Свята мастацтваў “Мелодыі Уздзенскай восені” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Міхаіла Фінберга пройдзе 17 верасня ва Уздзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама.
У мерапрыемстве прымаюць удзел творчыя калектывы з розных куткоў Мінскай вобласці. Адкрые праграму святочны гала-канцэрт камерных калектываў аркестра “Міншчына – крыніца талентаў”, які адбудзецца ў вялікай зале кінатэатра “Кастрычнік”. Пасля гэтага будзе арганізаваны майстар-клас народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга для навучэнцаў Уздзенскай дзіцячай школы мастацтваў.
Вечарам запланавана адкрыццё выстаўкі сучасных мастакоў “Цуды зямлі Уздзенскай” у раённым цэнтры культуры. Завершыць праграму “Забаўляльны фестывальны канцэрт”.
Як падкрэслілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, рэалізацыі гэтага праекта ў многім пасадзейнічала адкрыццё ў 2014 годзе новага сучаснага будынка раённага цэнтра культуры. Арганізатарамі свята з’яўляюцца Мінскі аблвыканкам, Уздзенскі райвыканкам і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.