Арганізатары прызнаюцца, што не чакалі такога рэзанансу сярод музычных гуртоў. Адборачны тур прайшлі 17 каманд — на мапе ўдзельнікаў фэсту Магілёў, Менск, Берасьце, Віцебск, Полацак, Быхаў, Нарач, Круглае і Горкі. Адноўлены штогадовы музычны фэст «Рок-Каляды» пройдзе 25–26 сьнежня ў Горках, што ў 80 кілямэтрах ад Магілёва.
Адборачны тур прайшлі 17 гуртоў: Indra (Полацак), Intra muros (Берасьце), Invasion (Наваполацак), Karakyli (Быхаў), Rosy (Менск), South Band (Віцебск), The Bottle Suckers (Віцебск), «Благі мат» (Менск), «Восьмыдзень« (Віцебск), «Да! Бл…» (Нарач), «Князь Мышкін» (Менск), «Лютавер’е» (Менск), Necrozis (Горкі), «Обзор» (Круглае), «Спрат» (Берасьце), «Заточка» (Магілёў), «Калачиком рядом» (Магілёў).
Традыцыйна па выніках фэсту будуць абраныя пераможцы ў намінацыях: Самы гучны бубнач, Самы басовы бас-гiтарыст, Самы бэкавы бэк-вакал, Самы рокавы рок-вакал, Самы ня сольны гiтарыст і Самы сольны сола-гiтарыст. Таксама па выніках першага дня — 25 сьнежня — будзе абраны галоўны пераможца — «Рок-зорка 2008», які 26 сьнежня возьме ўдзел у галя-канцэрце з гасьцямі фэсту і атрымае ў якасьці прыза 12 гадзінаў працы на студыі GS RECORDS. Калі ж пераможа гурт з Магілёўскай вобласьці, то ён аўтаматычна атрымае запрашэньне на ўдзел у Mass Medium Fest 2009 у Магілёве, а таксама каштоўны прыз ад арганізатараў.
У якасьці гасьцей «Рок-Калядаў» 26 сьнежня выступяць «3t.on» (Магілёў), Akropal (Смалявічы), «Забыты горад» (Горкі).
Косьця Прагулевіч