У Вільні 19 лістапада адбыўся сумесны творчы вечар паэта, перакладчыка, музыкі Алеся Плоткі і музыкі (а таксама актора, кампазітара, журналіста, выкладчыка ангельскай мовы і шмат каго яшчэ) Сяргея Пукста. Як гэта было, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Наста Шпакоўская і Алесь Плотка
Імпрэза была чарговай серыяй «Шпакоўніка» — цыкла музычна-паэтычных кватэрнікаў, якія ладзіць салістка і лідарка гурта Naka, актрыса Віленскага Старога тэатра Наста Шпакоўская. Як кажа сама Наста, мэта праекта — даць гледачам ўнікальную магчымасць блізка пазнаёміцца і пагутарыць з вядомымі музыкантамі, паэтамі, акцёрамі, беларускімі і не толькі. «Гэта жывы дыялог і жывая творчасць у хатняй абстаноўцы з утульнай атмасферай. Камерныя канцэрты — як маленькае жыццё, пражытае разам. На адной хвалі. На адным дыханні».
Вечарына праходзіла ў арт-кавярні «Balkonas», якая месціцца ў будынку Старога тэатра на рагу вуліц Басанавічуса і Міндаўга. Месца ідэальна пасуе менавіта для кватэрнікаў. Тут сапраўды пануе хатняя атмасфера з прысмакам арт-андэграўнда.
Імпрэза складалася з дзвюх частак. Спачатку быў выступ Алеся Плоткі. Літаратар і музыка з Гомеля (аб чым ён неаднойчы жартаўліва нагадваў цягам вечара), вядомы па праектах Sož і Baisan&Yasinski, а апошнім часам — як перакладчык на беларускую мову «Свінняў» Аляксандра Чарнухі, чытаў свае вершы за паўтара дзесяцігоддзі, паступова пераходзячы ад паўжартаўлівых тэкстаў хіпстарскага пачатку 10-х да змрочнай і песімістычнай лірыкі апошніх трох гадоў, часткова вядомай чытачам па кнізе Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine.
Алесь Плотка
Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine — дыхтоўны фотаальбом з вершамі, створаны Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў — Беларусь і Украіна, іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў кніга змяшчае пераклады на беларускую мову твораў украінскіх літаратараў (Іван Сэмесюк, Таня Радзівонава, Вячаслаў Лявіцкі, Лэсык Панасюк, Angie Siveria).
Кнігу можна было набыць на імпрэзе.
Увесь прыбытак ідзе на карысць рэабілітацыйнага цэнтру для вайскоўцаў «Ланка», які адчынілі у мінулым годзе пад Кіевам беларускія актывісты.
Як кажа сам Алесь, у яго няма бачання будучыні, нейкага аптымізму, які можна было б перадаць другім, ці парадаў, што рабіць, акрамя канкрэтных спраў «тут і цяпер».
Алесь Плотка
Другой часткай вечара быў выступ Сяргея Пукста. Як заўсёды неверагодны, складаны і рознабаковы, больш падобны на тэатральны перформанс, чым проста на музычна выступ. Тыя, хто былі на канцэртах «энцыклапедычнага эксцэнтрыка» і трыкстэра, могуць сабе яго ўявіць, астатнім проста трэба бачыць і чуць.
Сяргей Пукст
Сяргей Пукст і гледачы
Сяргей Пукст на "Шпакоўніку" ў Вільні
Сяргей Пукст на "Шпакоўніку" ў Вільні
Сяргей Пукст і юны прыхільнік яго творчасці на "Шпакоўніку" ў Вільні
Чытайце па тэме:
Што адбываецца на гэтых «крывавых землях» — у Беларусі і ва Украіне. Алесь Плотка пра кнігу Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine
Яўген Ерчак, фота аўтара, Budzma.org