У тым, што са школьнай праграмы прыбралі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, насамрэч няма ніякага дзіва. Адкрыта забараніць не наважыліся, але і пакідаць як ёсць не захацелі, таму проста выкінулі чарговую нязручную кнігу чарговага беларускага аўтара.
Уладзімір Караткевіч
Здавалася б, дык а ў чым праблема? Ды ні ў чым. Проста камусьці вельмі не хочацца, каб беларусы рабіліся беларусамі або імі заставаліся. Бо акурат гэты раман — адзін з самых галоўных твораў у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. А можа, і наогул у беларускай літаратуры ўсіх часоў.
Чаму так? Бо Караткевіч акрамя відавочнага пісьменніцкага таленту меў яшчэ адну яскравую адметнасць, якая дадзена далёка не кожнаму літаратару — ён умеў запальваць сэрцы. Будзьма шчырымі, каб любіць беларускую літаратуру, рэгулярна чытаць і перачытваць яе, трэба мець даволі спецыфічны густ і кола зацікаўленасцяў.
Чалавеку, далёкаму ад гуманітарнай сферы, збольшага ўсё роўна, што там пісалі беларускія пісьменнікі і даваеннай, і паваеннай пары. Бо літаратура таго часу была пераважна кан’юнктурнай — ад пачатку 30-х гадоў, як пачаліся працэсы ўніфікацыі грамадства, творы пісалі так, як патрабавала партыя. Хай сабе і на беларускай мове, але ў першую чаргу пра шчаслівых рабочых і калгаснікаў, якія будуюць камунізм.
Вядома, што можна ўзяць у рукі «Спалох на загонах» Платона Галавача або «Перагуды» Цішкі Гартнага. Але наўрад ці гэтыя творы пакінуць нейкі адбітак у памяці, прымусяць задумацца аб сваім месцы ў гісторыі і жыцці. Гэта не болей чым зацемкі з жыцця вёскі, якая імкліва калектывізуецца ў змрочныя сталінскія часы. Не зробяць таго і «Дабрасельцы» Аляксея Кулакоўскага, праз якіх ён страціў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» у 1958 годзе.
А вось з Караткевічам іначай. Ён неяк здолеў вырвацца з гэтага сацрэалізму, як бы ніколі і не жыў у тым герметычным савецкім грамадстве. Такое адчуванне, што Уладзімір Сямёнавіч прыйшоў да нас з нейкай іншай паралельнай рэальнасці, дзе ўсё было іначай. Хай сабе і троху запознена — калі часы рамантыкі ўжо незваротна міналі. Але тым не менш ён здолеў зрабіць тое, чаго іншыя не змаглі.
Яго творы — не проста прыгожае пісьменства на гістарычную тэматыку. Яны пра ўзнёслую адданасць беларушчыне, самаахвярнае служэнне ідэі, тое, што старажытныя грэкі называлі энтузіязмам. Беларусам, будзьма шчырымі, такога заўжды бракавала. Бо ўжо ад самага з’яўлення новай беларускай літаратуры там панавала нейкая прыхаваная скруха і паняверка, няўпэўненасць у сабе і сваіх сілах. Згадаем Мацея Бурачка з ягонай літасцівай просьбай — «Не пакідайце ж...».
Караткевіч быў іншай пароды — аглядаючыся на застылую рэальнасць, дзе без чаркі часам было проста немагчыма, ён ствараў свой ідэальны свет. У якім беларусы адданыя, перакананыя, а галоўнае — моцныя. Харызматычныя пасіянарыі, якія могуць пастаяць за сябе і нават абвесці вакол пальца пані Смерць, як той Гервасій Выліваха.
Таму не дзіва, што менавіта з-пад ягонага пяра выйшаў твор пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, які многім савецкім «общечеловекам» вяртаў жаданне быць сабой — быць беларусамі. «Каласы пад сярпом тваім» — тая рэдкая яскарка ў беларускай культуры, якая здольная раздзьмуць сапраўднае вогнішча.
Таму і прыбралі са школьнай праграмы гэты твор, бо ён ніяк не ўпісваецца ў цяперашнія варункі. Дзе беларус не можа быць самадастатковай адзінкай, мужным і смелым чалавекам, які сам выбірае, як яму жыць. Зараз беларус — гэта такі ціхмяны персанаж, які, калі што і ўмее, дык гэта хіба што «злівацца з асфальтам». Каб было яго нідзе не бачна і не чутна.
Караткевічу ад гэтага ні цёпла, ні халодна. Яго як чыталі, так і будуць чытаць. Хутчэй нават зноў пачне расці цікавасць як да ягонай творчаці, так і да ягонай асобы. Ды і справа з чытанкай для дзяцей і падлеткаў будзе вырашана — ну як прымусіць у век гаджэтаў ды смартфонаў чытаць нейкую там кнігу пра невядома што?
А забароненае і непажаданае заўжды вабіць, нават калі чагосьці крымінальнага там напраўду і няма. Гэта як упершыню выпаліць цыгарэту за школай або выпіць троху алкаголю на выпускным — ніякай шкоды нібы і няма, але пачуваешся сапраўды па-даросламу. Тое будзе і з «Каласамі», якія многія рынуцца чытаць, бо ад цяпер гэты твор у ліку непажаданых.
А тым часам раман гэты доўгія гады вытрымліваў шматлікія перавыданні і быў заўжды ў лідарах продажаў. Зноў жа рэдкая з’ява, калі кніга, што была напісана ў нудныя савецкія часы, добра прадаецца і чытаецца тады, калі тая пара незваротна мінула. Гэта відавочна прыватны поспех Караткевіча, які здолеў выкласціся на ўсе сто адсоткаў і за сваё даволі кароткае жыццё паспеў стварыць столькі шэдэўраў.
Цяжка прагназаваць, што будзе заўтра. Нават думаць не хочацца аб тым, што яшчэ мы можам прачытаць у навінах і каго пабачыць у спісах забароненых аўтараў. Але відавочна хіба што адно: Купалу з Коласам трэба падрыхтавацца, бо могуць надысці такія часы, калі панясуць і іх...
Пільны Чытач