Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Нямеччыне карціну Якава Балглея «Партрэт жанчыны». Гэтай падзеі прысьвячалася акцыя, што праходзіла надоечы не дзесьці, а аж у Muzeum sztuki nowoczesnej (Музэі сучаснага мастацтва) у цэнтры Варшавы і называлася MALDZIS-FEST.
Лявон Вольскі дзеліцца сваімі ўражаннямі ад фэсту, прыгадвае, якім быў Мінск 20-30 гадоў таму, калі там ладзіліся падобныя мастацкія імпрэзы, ды задаецца пытаньнем, калі ж можна будзе перадаць набытую карціну ў Беларусь, не баючыся, што яе прададуць з аўкцыёну.

Лявон Вольскі
Балглей — прадстаўнік Парыскае школы, працаваў побач з Суціным і Шагалам на Манпарнасе, быў выдатным мастаком-жывапісцам і графікам. Паходзіць ён зь Берасьця.
MALDZIS дэкляруе, што вяртае суайчыньнікам імёны слынных мастакоў (ня тое, што вяртае, а для мяне — дык і адкрывае, бо я, напрыклад, хоць і не далёкі ад выяўленчага мастацтва, ніколі пра гэтага майстра ня чуў) і абяцае ў будучыні перадаць твор Балглея ў Музэй гісторыі Берасьця.

Карціна Якава Балглея «Партрэт жанчыны», якую набыла ініцыятыва MALDZIS
І ў Менску так было
Акцыя называлася MALDZIS-FEST. Са сцэны прамаўлялі вядомыя асобы — Сьвятлана Алексіевіч, Саша Філіпенка, Мікалай Халезін, кніжныя выдаўцы, мастацкія дзеячы... Вялікая заля была цалкам запоўненая людзьмі, усім вядомы Саша Івулін дасьціпна ды жвава кіраваў праграмай, публіка задавала пытаньні, выступоўцы адказвалі, карацей, выбітная беларуская арт-акцыя, дзе сабраліся неабыякавыя асобы — як звычайнага, так і арт-выгляду (у розных варыяцыях).

Сустрэча са Святаланай Алексіевіч падчас MALDZIS-фэсту, Варшава, 13 ліпеня 2026 г.
Я глядзеў на ўсю гэтую раскошу, размаўляў са знаёмымі, хваляваўся перад выступам (а я заўсёды хвалююся перад выступам, і калі ня трэба граць і сьпяваць, а толькі прамаўляць — яшчэ й болей!), а падступная памяць падкідала падобныя кадры з мастацкіх імпрэзаў 20-30-гадовае даўніны: там таксама выступалі вядомыя асобы, таксама тусаваліся арт-пэрсанажы — хто лысы ў пірсынгу, хто з дрэдамі (і таксама ў пірсынгу), хто ў скуры, хто паўголы — такія акцыі падобныя ва ўсім сьвеце, што ў Нью-Ёрку, што ў Бэрліне.
Менск таксама калісьці ня быў выключэньнем з агульнае сучаснае арт-прасторы.
Я прыходзіў на падобныя акцыі, напрыклад, у Палац мастацтва, дзе выстаўляліся мае аднагрупнікі, глядзеў на іхныя працы, радаваўся за іх, адсочваў тэндэнцыі...
Наступны (падступны) успамін — у тым самым Палацы мастацтва адчыняецца асобная заля-галерэя «Мастакі Парыскае школы зь Беларусі». З падачы Віктара Бабарыкі «Белгазпрамбанк» панабываў на міжнародных арт-аўкцыёнах працы Любіча, Цадкіна, Царфіна, Суціна ды іншых парыскіх майстроў беларускага паходжаньня (да гэтае плоймы, дарэчы, належаў і Якаў Балглей).
Гэтае цікавае й своеасаблівае адгалінаваньне мастацтва ніколі не было шырока вядомае ў Беларусі, прынамсі. Бо большасьць гэтых мастакоў мела габрэйскія карані, што зусім не віталася за савецкім часам. І, нягледзячы на тое, што былі народжаныя ў Беларусі, гэтыя мастакі пісалі свае карціны ў Францыі, там і праславіліся, то-бок, зьехалі, то-бок, уцяклі, то-бок, здраднікі. Таму яны для афіцыйнае Беларусі нібыта і не існавалі (як не існавалі й расстраляныя ў 1937-м таленавітыя літаратары, даруйце мне гэтае параўнаньне).
І вось некалькі дзясяткаў карцінаў дасяжныя для агляду ў Палацы мастацтва! Ажыятаж, рухняк-варушняк, калямастацкая тусоўка, багема, арт-пэрсанажы (з пірсынгам і безь яго)...
Малюнак Лявона Вольскага
Шмат часу мінула з тае пары. Суцінская «Эва» зрабілася сымбалем пратэстаў, карпаратыўная калекцыя парыскіх экспрэсіяністаў беларускага паходжаньня, якую ствараў Віктар Бабарыка, зьнікла з Палацу мастацтва, а потым зноў там зьявілася. З дасьведчаных крыніцаў мне вядома, што творы з калекцыі нельга прадаць за мяжу, іх (пры тым, што яны зьяўляюцца ўласнасьцю банка) нельга вывозіць з тэрыторыі Беларусі. Такія былі ўмовы набыцьця.
А вось асабістую калекцыю Віктара Бабарыкі (у якой быў і Царфін, і Любіч, і іншыя майстры) улады спакойненька прадалі з аўкцыёну. Замест таго, каб пакінуць у айчынных мастацкіх музэях, багатых хіба што на творы (і не заўсёды выбітныя) расейскіх мастакоў (гэта калі ня браць пад увагу, што Бабарыка ні ў чым не вінаваты, нічога кепскага не зрабіў, карціны набываў за ўласныя грошы, і гэтыя працы, безумоўна, мусілі застацца ў яго).
І вось пасьля доўгага перапынку беларусам вернутая яшчэ адна карціна мастака Парыскае школы. MALDZIS абяцае перадаць яе ў Музэй гісторыі Берасьця.
Ну, натуральна, трэба пачакаць, пакуль у Беларусі ўсё зьменіцца да лепшага. Бо калі цяпер перадаць уладам гэтую карціну, дык яны, не зьвязаныя ніякімі абавязкамі, хуценька прададуць каштоўны падарунак і набудуць на гэтыя грошы камбікорм, ці то чыпы для вырабу дронаў, ці неабходнае абсталяваньне для дзяржаўнага прадусарскага цэнтру, каб бесьперашкодна і надалей ствараць патрыятычныя музычна-сьпеўныя шэдэўры.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org