У сярэдзіне снежня свет адзначае Дзень мастака... Але мастаком можна назваць і таго, хто малюе словам... Пісьменнікі на старонках сваіх твораў таксама ствараюць уражлівыя карціны — партрэты, пейзажы, батальныя сцэны... Але і сапраўдныя карціны мастакоў выкарыстоўваюць. Вялікім знаўцам сусветнага мастацтва быў Уладзімір Караткевіч, які і сам добра маляваў, піша «Звязда». Сярод яго ўлюбёнцаў — Брэйгель («Што ж ты пракінуўся, мужыцкі Брэйгель? Шпурляй у твар ім горкія палотны»), Босх («Дзіўны, дзіўны мастак! У цемры сярэднявечча сядзеў ён перад мальбертам»), Гоя («Сон розуму пачвар раджае, і панствуюць яны над ім»)... Караткевіча, дарэчы, забаўляла, што ён быў вельмі падобны да партрэта хлопчыка Пінтурык’ё 1480 г. — пра гэта яму яшчэ маці ў дзяцінстве сказала...
Караткевіч быў упэўнены, што падобны да гэтага партрэту пэндзля Пінтурык’ё.
Але проста згадваць рэальныя карціны мала — ён па-майстэрску прыдумвае палотны, якія існуюць толькі ў ягоным уяўленні...
Давайце ўспомнім гэтыя неіснуючыя карціны ад Караткевіча.
«Ганна і Ірына»
У рамане «Леаніды не вернуцца да зямлі» («Нельга забыць») вельмі шмат мастакоў і іх работ, бо ў аснове сюжэта — каханне Караткевіча да мастацтвазнаўцы Ніны Молевай, выведзенай пад імем Ірыны Горавай. Малады студэнт літінстытута, паэт Андрэй Грынкевіч пакутуе, бо яго выкладчыца Ірына гуляе з пачуццямі: то адгукаецца, то аддаляецца... І нават знаёміць Андрэя са сваёй сястрой Ганнай, мастачкай, якая не толькі таленавітая, але яшчэ і незвычайна прыгожая, — ці каб выпрабаваць пачуцці Андрэя, ці каб ён сапраўды перанёс сваю закаханасць на прыгажуню Ганну... Так Грынкевіч трапляе ў мастакоўскі асяродак, дзе яго шчыра палюбілі — не толькі Ганна, але і яе калегі. І калі аднойчы Андрэй з’яўляецца ў майстэрні, мастакі падрыхтавалі яму падарунак:
«Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.
Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.
Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.
Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы».
Немагчымы выбар чакае Андрэя... Сэрца яго аддадзена не лагоднай Ганне, а здрадлівай Ірыне, чужой жонцы. Але калі Ірына памірае, ён застаецца з Ганнай.
Партрэт Блакітнай Жанчыны
У аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» вялікую ролю адыгрывае адзін партрэт... Ён адразу прываблівае ўвагу выпадковага госця маёнтка Балотныя Яліны, фалькларыста Андрэя Беларэцкага:
«...жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы.
Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава.
— Ты — маленькі чалавек, — як быццам казаў яе позірк, — што ты зведаў у жыцці? О, каб ведаў ты, як палаюць паходні на сценах залы для піроў, каб ведаў ты, якая насалода цалаваць да крыві каханкаў, дваіх звесці ў бойцы, аднаго атруціць, аднаго кінуць у рукі кату, дапамагаць мужу страляць з вежы па наступаючых ворагах, яшчэ аднаго каханка амаль звесці ў магілу сваім каханнем і пасля ўзяць ягоную правіну на сябе, скласці на эшафоце сваю галаву з высокім белым ілбом і складанай прычоскай».
Гэткае падрабязнае апісанне невыпадковае: калі Беларэцкі ўпершыню бачыць маладую гаспадыню Балотных Ялін Надзею Яноўскую, яму здаецца, што той партрэт, які ён толькі што разглядаў, ажыў... Вось толькі калі жанчына на партрэце была прыгожай, то жывы яе двайнік падаўся госцю страшэнна брыдкім... Потым мы даведаемся, што аблічча Надзеі гэтак змяніў застарэлы жах... Сярод зданяў, якія гэты жах ствараюць, прывід Блакітнай Жанчыны, той самай пані з партрэта. Паводле падання, гэтая прабабуля Надзеі, калі яе цягнулі на плаху, паклялася адпомсціць усім нашчадкам роду Яноўскіх, вось яе прывід і з’яўляецца, калі нехта з іх мусіць памерці...
