Традыцыйны рыцарскі фэст, які прайшоў у Мсціславе 26-27 ліпеня, чарговы раз сабраў мноства людзей. З кожным годам фестываль толькі набірае абароты, а арганізатары імкнуцца прадставіць гледачам нешта новенькае. Сёлета, напрыклад, на фестывалі можна было паглядзець на пацучыныя і тараканавыя забегі, а таксама зрабіць стаўкі на спаборніцтвах парасятаў.
Галоўным месцам правядзення свята стала, вядома, Замкавая гара. Менавіта там прайшлі рыцарскія баі, скокі на конях, канцэртная праграма і многае іншае. Аднак і ўвесь цэнтр горада ў дні фестывалю быў поўны забаў. Так, ахвочыя маглі пастраляць з лука, пабываць на дэгустацыі квасу і віна, выпрабаваць сваю ўдачу, зрабіўшы стаўкі ў тараканавых і пацучыных бягах, спаборніцтвах парасятаў. Дарэчы, парасятаў-пераможцаў потым можна было купіць і забраць дадому. Тараканаў-пераможцаў, на жаль, не распрадавалі, але забегі ўсё роўна сабралі нямала народу.
Яшчэ адным месцам, дзе можна было заспець святкаванне, стаў кармеліцкi касцёл — там можна было пабываць на экскурсіі і нават прымераць гістарычныя касцюмы.
Ну і, вядома, у гэты дзень было мноства рыцарскіх турніраў — і конных, і пешых, а таксама традыцыйны штурм замка. Аднак у сувязі з умовамі надвор’я многія бітвы давялося перанесці на больш позні час — у цяжкай брані шмат каму рабілася дрэнна ад спёкі. Ды і ў цэлым моцная спёка ў гэты дзень крыху сапсавала свята, аднак на галоўных вуліцах горада ўсё роўна было не прайсці, і свята, як заўсёды, прайшло на ўра.
Марыя Гілёва