Мсціжская сярэдняя школа – родная школа паэтэсы Веры Буланда, якую яна наведвае з асаблівай радасцю і трапяткімі пачуццямі, прыгадваючы адначасова часы дзяцінства і юнацтва, розныя шчаслівыя і трагічныя падзеі, звязаныя з родным мястэчкам, сваіх настаўнікаў, некаторыя з якіх яшчэ жывуць і падтрымліваюць сувязь са сваёй вучаніцай. Падыходзячы да школы, нельга абмінуць помнік спаленым мужчынам – аднавяскоўцам і партызанам 4 кастрычніка 1942 года. Пра гэта падрабязна распавядаюць у кнізе “Я – з вогненнай вёскі” Я. Брыль, Ул. Калеснік, А. Адамовіч. І шмат іншага прыгадвае выпускніца роднай школы, паведамляючы для выхаванцаў нешта новае, а некаторыя звесткі яны ўжо самі распавядаюць, бо ведаюць ад сваіх бацькоў і настаўнікаў.
З няменшай цікавасцю вучні слухалі і вершы зямлячкі, асабліва звязаныя з роднымі мясцінамі:
Прыехаць бы на Мсціж свой леташні,
Калі былі мы значна лепшымі,
Каб па лугах прайсціся босымі,
Умыцца б травамі нам роснымі,
Ды сонцам ранішнім уцерціся,
І на вясёлку абаперціся,
Самім сабе сказаць, што весела
Пабыць у краі сваім песенным,
Хоць у цяперашнім, не леташнім,
Каб нашы думкі сталі лепшымі.
Вядома, сум па маме і тату, роднай хаце не прамінула ў сваёй гутарцы паэтэса:
І так жадаю зноў прачнуцца
Ад дотыку далоні маці,
Абняцца з ёй, ёй усміхнуцца
І босаю прайсці па хаце.
І потым разам завіхацца
Ля печы, у двары і ў пуньцы…
О, як бы слухала я маці,
Калі б не ў снах дамоў вярнуцца.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўныя вучні атрымалі падарункі: паштоўкі “Не маўчым па-беларуску”, торбачкі.