10 красавіка спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі на Чэрвеньшчыне.
Першая сутрэча адбылася ў Грабёнкаўскай СШ, якая нядаўна адзначыла сваё 150-годдзе. Дырэктарам у ёй трыццаць гадоў працуе Мікалай Барбук – выдатны арганізатар, які традыцыйна ладзіць сустрэчы з беларускімі творцамі. Прычым, не ў цесных класах, а ў прасторнай спартовай зале. І гэтым разам там сабраліся не толькі вучні і педагогі (у тым ліку і былыя, якія цяпер на заслужаным адпачынку) Грабёнкаўскай школы, але і дырэктары школ з усяго Чэрвеньскага раёна.
Пад перазвон капяжоў за вокнамі адбыўся своеасаблівы паказальны ўрок на тэму “Паэзія і музыка абуджаюць душу”. Гучалі вершы і песні на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Сержука Сокалава-Воюша, уручаліся прызы за лепшае веданне айчыннай гісторыі. У выніку гаспадары засталіся задаволеныя імпрэзай, а госці атрымалі запрашэнні ад дырэктараў наведаць іх школы на Чэрвеньшчыне.
Другая сустрэча адбылася ў Чэрвеньскай раённай бібліятэцы і праходзіла як прэзентацыя кнігі Зоські Верас “Я помню ўсё: успаміны і лісты”, што выйшла нядаўна ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Укладальнік кнігі Міхась Скобла расказаў пра сваю сустрэчу з Зоськай Верас у яе Лясной хатцы ў Панарскім лесе пад Вільняй, пра аўтарку кнігі, якая была сябрам Рады БНР і сакратаркай Першага Усебеларускага з’езда, пісьменніцай і выдаўцом беларускіх дзіцячых часопісаў, лексікографам і траўніцай – укладальніцай нявыдадзенай энцыклапедыі “Лекавыя зёлкі”.
– Вельмі каштоўнай крыніцай з’яўляюцца не толькі ўспаміны Зоські Верас пра падзеі 1917-1918 гадоў, але і тыя 360 лістоў, якія надрукаваныя ў кнізе ўпершыню, – зазначыў Міхась Скобла.
Пра сяброўства Зоські Верас і Ларысы Геніюш эмацыйна распавяла Таццяна Грыневіч-Матафонава і праспявала некалькі песень на вершы апошняй. Вяла прэзентацыю дырэктарка бібліятэкі Людміла Войцік, якая прызналася, што падобныя сустрэчы прыносяць у людскія душы вясну.