Сабака бывае куслівым – але толькі не на Усходзе. На Усходзе сабака шчаслівы. У гэтым пераканаўся кожны, хто прыйшоў у Нацыянальны мастацкі музей на святкаванне ўсходняга Новага года.
Падчас свята залы музея ператварыліся ў маленькі Пекін, Сеул і Токіа адначасова. На святкаванне цэлымі сем’ямі прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў Кітая, Японіі і Карэі. У гэты дзень у музеі не было дзялення на вялікага і маленькага наведніка: з аднолькава моцным запалам і дарослыя, і дзеці ўпрыгожвалі велізарнага папяровага сабаку (сімвал 2018 года!), прыдумлялі яму імя (Зефір, Ларыса, Рунэт – самыя запамінальныя!), гулялі ў тайцзы байлун бол (кітайскі бадмінтон), глядзелі трэвэл-відэа пра краіны Усходу, вучылі простыя вітанні і віншаванні на японскай, кітайскай і карэйскай мовах.
Два паверхі аднаго з карпусоў аддалі пад творчыя майстэрні. У адной з іх можна было з нуля зрабіць навагоднюю паштоўку ў карэйскім стылі, у другой – апрануць Сабаку ў папяровае кімано, у трэцяй – напісаць калектыўную сагу пра Шчаслівага Сабаку, у чацвёртай – намаляваць іерогліфы на рысавай паперы, у пятай – зрабіць часовы бодзі-арт у выглядзе кветачкі сакуры. Вялікая чарга ўтварылася ля фатазоны: кожны меў магчымасць зрабіць сэлфі з чырвоным ліхтаром у кадры. Ліхтар – адзін з сімвалаў свята. Новы год у Кітаі называюць Чуньцзе, альбо Свята вясны. Дата яго вызначаецца па месяцовым кітайскім календары і змяняецца з года ў год. Традыцыйна яна звязаная з завяршэннем поўнага месяцовага цыклу, што азначаецца зімовым маладзіком. Ліхтары чырвонага колеру, якімі ў Кітаі прынята ўпрыгожваць дамы, звязаныя з міфічным зверам Нянем. Калісьці Нянь нападаў на вёскі і сёлы, знішчаючы харчовыя запасы, выкрадаючы і забіваючы людзей. Жыхары пачалі пакідаць ежу для Няня, але звер працягваў бясчынстваваць. Аднойчы Нянь сутыкнуўся з маленькім дзіцем у чырвоным адзенні і… нечакана для ўсіх спалохаўся яго ды кінуўся на ўцёкі. З тых самых часоў да кожнага Новага года кітайцы развешваюць на вокнах і дзвярах чырвоныя ліхтары і скруткі. А завяршаюць святочную ноч запускам петардаў і феерверкаў – каб канчаткова напалохаць нячысцікаў.
З усходняга Новага года па-беларуску кожны госць пайшоў з уласнаручна зробленым сабакам. Некаторыя працягнулі святкаванні ў музейнай кавярні – ужо з рознымі беларускімі блінамі: Масленіца!
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева