7 жніўня 2011 года на Лунінеччыне адбыліся паэтычна-песенныя выступы Міхася Скоблы і Таццяны Матафонавай у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Першая сустрэча прайшла ў летніку “Спадарожнік” на беразе возера Белае, куды прыехала таксама шмат лунінчан, нягледзячы на тое, што ў самім Лунінцы шырока адзначаўся Дзень чыгуначніка. Гаспадары ў асобе знакамітай мясцовай баечніцы Настассі Янкавец віталі сталічных гасцей духмяным караваем, а госці радавалі прысутных сваімі творамі, ладзілі конкурсы ды ўручалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У летніку адбылася прэм’ера песні “Першы школьны званок” на верш паэта Сержука Сокалава-Воюша.
У той самы дзень паэтычна-песенны дуэт выступіў у Доме культуры вёскі Бастынь – адной з самых вялікіх у рэгіёне. На сустрэчы прысутнічаў і ініцыятар свята – старшыня Бастынскага сельсавета Фёдар Рашэцкі, які за выдатную арганізацыйную працу атрымаў “будзьмаўскія” сувеніры. Агулам на дзвюх сустрэчах пабывала каля 200 чалавек.