Прэс-клуб на тэму «Грамадзянская супольнасць у Беларусі: асаблівасці супрацы з уладамі» прайшоў у Магілёве.
Удзельнікі прэс-клуба спрабавалі высветліць, наколькі мясцовыя жыхары ангажаваныя ў працу грамадскіх арганізацый, якім чынам павялічыць цікавасць грамадзянаў да грамадскіх арганізацый, якія асаблівасці ўзаемадзеяння грамадскага сектару і ўладных структураў і, вядома, якую ролю граюць СМІ ў дыялогу грамадзянаў з уладамі.
Спікерамі прэс-клуба сталі: Таццяна Кузіна – эксперт у галіне партысіпатыўнага кіравання, Алег Сівагракаў – эксперт па ўстойлівым развіцці, Дзяніс Васількоў – эксперт ад каманды tut.by і цэнтра «Кола», а таксама кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.
Таццяна Кузіна прадставіла вынікі даследавання на тэму «Грамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з уладамі». У першую чаргу даследаванне датычылася таго, каму і чаму давяраюць беларусы. Як высветлілася, 55% апытаных лічаць, што без даверу да людзей нельга дамагчыся поспеху. У Магілёўскай вобласці аказаўся самы вялікі працэнт – 76% – за тое, што людзі самі адказваюць за свой дабрабыт і самі вырашаюць свае праблемы, і толькі 17% апытаных лічаць, што за іх дабрабыт адказвае дзяржава.
Высновы з вялікай прэзентацыі ад Таццяны Кузінай можна зрабіць наступныя: грамадскія арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць у неспрыяльным з пункту гледжання даверу сацыяльным кантэксце. У цяжкай жыццёвай сітуацыі людзі больш схільныя спадзявацца на свае сілы, чым на дзяржаву. Інфармаванасць людзей пра дзейнасць грамадскіх арганізацый ніжэйшая, чым пра дзейнасць уладных інстытутаў. На фоне невысокага ўзроўню даверу да інстытутаў узрастае давер да пэўных прадстаўнікоў гэтых інстытутаў. Напрыклад, людзі могуць не давяраць арганізацыі, але давяраць яе канкрэтнаму актывісту. Жанчыны больш за мужчын разлічваюць на падтрымку дзяржавы і вылучаюцца вышэйшым узроўнем даверу.
Супраца ці супраціў? У Віцебску прайшоў прэс-клуб пра ўзаемадзеянне актывістаў і чыноўнікаў
Прэзентацыя пра стаўленне жыхароў і ўладаў да арганізацыяй грамадзянскай супольнасці паказала, што няўрадавыя арганізацыі павінныя абараняць інтарэсы грамадзян перад дзяржавай, а дзяржава хутчэй замінае дзейнасці арганізацый, чым дапамагае ім. Пры гэтым застаецца праблема заўважнасці дзейнасці недзяржаўных арганізацый.
Наконт гатоўнасці людзей браць удзел у кіраванні працэсамі на мясцовым узроўні высветлілася, што жыхары Беларусі мала вераць у свае магчымасці паўплываць на гэтыя працэсы. Адзіны магчымы шлях для людзей – уплываць праз афіцыйныя звароты да сістэмы дзяржаўнага кіравання. У цэлым адзначаецца нізкі ўзровень гатоўнасці насельніцтва да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў.
Таксама ў даследаванні разглядалася пытанне ўспрыняцця беларускай мовы ў грамадстве. Назіраецца падвышэнне ўзроўню валодання беларускай мовай сярод беларусаў. Таксама адбываюцца паступовыя змены ў стаўленні да беларускай мовы: ад палітычна афарбаванага да нейтральнага.
Алег Сівагракаў – аўтар кнігі «100 крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка» – падзяліўся сваім досведам па ўстойлівым развіцці супольнасцяў. Паводле ягоных падлікаў, супрацоўнікі недзяржаўных арганізацыяў Еўрапейскага саюза складаюць каля 15% ад занятых у эканоміцы людзей, што з’яўляецца вельмі вялікім паказнікам у параўнанні з Беларуссю. Хоць у нас і няма такой колькасці няўрадавых арганізацый, мы павінныя пашыраць веды пра тыя, што ёсць. Парада ад Алега – рабіце добрыя справы і гаварыце пра гэта. І гэта ні ў якім разе не фанабэрства. Проста ніхто не даведаецца пра вашыя справы, калі вы самі пра іх не раскажаце.
Алег Сівагракаў: Трэба станавіцца на абарону “местачковасці”!
