У Дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Лясная паляна”, што знаходзіцца на беразе хуткаплыннай Віліі ў Смаргонскім раёне, 6 ліпеня адбыўся чарговы заезд школьнікаў. А каб паскорыць іх знаёмствы-сяброўствы, у летнік завіталі госці з Мінска – спявачка Таццяна Матафонава і паэт Міхась Скобла.
На дзве гадзіны ціхі лясны гарадок ператварыўся ў канцэртную залу, у якой у непаўторным выкананні Таццяны гучалі песні на вершы беларускіх класікаў – М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Ул. Дубоўкі, У. Караткевіча. Старшакласнікі з задавальненнем падпявалі не толькі папулярную, вядомую са школьнай лаўкі, песню “Мой родны кут”, але і старасвецкую, чутую хіба ад бабуляў “Не шукай ты мяне”. Радок з яе – “буду песняй тваёй” – юныя слухачы імправізавана ператварылі ў шмат разоў паўтораны прыпеў.
З захапленнем слухалі дзеці і “празаічны” расказ Таццяны пра тое, як яна штогод сплаўляецца па Віліі з сябрамі на плытах. Тут жа прагучала і “паэтычная” ілюстрацыя ад М. Скоблы: “Плыты мінаюць выспу астраўка, віруе плынь рачная між каменняў. Як захаплёны піяніст, рака перабірае клавішы бярвенняў”. Вучні 8-9 класаў таксама пачулі ад паэта верш “Купалінка” і цікавы расповед пра свята Купалле, а вучні-пачаткоўцы – вершаваную вясёлую казку “Як грыбы на вайну збіраліся”.
Ахвочых паслухаць сталічных гасцей сабралася столькі, што не хапіла знесеных адусюль крэслаў, і наймалодшыя мусілі размясціцца проста на падлозе. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў бліц-конкурсах, пераможцы якіх атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.