Натхняльна пра жаноцкасць і менструальны цыкл. Дзявяты выпуск падкаста «Лісты да мамы»

У дзявятым лісце да мамы з Лондана пісьменніца і перакладчыца Ганна Комар працягвае распавядаць пра кнігу, якая «натхняе любіць і шанаваць свой арганізм, сваю жаноцкасць і свой менструальны цыкл», а таксама разважае пра ўплыў гармонаў на настрой і псіхалагічны стан.

Аўтарка кнігі Мэйзі Хіл падзяляе цыкл на чатыры сезоны. На падставе кнігі Ганна Комар распавядае пра асаблівасці гэтых сезонаў і дзеліцца парадамі, як арганізаваць сваё жыццё так, каб нам было зручна і камфортна.

«Мне 35, і нарэшце хтосьці тлумачыць мне, сістэмна і грунтоўна, а таксама натхняльна, як працуюць мае гармоны і рэпрадуктыўная сістэма», — гаворыць Ганна Комар.

01.jpgГанна Комар. Фота: Каця Шараг

Слухайце «Ліст № 9» на платформах для падкастаў

Apple PodcastsSpotifyYouTubeЯндекс МузыкаMaveCastboxPodcast AddictPocket CastsCastro.

Вітаю, мамка,

Дужа радая вярнуцца да тэмы менструацыі, якая мяне так захапіла, пакуль я чытала кнігу Period Power: Harness Your Hormones and Get Your Cycle Working For You — у расейскім перакладзе «Сила цикла: как использовать непостоянство гормонов, чтобы жить на полную», напісаную Мэйзі Хіл (Maisie Hill). Калі памятаеш, у папярэднім лісце я распавядала пра важнасць менструальнага цыкла і яго адсочвання, а таксама пра «зіму» цыкла — уласна менструацыю.

«Зіма» змяняецца «вясной» — перыяд перад авуляцыяй — час пачаць штосьці наноў альбо з нуля. Мэйзі Хіл тлумачыць, што, рыхтуючыся да авуляцыі, цела выпрацоўвае эстраген у вялікіх аб’ёмах. Хіл называе яго «Б’ёнсэ» і апісвае, выкарыстоўваючы прыназоўнік «яна»: упэўненая, панадлівая, пачуццёвая, плодная, можа лёгка засвоіць складаны танец, бо хутка вучыцца новаму. Яна робіць рысы твару больш сіметрычнымі, скуру — чысцейшай, з ёй ты адчуваеш сябе ў гуморы і сэксова, яна патрабуе ўвагі і гатовая заваёўваць свет!

Дзякуючы прагестэрону падымаецца настрой, з’яўляецца энергія. Хочацца адпусціць кантроль і скінуць непатрэбны цяжар з крылаў. Хіл раіць не гнаць на ўсіх ветразях, калі здаецца, што энергіі хопіць на ўсё і нават больш: лепш прытрымаць каля 20 адсоткаў імпэту ды разгледзець, што пачынае саспяваць унутры нас — вясна ж. Калі стрымлівацца складана, можна ў пачатку цыкла напісаць для сябе намер, наляпіць на люстэрка і трымацца яго рэшту сезонаў.

Дзеля чаго сябе стрымліваць, спытаеш ты? Таму што ідэі і праекты, якімі раптоўна хочацца падзяліцца з усім светам, яшчэ не саспелі. Будзе «лета», каб дапрацаваць іх, і будзе «восень», каб сабраць плады. Дарэчы, праз гэты гарманальны ўсплёск можа быць даволі складана засяродзіцца на чымсьці канкрэтным, бо задача эстрагена — дапамагчы асобе жаночага полу знайсці партнёра для працягнення роду, а не прывесці яе да кар’ернага поспеху.

Якое шчасце, што мы можам рабіць свядомы выбар і не кіравацца чыста біялагічнымі патрэбамі, можам арганізоўваць гэты час свайго цыкла так, як лепш для нас.

02-list-9.jpg Ілюстрацыя «вясны» цыкла

Што яшчэ важна — і актуальна для мяне, на жаль: калі «ўвесну» цыкла мы адчуваем стомленасць і недахоп энергіі, значыцца, штосьці пайшло не так, магчыма, мы ўзялі на сябе зашмат працы і нам варта звярнуць увагу на адпачынак ды харчаванне.

«Лета» — перыяд перад пачаткам і адразу пасля авуляцыі. Эстраген кіруе і вядзе за сабой тэстатэрон разам з лютэінізуючым гармонам. Пара казаць «так»! Хіл піша, што гэта час магчымасцяў, калі мы можам дасягнуць максімальнай упэўненасці, унутранай сілы і прадуктыўнасці. Сусвет на нашым баку, і ўсё складваецца нібыта само сабой. Добра б на гэты перыяд мець дакладнае бачанне сваіх жаданняў, патрэбаў і планаў, каб скарыстацца дадзенай энергіяй для іх ажыццяўлення, бо гэта дасца значна лягчэй і натуральней, чым у любы іншы «сезон» цыкла.

Гэты час можа быць удалым для прэзентацый і публічных выступаў. Хіл дзеліцца парай фемінісцкіх парадаў, якія дапамогуць не толькі нам самім быць заўважанымі і пачутымі.

Напрыклад, калі ў нас ёсць каляжанка, вельмі разумная і з файнымі ідэямі, але сціплая, мы можам падумаць, як дапамагчы ёй быць гучнейшай. Да прыкладу, у калектывах, дзе дамінуюць мужчыны і іх меркаванне, мы можам выкарыстоўваць тактыку ўзмацнення, якой карысталіся жанчыны ў Белым доме падчас прэзідэнцтва Абамы. Калі жанчына выказвае важнае меркаванне, іншая жанчына паўтарае яго, спасылаючыся на аўтарку выказвання. Такім чынам у жанчын больш шанцаў быць пачутымі і што іх ідэі не скрадуць мужчыны. Я адназначна за тое, каб жанчыны ўзвышалі і хвалілі адна адну.

