У народным календары 13 студзеня – Шчодры, ці Святы вечар. На поўдні і ўсходзе Беларусі ў гэты вечар, перад днём святога Васіля, адбываецца абрад шчадравання – абыход двароў гуртом шчадроўнікаў. У шчадроўках (абыходных песнях) “Святы Васілёк” часта згадваецца ў рэфрэне пасля кожнага радка. Паўтарацца могуць і словы “Святы вечо(а)р” ці “Шчодры вечо(а)р”.
Шчадраванне часта блытаюць з калядаваннем, але “калядаванне” ў вузкім сэнсе слова – гэта абыход двароў 7 ці 8 студзеня. У шырокім жа сэнсе паняцце “калядаванне” ўключае ў сябе шчадраванне і выкарыстоўваецца для азначэння любога абыходу двароў падчас Калядаў (доўжацца з вечара 24 снежня да 6 студзеня ў каталікоў і з вечара 6 студзеня да 19 ці 21 студзеня ў праваслаўных).
Аматары традыцыйнай культуры з Мінска 13 студзеня вырашылі далучыцца да гурта шчадроўнікаў з вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Папярэдне вывучылі шчадроўку з гэтай мясцовасці – “Ой, там на горы жылі столяры”. Вельмі часта ўсе абыходныя песні спяваюцца на адзін матыў, тыповы для дадзенай мясцовасці. Так і ў Дзятлавічах. Розняцца толькі словы ў залежнасці ад таго, каму спяваюць: гаспадару, гаспадыні, незамужняй дачцэ, нежанатаму сыну. Цікава, што ў паўднёваславянскіх краінах падчас абыходу двароў спявалі яшчэ нябожчыкам, якіх памяталі.
У Дзятлавічах шчадраваць пачынаюць досыць позна, каля сёмай гадзіны вечара, на дварэ ў гэты час ужо цёмна. Прыехаўшы ў абед, аматары традыцыйнай культуры паспелі наведаць 3 хаты, запісаць ад бабуль песні, пафатаграфаваць саматканыя вырабы. Самымі адказнымі момантамі сталі спробы паспяваць разам з бабулямі вывучаную раней песню пра сталяроў. Жывой спеўнай традыцыі ўласцівая імправізацыйнасць, таму рызыка “не патрапіць” у матыў была вельмі вялікай. Падчас сумесных спеваў высветлілася, што вывучаная песня мае працяг, да таго ж у чатырох варыянтах.
Некаторыя з вандроўнікаў удзельнічалі да паездкі ў Дзятлавічы ў мінскіх калядаваннях, што ладзіла зацікаўленая традыцыйнай культурай моладзь. Аднак менавіта ўдзел у абрадзе, што праводзіцца ў месцы яго спрадвечнага бытавання, дазваляе па-сапраўднаму адчуць повязь часоў.
Найстарэйшыя жыхаркі Дзятлавічаў праз узрост і стан здароўя ўжо не ўдзельнічаюць у шчадраванні, адно чакаюць гурт шчадроўнікаў з падрыхтаванай “калядой” (дарамі). Калі гурт прыходзіць, бабулі далучаюцца да спеваў і танцаў. Мабыць, найстарэйшыя спявачкі – самая ўдзячная аўдыторыя для гурта, з імі лёгка ўнесці ў абрад, як цяпер модна казаць, інтэрактыў. Асноўны склад шчадроўнікаў – людзі сярэдняга веку. Таго ж узросту і большасць гаспадароў, да якіх завітваў гурт.
Дзеці і падлеткі ў Дзятлавічах не шчадруюць разам з дарослымі, ходзяць асобнымі гуртамі.
Асноўныя персанажы ў гурце шчадроўнікаў – Каза і Мядзведзь, але ёсць і Цыган з Цыганкай, Засявальніца, Зарканоша, Механоша, музыкі (гарманіст і бубнач). Паклікаўшы гаспадароў, асыпаюць хату жытам. Як і мае быць, “памірае” і “аджывае”, атрымаўшы сала, каза. Мядзведзь топчацца на месцы. Песні гучаць і пад гармонік, і акапэльна. Падрыхтаваўшыся падчас спеваў з бабулямі, госці з Мінска ўліваюцца ў хор галасоў.
Для часткі вандроўнікаў паездка ў Дзятлавічы стала першай магчымасцю далучыцца да жывой традыцыйнай культуры, праявы якой яны раней бачылі праз чужыя запісы і фотаздымкі.
Некаторыя ўдзельнікі вандроўкі падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Наталля: Гэта была мая першая так званая экспедыцыя, і з упэўненасцю магу сказаць што гэта было неверагодна. Раней не была ў гэтай мясцовасці, таму вельмі цікавай падалася гаворка людзей; і ўяўляла, і слухала розныя запісы, але “ўжывую”, калі з табой проста вядуць гаворку, гучыць вельмі нова і нязвыкла. Таксама і спеў: нельга параўноўваць розныя запісы і сапраўднае гучанне, праз якое адлюстроўваецца стан душы чалавека на той момант, яго настрой. Ні на што не прамяняеш пачуцці, якія атрымоўваеш ад выканання. Здаецца, што песня, яе словы і жыццёвы досвед спявачак пранікае ў самую глыбіню душы. Сапраўды, у такія моманты не хочацца больш нічога казаць, а толькі перажываць усё гэта разам з імі.
Уражвае і гасціннасць жыхароў, гэта нешта асаблівае. Увогуле людзі там вельмі шчырыя і добразычлівыя.
Надзея: Даўно я не атрымлівала такіх яркіх уражанняў. Я чалавек, які кожнае лета праводзіў у бабулі ў вёсцы ў Заходняй Беларусі, таму нельга сказаць, што мне незнаёмае вясковае жыццё. Але ў Дзятлавічах, у палескай вёсцы, усё неяк адрозніваецца. Па-першае, мяне вельмі здзівіў дыялект, некаторых словаў я нават не ведала. Па-другое, сам абрад шчадравання вельмі падняў настрой. Раней да нас прыходзілі калядаваць толькі дзеці, якія расказвалі вершы ці спявалі царкоўныя песні. А тут я ўбачыла цэлую традыцыю, якая ўсталявалася з гадамі. Каларытныя персанажы, шчырыя пажаданні і, канечне, народныя песні – усе было прасякнутае нашай беларускай спадчынай. Але больш за ўсё ўразіла сустрэча з бабулямі, носьбітамі нашай народнай культуры. Калі яны заспявалі, то па целе забегалі дрыжыкі, настолькі моцныя і хвалюючыя галасы. Я лічу, што гэта быў добры вопыт для нашага навучання спевам. Уразілі таксама рэчы, якія бабулі нам паказалі: вышываныя ручнікі, посцілкі, прасціны, іх строі (як выявілася, яны засталіся ім яшчэ ад матуль). Я вельмі радая, што мне давялося самой убачыць і самой дакрануцца да нашай беларускай спадчыны.
Алена Ляшкевіч
Фота Аляксея Піскуна