Kykymba — суполка, у якой можна паглядзець анімэ, фільмы і серыялы з беларускамоўнай агучкай і субтытрамі.
Галоўная ідэя праекта — ствараць якасны сучасны кантэнт па-беларуску для ўсіх аматараў пабавіць час за серыяльчыкамі і забаўляльным кіно. І, вядома, пашыраць ужытак беларускай мовы.
Ідэйны натхняльнік і аб’яднальнік суполкі — Аляксей Кастоўскі (Рэйні), дабер Аляксей Крытаў (Вожык) і перакладчыца Вераніка Гормаш — прадстаўнікі каманды. Яны і распавялі пра «Кукумбу» і яе праекты.
Будучыя арганізатары і актыўныя ўдзельнікі пазнаёміліся ў чаціку беларускамоўных блогераў. Неяк зайшла размова пра пераклад анімэ на беларускую мову і патрэбу стварыць асобны сайт. Так у студзені 2020 года з’явілася «Кукумба».
Назва суполкі — з віруснага роліка Аляксея Вожыка пра агурок. Гэтае відэа і смешнае слова «кукумба» (з англійскай cucumber — «агурок») так усім зайшло, што вырашылі: лепшай назвы не прыдумаць.
Цяпер у суполцы каля сарака чалавек, большасць з Мінска. Гэта перакладчыкі і даберы — як студэнты, так і працоўны люд. Мэтавая аўдыторыя — вядома, падлеткі, але часам глядзяць і тыя, каму «за сорак».
Асноўныя пераклады робяцца з англійскай. Рэпертуар падбіраецца проста — перакладчык прапаноўвае варыянты, а пасля ўсе разам абмяркоўваюць. Альбо адразу бярэцца праект, які атрымаў міжнароднае прызнанне, кшталту серыялу ад Netflix «Каханне, смерць і робаты».
Большасць дабераў робіць запісы з дому. Але часам праекты агучваюцца ў прафесійнай гуказапісвальнай студыі — адна з даберак вучыцца на гукарэжысёрку.
Аляксей Кастоўскі (Рэйні)
Аляксей Кастоўскі (Рэйні), 17 гадоў, ідэйны натхняльнік і аб’яднальнік суполкі, вучыцца на праграміста: «Кукумба» для мяне — гэта пра надзею, што людзі будуць глядзець кантэнт па-беларуску, ставіцца да беларускай мовы як да сваёй: прыйшоў вечарам з працы, сеў на канапу, уключыў анімэ ці фільм — і глядзіш».
Вераніка Гормаш, 14 гадоў, перакладчыца з ангельскай: «Працэс перакладу лёгкі — проста сядзіш перад камп’ютарам. Але гэта для мяне вялікая практыка, якую ў 14 гадоў не так лёгка знайсці, — Вераніка ўжо пераклала для праекта серыял „Каханне, смерць і робаты“ і анімэ „Каханне падобнае на кактэйль“. — Але „Кукумба“ для мяне — магчымасць пашырыць не толькі ўласныя веды, але і беларускую культуру».
Аляксей Крытаў
Аляксей Крытаў (Вожык), 29 гадоў, дабер, працуе ў it-сферы: «Калі я толькі пачаў рабіць агучку па-беларуску, то заўважыў, што попыт ёсць: беларускамоўнай супольнасці не хапае такога кантэнту, таму імкнуся рабіць больш і больш. Я раблю запісы з дому, у мяне там абсталяваны свой куточак. Маю добрую тэхніку, мікрафоны, гукаізаляцыю зрабіў. Увогуле, „Кукумба“ — гэта супольнасць аднадумцаў, якія збіраюцца і добра і з карысцю бавяць час разам».
Калі хочаш трапіць у каманду «Кукумбы», трэба зайсці на сайт суполкі і напісаць арганізатарам праз зваротную сувязь. Перакладчыкі, даберы, праграмісты і рэдактары (асабліва!) тут патрэбныя заўсёды.
Аляксандра Дварэцкая, budzma.by
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!