Нашая сэксовасць таксама можа быць на піку ў гэты час, але зразумела, што яна залежыць ад шматлікіх чыннікаў, не толькі ад узроўню гармонаў. Таму Хіл раіць «летам» намагацца атрымліваць асалоду з розных крыніц — не толькі аргазмы ад фізічнай блізкасці, але, напрыклад, пацешыць сябе смачнай ежай ці мастацтвам, ад якога мурашы бягуць па целе.

Ёсць у гарманальнай прывабнасці і небяспечны для нас бок: непажаданая ці непрыемная ўвага. У свеце, дзе гендарны гвалт — праблема нават у так званых развітых краінах, гэта небеспадстаўная трывога.
Таксама для тых, хто пакутуе ад вельмі складанага перадменструальнага сіндрому, «лета» можа стаць нагодай для трывогі ў прадчуванні складанай другой паловы цыкла.

03-list-9.png Ілюстрацыя «лета» цыкла

Добрая парада ад Хіл: пакуль «лета», прыгатуйце і замарозьце ежу на «восень» і «зіму», калі энергіі, верагодна, застанецца менш. А таксама назапашвайце, то-бок занатоўвайце свае дасягненні і станоўчае, яно таксама можа спатрэбіцца пазней для самападтрымкі.

«Восень» — яе можна пазнаць па рэзкіх зменах прадуктыўнасці, актыўнасці, настрою. Для 28-дзённага цыкла гэта 20-ты ці 21-шы дзень, але зразумела, што далёка не ва ўсіх цыкл рэгулярны, тым больш ва ўмовах пастаяннага стрэсу. Хіл, аднак, настойвае, што маніторынг уласнага менструальнага цыкла звычайна дапамагае зразумець, калі вы пагружаецеся ў фазу перад менструацыяй, і гэта, на яе думку, дапамагае нам быць больш спагадлівымі да сябе.

Да слова, я ўжо адчуваю больш спагады да сябе — проста таму што лепш разумею, як усё арганізавана ў маім целе, як няма ў менструальным цыкле нічога лішняга ці непатрэбнага.

«Восень» цыкла звычайна суправаджаецца эмацыйным спадам і фізічнымі сімптомамі, добра знаёмымі асобам з жаночым целам: боль у спіне, успушаны жывот, болеснасць у малочных залозах, галаўны боль і дзіўныя паводзіны стрававальнага апарата. Мы губляем ружовыя акуляры «лета» і бачым рэчы такімі, якімі яны ёсць напраўду. Не дзіва, што грамадству мы перастаем падабацца, улічваючы, як яно любіць мілых, вясёлых і лагодных дзяўчат.

Вось што самае важнае ўласна для мяне Зіл піша пра гэты час цыкла: трывога, злосць, гнеў, раздражнёнасць ці засмучэнне, якія могуць наваліцца на нас, — недарэмныя.

Верагодна, гэтыя эмоцыі збіраліся ўнутры нас цягам усяго цыкла, але ў першай яго палове эстраген згладжваў вострыя вуглы, а «восенню» пайшоў на спад. Затое ў бой уступае прагестэрон, які, дарэчы, зніжае ўзровень цукру ў крыві і спрыяе дысбалансу інсуліну, адсюль маем стомленасць, раздражнёнасць, галаўныя болі, трывожнасць і змены настрою.

Гэта цудоўная магчымасць паставіць уласныя патрэбы і жаданні ў прыярытэт.

04 -list-9.jpg Ілюстрацыя «восені» цыкла

І яшчэ пра злосць. Жаночая сацыялізацыя вучыць нас не выскокваць, не выказвацца, прамаўчаць, праглынуць нязгоду. І злосць неабходная для таго, каб перастаць трымаць у сабе несправядлівасць, на якую нас змушаюць пагаджацца. Гармоны не ствараюць для нас праблем на пустым мессцы, самі па сабе яны не з’яўляюцца праблемай таксама, але яны могуць дапамагчы нам выказаць тое, чым мы незадаволеныя або з чым нязгодныя. Хіл заклікае не выбачацца за тое, што мы злуемся ці калі мы расхваляваныя, не выбачацца за пачуцці.

«Восеню» крытычна важна адпачываць. Я ведаю, як складана для многіх з нас дазволіць сабе адпачынак, нават паўгадзінкі цішыні і спакою ў дзень. Мне знаёма пачуццё віны, калі я нічога не раблю. Хіл нагадвае, што калі нам здаецца, што мы нічога не робім, мы робім шмат! Эфектыўнасць адпачынку немагчыма вымераць, але менавіта адпачынак дазваляе нам быць прадуктыўнымі.

Сімвалічна, што я пачынала пісаць табе пра менструацыю і гэтую кнігу ў сваю «зіму», а заканчваю «восенню», завяршаючы цыкл. Хаця я хачу яшчэ пагутарыць пра менструальную беднасць, альтэрнатыўныя менструальныя сродкі і многае іншае, але цяпер мушу заканчваць, прыслухоўваючыся да ўнутранага голасу, які заклікае мяне адпачываць. Час занурыцца ў шкарлупіну і пачуць, што я ад сябе хаваю. Можа быць, тады за «зіму» я вынашу, а «ўвесну» выведу на святло якуюсьці важную ідэю.

Абдымаю, Твая дачушка


Слухайце «Ліст № 9» на платформах для падкастаў

Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro.