыя песні, любімыя хіты і бясконцы драйв ад сустрэчы.
Грузія
Батумі
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA
30 верасня распачынаецца фестываль PRADMOVA. На яго прыедуць беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету.
Стартуе фестываль у Батумі, дзе госці змогуць атрымаць асалоду ад лекцый, літаратурных дыскусій і «Паэтычнага варушняка». У Грузію прыедуць Аляксандр Чарнуха, Маляваныч, Ева Вежнавец, Стась Карпаў, Зміцер Бартосік, Эльга Папова, Аксана Акуневіч і іншыя беларускія творцы.
ЗША
Нью-Ёрк
Прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі»
1 кастрычніка ў Нью-Ёрку адбудзецца прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі». Гэты найлепшыя тэксты, выдадзеныя Алесем Бяляцкім у розныя гады — успаміны, публікацыі з перыёдыкі, фрагменты інтэрв’ю, цытаты з выступаў на канферэнцыях, прамоў у судах, напісанае ў лістах на волю і ў асабістых блогах.
Выданне ўбачыла свет літаральна за некалькі дзён да ўручэння Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру і пабывала ў Осла на цырымоніі ўзнагароджання. Палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў тады адзіным лаўрэатам, які не змог прыехаць асабіста і стаў адным з нямногіх людзей у гісторыі, хто атрымаў Нобелеўскую прэмію, знаходзячыся ў турме або пад вартай.
У Нью-Ёрку кнігу прэзентуе адна з яе ўкладальніц Таццяна Нядбай.
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.