Юнак з белым канём
Герой рамана «Каласы пад сярпом тваім», юны княжыч Алесь Загорскі, прайшоў праз старажытны абрад дзядзькавання — яго малым аддалі на некалькі гадоў выхоўвацца ў сялянскай сям’і, каб вырас не спешчаным і ведаў цану хлебу. А калі хлопчыка вярнулі ў сям’ю, пачалося арыстакратычнае выхаванне. Вось бацька паказвае сыну яго будучыя ўладанні і прыводзіць у карцінны павільён, каб паказаць толькі адно палатно:
«Проста перад імі вісела на сцяне даволі вялікая карціна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карціне быў пейзаж, якіх не бывае — празрыста-блакітны і няўлоўны.
— Мантэнья, — сказаў бацька, — славуты італьянскі мастак.
Пейзаж праглядаўся праз галіны высокай яблыні з залацістымі пладамі. А пад дрэвамі ішоў кудысь малады чалавек і вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгія рукавы дзівоснага ўбору адносіў вецер.
У чалавека былі цёмна-шэрыя вочы і прамы нос.
— Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, — сказаў бацька.— І вось успомніў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты і Урга. Як дзве кроплі вады.
Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя дні белы конь! І ўсё гэта было як сон. І вось цяпер ён сам, сам Алесь, ішоў з белым канём у нейкую блакітную далячынь».
Вобраз белага каня вельмі важны для рамана... Маленькі Алесь чуе песню старога Данілы пра жарабя святога Міколы... Калі тое жарабя вырасце ў гожага белага каня, на ім з’явіцца герой, які вызваліць народ ад прыгнёту. Алесь верыць, што менавіта ён будзе тым вершнікам. І хаця карціны, якую апісвае Караткевіч, не існуе, мастак Андрэа Мантэнья рэальны — ён жыў у Італіі XV стагоддзя. А на апісанне Караткевіча натхніла, магчыма, серыя карцін Мантэньі, створаных для герцагскага палаца Ганзага ў Мантуі «Трыумф Цэзара» — на фоне вайсковага парада там ёсць юнак з белым канём.
Партрэт цыганкі
У рамане «Чорны замак Альшанскі» гісторыку Антону Космічу ў разблытванні забойства ягонага сябра дапамагае сусед — палкоўнік Хілінскі. У кватэры Хілінскага «вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.
Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць. О, пане мой божа!»
Аднойчы Хілінскі адкрывае Антону Космічу таямніцу гэтага партрэта: на ім ягоная жонка, таленавітая спявачка, па нацыянальнасці цыганка. У час вайны яе закатавалі фашысты ў канцэнтрацыйным лагеры, і сын іх знік... Магчыма, паколькі нарадзіўся бялявенькі, «нардычнага тыпу», быў аддадзены на выхаванне ў Германіі і ніколі не даведаецца, хто і адкуль ён. Хілінскі не можа змірыцца са сваёй трагедыяй. «Якая была Грушанька ў «Зачараваным вандроўніку», якая Маша ў «Жывым трупе»! Спявала — плакалі людзі. І за гэта — яр. За ўсё — яр».
Ян Прыгожы і Балотны Уладар
Галоўны герой апавядання «Ідылія ў духу Вато» — мастак... Ён адмаўляецца ад кахання, таму што смяротна хворы і не хоча псаваць жанчыне, якая яго кахае, жыццё. Але адбываецца апошняе спатканне, і мастак паказвае любай свае карціны. Адна называецца «Радзіма»: «Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу. Рабілася шкода чагосьці, нешта пагражала, нараджалася ў сэрцы няўмольная любоў». Другая называецца «Вайна» — «пакрыўлены рог дома, акно, з якога, як сцяг, вырывалася фіранка, — відаць, па пакоях гуляла пройма — і двух сабак, якія пілі ваду пад дзіраваю рынай. Убаку трэці пёс, пужліва азіраючыся, капаў сабе ў зямлі нару». Трэцяя прысвечана каханню: «Бязмежная роўнядзь вады, сусветны патоп, а над ёю юнак, што ўздымаў на руках непрытомную дзяўчыну. Вада ўсё прыбывала, і на твары юнака можна было чытаць: «Любая, дыхай, пакуль мае вусны не зніклі пад вадой».
А самая ўражлівая прысвечана барацьбе жыцця і смерці:
«На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй стычцы два коннікі.
Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драматызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.
Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара».
Вельмі важны вобраз для Караткевіча... У рамане «Леаніды не вернуцца да зямлі» яго альтэр эга — паэт Грынкевіч піша пра сябе: «Таму, што не быў я спакойнай травой, / А быў удалым, Як Ян Прыгожы: / Ў стрэмя нагой ці аб пень галавой».
Шкада, што апісаных майстрам слова карцін не існуе — затое дзякуючы яго майстэрству мы можам іх дакладна ўявіць. А словы Караткевіча спаконвек будуць натхняць мастакоў.
Людміла Рублеўская, «Звязда»