Алег прыводзіў шмат прыкладаў у доказ таго, што мясцовыя актывісты, улады, жыхары бачаць свае рэсурсы нашмат лепей, чым зверху. А таму менавіта мясцовыя арганізацыі, органы ўлады і жыхары павінныя вырашаць свае кірункі развіцця самастойна, на мясцовым узроўні. На думку Алега, беларускім вёскам, аграгарадкам і гарадам патрэбныя свае арганізацыі, якія будуць займацца пытаннямі гэтых населеных пунктаў. Калі самі жыхары гатовыя ўкладаць грошы ў сваё месца пражывання, гэта паказальна і для астатніх: значыць, месца вартае таго, каб у яго ўкладалі грошы. Дзейнасць арганізацый, як рэклама, будзе прывабліваць у мястэчкі і людзей і грошы.
Магілёўскі блогер і актывіст Дзяніс Васількоў пачаў з таго, што ўсе актывісты – у першую чаргу практыкі. Дзяніс сумленна прызнаецца, што падчас рэалізацыі ўсіх сваіх праектаў ніколі не думаў, што пра яго падумае ўлада: «Любы чалавек, які піша пра гарадскія праблемы і пры гэтым не стаіць у планах гарвыканкама, будзе ўладамі ўспрымацца не вельмі пазітыўна. Але трэба разумець, што я расказваю пра гарадскія праблемы не проста так, а таму, што я тут жыву. Я не з’ехаў, мне неабыякавая гэтая зямля, тут мой дом, а гэта значыць, што гэта не толькі мая праблема. Гэта праблема і майго суседа, і прадстаўнікоў улады, і ўсіх жыхароў майго горада. Мы – усе, хто тут жыве – павінныя быць заадно, мы не паасобку, мы – разам».
«Я раблю нешта таму, што не магу не рабіць гэтага», – кажа Дзяніс. «Я намагаюся ўсіх ахвочых далучаць да сваіх праектаў. Напрыклад, пад маім акном спілавалі дрэва, я не вытрымаў і напісаў пра гэта пост у сацыяльныя сеткі. У адказ атрымаў хвалю падтрымкі: каментары, рэпосты, канечне, і лайкі таксама – гэтак людзі ўцягваюцца ў тэму. Таму мая парада: вядзіце сумленную і адкрытую камунікацыю з людзьмі праз інтэрнэт і заўсёды атрымаеце зваротную сувязь. Пры гэтым у пастах не дапускаецца фанабэрыя і любая складаная тэрміналогія, а таксама канцылярская мова. Пішыце проста і зразумела, і людзі вас пачуюць».
Выснова, якой падзяліўся Дзяніс Васількоў: уладам, СМІ і грамадству трэба сінхранізавацца. У нас адна справа, таму варта рабіць яе разам.
Юрый Стукалаў з 2012 года ў грамадскім сектары. Ён прасачыў тэндэнцыю, як з таго часу мянялася стаўленне ўладаў да грамадзянскай супольнасці ў Магілёве:
«З кожным годам відавочны прагрэс. Я спадзяюся, што і ЦГІ на гэта паўплываў. Але моцны эфект аказаў інтэрнэт. Нават цяпер пры дапамозе інтэрнэту мы лёгка робім гэты прэс-клуб публічнай падзеяй: у нас ідуць 2 стрымы, якія можна глядзець проста цяпер ці ў любы зручны час пасля. А значыць, убачыць і пачуць усё, што тут адбывалася, можа любы чалавек. Дзякуючы сацыяльным сеткам мы прыходзім як да ўладаў, так і да жыхароў – уся нашая дзейнасць адкрытая, бачная, кожны можа за ёй прасачыць».
Юрый Стукалаў прыводзіць прыклады з дзейнасці ЦГІ: «Калі раней нашыя анонсы не хацелі браць, то цяпер мы супрацоўнічаем з усімі СМІ. Анонсы нашых мерапрыемстваў публікуе БЕЛТА і СБ (газета «Беларусь сегодня)».
Пры гэтым Юрый зазначае, што «шмат залежыць ад чалавечага фактару»: нехта гатовы супрацоўнічаць ужо сёння, а нехта прыйдзе да гэтага толькі праз год ці два. У любым выпадку мы ад самага пачатку рабілі ўсю сваю дзейнасць публічнай, асвячалі ўсё максімальна шырока. І лічым, што так павінныя працаваць усе».
Высновы ад Юрыя Стукалава: арганізацыя вы грамадзянскай супольнасці ці ўладная структура – рабіце прэс-рэлізы для СМІ, публікуйце анонсы, пострэлізы, вядзіце стрымы, каб зрабіць сваю дзейнасць максімальна адкрытай і зразумелай для людзей. Бо сёння без публічнасці развіццё грамадзянскай супольнасці немагчымае.
Аліна Скрабунова