Калі вывучыць вершы паэтаў 30-х можна з панк-рокавых песень, а даведацца пра саміх літаратараў – з іх старонак на Facebook, гэта азначае, што мы становімся больш грунтоўнымі і прыкметнымі ў культурнай прасторы глабальнага свету.
Беларусы ўжо не тыя абыякавыя людзі з анекдотаў. Мы робімся глыбейшымі, мы паступова аднаўляем перарваную паслядоўнасць нашай гісторыі, і гэта прыемна назіраць.
Калі ў 2020-м вы яшчэ не абралі сабе любімчыка з літаратараў 30-х, то адстаяце ад трэндаў.
Akute выконвае верш Анатоля Вольнага, Re1іkt спявае Міхася Зарэцкага, здымаецца ўжо сёмы hіstory doc, а вы ўсё гэта прапусцілі? Трэба наганяць, калі ёсць патрэба ды цікавасць да культурніцкага жыцця.
І тут вам выдатна паспрыяе новы лаканічны дыстанцыйны курс ад Лятучага ўніверсітэта.
Гэта надзвычай цікавы па канцэпцыі прадукт: з аднаго боку, гэта цэласны аповед пра велізарны выбух творчасці, адзін з самых вялікіх, але і самых кароткіх у гісторыі нашай з табой краіны
З другога боку, гэта гісторыі пра 18 розных лёсаў, 18 вельмі розных творцаў.
Гэта гісторыі пра каханне і нязбытныя надзеі, пра мару такую вялікую, што ў ёй раствараліся жыцці. Аповеды пра будаўніцтва новай паэзіі і новай краіны, пра моц і адчай, пра веру і вусціш.
Гэта, напрыклад, аповед пра юнака, які знішчаў у сваёй паэзіі ўсё рамантычнае, усё далікатнае, бо верыў, што “рэальнае жыццё” новага часу патрабуе зусім іншых вершаў.
Ці гісторыя пра мужнага і ўпартага паэта, які даволі хутка зразумеў сапраўдную сітуацыю і набыў пісталет, каб абараняцца ад супрацоўнікаў НКУС.
Ці аповесць пра стваральніка народнага тэатра, на імпрэзы якога сяляне таемна праходзілі мяжу, за што ў тыя часы як мінімум высылалі.
Але самае галоўнае – гэта курс пра сучаснасць, пра наш з вамі час ды кантэкст!
Тут гучыць рэп на словы Зямы Піваварава, прывід Валерыя Маракова з’яўляецца ў містычным кінадэтэктыве, разгортваецца любоўны трохкутнік у даследчым артыкуле. Добра вядомыя беларусы агучваюць свае прачытанні вершаў паэтаў. Андрэй Хадановіч, Ганна Севярынец, Антон Рудак, Віктар Жыбуль ды іншыя паспяхова праводзяць імпрэзы.
Тры гады запар праект “(НЕ)расстраляная паэзія” плённа існуе ў беларускай культурнай прасторы, і разам з сучаснымі творцамі і неабыякавымі беларусамі мы ствараем наш культурны кантэкст.
Далучайцеся і вы!
Дазнавайцеся болей пра сваё ў КУРСЕ ЛЯТУЧАГА ЎНІВЕРСІТЭТА “(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ: ВЯРТАННЕ Ў КУЛЬТУРНУЮ ПРАСТОРУ”
Паводле арганізатараў