Кампанія “Будзьма беларусамі!” заўжды мела сімпатыі да праяваў чалавечай неабыякавасці і альтруізму. Калі мы атрымалі запрашэнне дадаць да дабрачыннай акцыі традыцыйную культуру, то застацца ўбаку, натуральна, не змаглі.
9 ліпеня ў самым сэрцы горада “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” зрабіў свята на цэлы дзень для дзяцей і дарослых. Традыцыйна мерапрыемства хоспіса было закліканае дапамагчы тым, каму гэта трэба.
Маленькая гарадзенка Марыя Кара захварэла на запаленне абалонак і рэчываў галаўнога мозга. Хвароба дала ўскладненне: дзяўчынка не можа дыхаць самастойна. Марыі ідзе другі год, большую частку часу яна правяла ў дзіцячым абласным шпіталі пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Калі б у яе быў бы такі ўласны апарат, Марыя магла б жыць дома з бацькамі.
Каб расказаць пра малую дзяўчынку і сабраць для яе неабходныя сродкі, “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” звярнуўся да календара народнай абраднасці і выбраў стылістыку Купалля.
Раніца пачалася з майстар-класаў для дзяцей: як распісаць экалагічную торбу і пернікі. Каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Хрысціна Марчук апавяла гісторыю арнаменту і пра значэнні некаторых ягоных элементаў. Для малечы аказалася навіной, што месяц чэрвень мае шмат агульнага з чырвоным – адным з асноўных традыцыйных колераў Беларусі. У сваю чаргу, паходжанне назвы гэтага колеру наўпрост звязанае з чарвячкамі. Калісьці з самак такога паўзуна здабывалі чырвоны фарбавальнік.
Далей святкаванне перамясцілася на тэрасу гастрабара “Werden”. Хоць адпачынкавы сезон адчувальна адбіўся на колькасці ахвотных выйсці апоўдні ў горад, Купалле паступова ператварыла цікаўных і, што праўда, пасіўных мінакоў у вясёлых удзельнікаў.
Некалькі дзяўчат і дзяўчынак не змаглі прайсці побач з гарой кветак, дзе запляталі вяночкі. Сталая жанчына, якая прадставілася турысткай з Расіі, нават папрасіла папазіраваць перад яе камерай адну ўдзельніцу святкавання.
Пра купальскія спевы, карагоды і гульні расказвала і па-майстэрску паказвала сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Святлана Чакушка.
Крама этна-рэчаў “Цудоўня” вучыла стругаць драўляную лыжку.
Каб Купалле адчувалася не толькі слыхам і зрокам, але яшчэ і мела смак, гастарабар “Werden” прыгатаваў беларускае меню. Салата са шчаўем, крапіўны суп, ялавічны язык на драніках, сарбэ з рэвеню і вішні, гарбата са святаяннікам і глогам – мілыя страўніку кожнага беларуса прадукты ў аўтарскім выкананні кухараў з “Werden”.
Магутны і чароўны саўнд дуэта “AGATA” стаў галоўным штрыхом у купальскім антуражы свята. Віртуозны акардэон Аляксея Варсобы і фантастычны вакал Ірэны Катвіцкай рэзаніраваў на ўсёй Савецкай плошчы.
Традыцыйнае купанне на досвітку замяніў дождж: увесь дзень патроху і шчодрай порцыяй проста падчас выступу дуэта. Завяршаць спевы давялося ўсярэдзіне гастрабара “Werden”.
Арганізатары думалі, што на гэтым свята скончыцца. Аднак апоўначы невядома адкуль з’явіліся ахвочыя ўдзельнічаць у квэсце, каб адшукаць папараць-кветку.
budzma.by
Фота: Аляксандр Саенка