Найчасцей пра Міхала Анемпадыстава згадваюць як пра паэта, аўтара словаў выдатных песень, нарэдка як пра мастака і дызайнера. І далёка не ўсе ведаюць, што Міхал Анемпадыстаў ад самага пачатку быў сярод стваральнікаў і натхняльнікаў кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Менавіта з ідэі Міхала пачаліся многія праекты сайта (напрыклад, “Магічная мапа” і “Будзьма з беларускімі святамі!”), менавіта яму належыла аўтарства шматлікіх графічных работ (напрыклад, вядомы плакат “Тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!”), святочных паштовак і музычных дыскаў, і нават першай версіі лагатыпа кампаніі. Мы любім, памятаем і вельмі ўдзячныя Міхалу за неацэнную дапамогу, прафесійныя парады, удзел і прыхільнасць. За тое, што ўвесь гэты час быў нашым вялікім сябрам! За цяпло і радасць сустрэч!
А яшчэ, мы хочам нагадаць пра, можа быць, менш вядомы, але не менш важны аспект унёску ў культуру Беларусі — яго выкшталцоную эсэітыку. І распачнем з нагадкі пра эсэ Міхала Анемпадыстава пад назвай “Гонар і годнасць”, хоць сумная нагода найперш звяртае ўвагу на тэксты “Могілкі” і “Чарка”:
“Годнасць кожнага з нас – гэта сума таго, што мы ўсе пра яе, годнасць, думаем. Гонар прымушае і дапамагае нам вырашаць, што пакінуць па-за ўвагай, а што лічыць абразай.”
Мысленне – як лад існавання і спосаб стварэння публіцыстыкі. Стыль – як адметная рыса тэкстаў і самога аўтара. Няспешны рытм — як магчымасць не пазбавіцца неабходнай уважлівасці, фокусу тэкстаў і, уласна, сам метад апавядання.
Эсэістыка Міхала няспешна асэнсоўвае беларускае жыццё (часам паасобку — “беларускае” і “жыццё”). Нетаропкае, медытатыўнае разважанне пра сам код беларускасці, сувязь з’яваў і пакаленняў, мінулага і будучыні, рэальнага і метафізічнага склала серыю з трох дзясяткаў прыгожых удумлівых тэкстаў, аб’яднаных загалоўкам “Простыя рэчы”, хоць аўтар і сам адзначаў, што далёка не ўсе яны такія “простыя”. Потым іх працягнула серыя артыкулаў “Стыль як фактар ідэнтычнасці”, потым з’явілася кніга “Колер Беларусі”, якую суправаджалі выставы ў гарадах краіны.
“Могілкі – прастора памяці. Смерць прыходзіць у іншыя месцы, выпадковыя і спецыяльна прызначаныя, бесцырымонна і амаль заўсёды не ў час. На могілкі смерць сыходзіць. Хаваюць менавіта яе, смерць. З нябожчыкам – развітваюцца. Праводзяць на гэтым свеце, каб раней ці пазней сустрэцца зноў, ужо назаўсёды, на тым, на іншым. Тут, з намі, застаецца памяць.”
budzma.by