5 кастрычніка ў Брукліне адбыўся юбілейны 50-ты фестываль вуліцы Atlantic Antic, у якім штогод удзельнічаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары. Актыўны ўдзел беларусаў абумоўлены тым, што на галоўнай вуліцы, дзе адбываецца свята, размешчаны праваслаўны аўтакефальны Сабор святога Кірылы Тураўскага. Штогод нашы землякі збіраюцца разам, каб прыгатаваць беларускія прысмакі і падзяліцца з жыхарамі Вялікага Яблыка нацыянальнымі стравамі, распавесці пра культуру Беларусі і паказаць традыцыйныя строі.
Беларускі сцяг на фестывалі Aylantik Antic. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
Як адзначыў стараста беларускай царквы Аляксандр Хомчанка ў сваім фэйсбуку, «5 кастрычніка прайшоў чарговы, юбілейны 50-ты фестываль вуліцы, на якой размешчаны наш беларускі Катэдральны Сабор Святога Кірылы Тураўскага. Традыцыйна ў «Atlantic Antic» бярэ ўдзел і Катэдра. Акрамя вернікаў царквы, да правядзення свята далучылася шмат беларусаў, якія шматразова ўдзельнічалі і дапамагалі ў падрыхтоўцы да свята. Але было і шмат тых беларусаў, хто прыйшоў у Царкву і ўзяў удзел у святкаванні першы раз. Вельмі прыемна, што да свята далучылася шмат моладзі».
Сабор Святога Кірылы Тураўскага. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
Фестываль выглядае такім чынам, што, шпацыруючы па Atlantic авеню ў цудоўны восеньскі дзень, вы трапляеце на сапраўднае свята: дэгустацыя страў розных народаў, вытанчаныя творы мастацтва і рамёстваў з усяго свету, бесперапынная музыка, забавы — і проста мора задавальнення. Сярод усёй гэтай прыгажосці жыхары і госці Нью-Ёрка маглі пабачыць і беларусаў, якія шчыра дзяліліся прыгатаванымі прысмакамі.
Валанцёры дапамагаюць чысціць бульбу для беларускіх страваў. Фота прадастаўлена Аксанай Пятрашка
Падрыхтоўка да ўдзелу ў фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
«Нашыя гаспадынькі, — адзначае Аляксандр Хомчанка, — некалькі дзён рыхтаваліся да свята і прыгатавалі вельмі смачныя стравы беларуска-ўкраінскай кухні, такія як: варэнікі, дранікі, галубцы, наліснікі, фрыкадэлькі, кілбаскі, тушаную капустку. Было нагатавана столькі, што хапіла на ўвесь дзень гандлю, і вынік атрымаўся вельмі станоўчы. Стаяла чарга, наша моладзь з нацыянальным сцягам і плакатамі запрашала гасцей да стала.
Мы маем шмат пастаянных пакупнікоў, якія спецыяльна прыходзяць, каб пачаставацца стравамі нашай беларускай кухні, дзякуюць нам за прыстойны выгляд Катэдры, распытваюць пра гісторыю будынка, пакідаюць ахвяраванні на Царкву.
Разам з намі валанцёрылі і нашыя цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты Валянціна Бардакова і Людміла Бакунец, якія прапанавалі на продаж нацыянальныя ўкраінскія аўтэнтычныя рэчы і сувеніры. Грошы, заробленыя з удзелу ў Фестывалі, пойдуць на дапамогу УСУ і беларускім добраахвотнікам з Палка імя Кастуся Каліноўскага».
Беларуская дыяспара на фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
У беларускай дыяспары ёсць людзі, якія ўжо на працягу доўгага часу штогод прымаюць удзел у свяце. Адна з іх — Аксана Пятрашка, якая прыклала неверагодныя намаганні для атрымання спецыяльнага сертыфіката (food license — дазвол на продаж ежы), без якога ўдзел у фестывалі быў бы немагчымы.
Аксана Пятрашка на фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аксанай Пятрашка
Спадарыня Аксана падзялілася сваімі ўражаннямі ад фестывалю і распавяла пра прыналежнасць да беларускай супольнасці:
«Калі мы з сям’ёй прыехалі ў Нью-Ёрк, адразу пачалі наведваць нашу беларускую царкву на 401 Atlantic Avenue і сталі актыўнымі ўдзельнікамі галоўных падзей беларускай суполкі ў Амерыцы.
Я добра памятаю свае пачуцці з таго часу — пачуццё адзінства, сяброўства, сапраўднай беларускай сям’і і асабліва глыбокага пагружэння ў беларускую культуру. Гэта быў і застаецца наш духоўны і культурны дом.
З 2019 года я і мой муж Сяргей з дзецьмі пачалі прымаць удзел у штогадовым фестывалі Atlantic Antic, які праходзіць у самым сэрцы Брукліна. Гэтая падзея заўсёды аб’ядноўвае беларусаў з розных куткоў Амерыкі.
Людзі прыязджаюць з Філадэльфіі, Канэктыкуту, Нью-Джэрсі і нават з Флорыды. Atlantic Antic наведваюць сем’і з дзецьмі, моладзь, сябры, каб разам гатаваць беларускую ежу, дапамагаць у наладжванні гандлёвых сталоў і палатак і працаваць з самай раніцы да вечара ў дзень фестывалю.
Беларуская дыяспара на фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
Кожны год гэта сапраўднае свята беларускай еднасці! Мы ўзнімаем наш бел-чырвона-белы сцяг, гучаць беларускія песні, і куток вуліцы Брукліна на адзін дзень ператвараецца ў маленькую частку Беларусі.
Асаблівы гонар выклікае тое, як людзі розных нацыянальнасцей і рас падыходзяць да нашага століка, каб пачаставацца дранікамі, варэнікамі з бульбай, галубцамі, наліснікамі і іншымі беларускімі стравамі.
Многія пытаюць пра наш сцяг, пра Беларусь, пра культуру. І заўсёды прыемна бачыць, як нават незнаёмыя людзі адчуваюць нашу шчырасць і адкрытасць.
З уласнага досведу магу сказаць: наш беларускі характар — добры, сумленны і спагадлівы — заўважаюць усе навокал. А колькі таленавітай моладзі і дзяцей, якія размаўляюць па-беларуску, можна ўбачыць тут!
Гэты куток Беларусі ў Амерыцы дае нам пачуццё роднага цяпла, народнага адзінства і надзеі».
Беларуская дыяспара на фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аксанай Пятрашка
Штогадовы фестываль Atlantic Antic з’яўляецца адным з найстарэйшых і найбуйнейшых вулічных фестываляў у Брукліне. Падзея адбываецца кожны год на пачатку кастрычніка. У гэтым годзе фестываль адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей.
Беларуская дыяспара на фестывалі Atlantic Antic. Фота прадастаўлена Аляксандрам Хомчанкам
Наста Пабягунская, Budzma.org