Адной з адметнасцяў традыцыйнай беларускай культуры ёсць культ продкаў. У нашым афіцыйным календары ёсць вызвалены ад працы дзень, у які сем’і выпраўляюцца на месцы пахаванняў сваіх бацькоў і прадзедаў, каб прыбраць магілку і ўшанаваць іх памяць. У народным календары такіх дзён было болей — восеньскія, дзмітраўскі, троіцкія Дзяды, Асяніны і іншыя дні, калі людзі збіраліся на могілках і ўрачыста паміналі пачынальнікаў свайго роду. Найбольш вядомыя, паўсюдна адзначаныя сёння — Радуніца і восеньскія Дзяды.
Сваякі нябожчыка каля магілы падчас памінальнага абраду на Радаўніцу. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
Такі дзень быў абавязковай нагодай ушанаваць памяць памерлага, прыбраўшы магілу, прыпасці да зямлі і папрасіць пра заступніцтва для жывых.
Дзяды — так звалі памерлых сваёй смерцю сваякоў. Яны, паводле народных уяўленняў, час ад часу з’яўляліся ў свеце жывых, а ахвярапрынашэнні, якія ўскладаліся ім, мусілі залагодзіць продкаў і здабыць спагадлівае стаўленне да нашчадкаў.
Радуніца, або Радаўніца, радунiцкiя Дзяды, Вялікдзень мёртвых, «снеданне па радзіцелях», адзначалася вясною. Гэта было адно з першых святаў новага года, які для земляроба пачынаўся не ў зімку, а вясною, з выхадам у поле. У наш час такія памінальныя дні звычайна прымацаваны да рухомага царкоўнага календара. Сёння Радуніца ў большасці рэгіёнаў адзначаецца на дзявяты дзень пасля Вялікадня.
Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік фартухом. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
З распаўсюджаннем хрысціянства найбольш архаічныя кампаненты паганскіх абрадаў выцясняліся або перайначваліся ў адпаведнасці з рэлігійнымі нормамі, аднак такія старыя звычаі, як трапеза на могілках, пакіданне ахвярапрынашэнняў у выглядзе яек, цукерак, грошай і іншага, царква так і не змагла выкараніць з народнага ўжытку.
Сама назва Радуніца мае розныя тлумачэнні і некалькі магчымых варыянтаў паходжання: ад агульнаславянскіх словаў «род», «радзіцца», «радавацца», ад імені міфічнага бога Рады, ад літоўскага слова raudа (галашэнне), ведыйскага radаnh (ахвярадаўства), у якіх раскрываецца сімвалічнае значэнне свята.
Падрыхтоўка святочнага стала каля магілы падчас свята Дзяды. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
Рытуал «пралівання» падчас свята Дзяды. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
Людзі прыходзілі на могілкі з раніцы, згадвалі памерлых, звярталіся да іх у замовах і малітвах, жанчыны галасілі. Тут жа, на засланым на надмагільным насыпе абрусе, хустцы або ручніку раскладалі памінальныя стравы — яйкі, куццю, мясное, печыва. Памерлых запрашалі далучыцца да снедання са словамі: «Святыя радзіцелі, хадзіце к нам хлеба і солі кушаць, старыя і малыя». У некаторых месцах на магілах качалі яйкі. Лічылася, што так можна ажывіць нябожчыка. Абавязкова крыху ежы і гарэлкі пакідалі «для мёртвых».
Паўсюдна на крыжы навешвалі адмыслова вытканыя і аздобленыя ручнічкі, фартушкі, вяночкі, стужачкі. Часткова гэтая традыцыя захавалася, аднак замест ручнікоў прыносяць штучныя кветкі, замуроўваюць надмагільныя насыпы каменнымі плітамі, усё больш з’яўляецца запушчаных, парослых пустазеллем магіл з пахіленымі помнікамі невядомых нам дзядоў, пахаваных на гэтых месцах. Сумна і балюча, што разам з памяццю беларус страчвае сувязі са сваімі продкамі, без якіх не можа ўзрасці радавое дрэва.
Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік на Радаўніцу. Вёска Радзялавічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
Вясковыя жанчыны на могілках на свята Дзяды каля надмагільнага прыклада. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
У дзень памінальнага абраду Дзяды каля надмагільных мураваных помнікаў з памінальным пачастункам. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя 1989 года
А. Р., Budzma.org
Фотаздымкі Міхася Раманюка з альбома «Беларускія народныя крыжы»
Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 20.04.2012 г.