Фонд Fritt Ord і Фонд Zeit Stiftung Bucerius абвесцілі, што ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год будуць уручаныя журналістам і СМІ з Беларусі, Грузіі, Украіны, Азербайджана, Расіі і, упершыню, Венгрыі, паведамляе БАЖ. Сярод лаўрэатаў прагучала імя гомельскай журналісткі Ларысы Шчараковай, якая зараз знаходзіцца за кратамі.
Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота
Прэміі Free Media Awards прызначаны журналістам і СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і ўручаюцца ў межах сумеснага праекта паміж фондам Fritt Ord у Нарвегіі і фондам Zeit Stiftung Bucerius у Германіі. Яны будуць уручаны шасці журналістам і СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў знак прызнання іх выдатнай расследавальніцкай журналістыкі і асабістай смеласці ў перыяд вялікіх пературбацый у рэгіёне. Некаторыя з лаўрэатаў прэміі гэтага года ў цяперашні час знаходзяцца ў турме з‑за сваёй журналісцкай дзейнасці.
Цырымонія ўручэння прэмій адбудзецца ў Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце 17 верасня 2024 года.
Ларыса Шчыракова (Беларусь)
Фрыланс-журналістка Ларыса Шчыракова атрымае прэмію Free Media Award за свае доблесныя і незалежныя дзеянні ў Беларусі. Яна ў цяперашні час знаходзіцца за кратамі як палітычная зняволеная.
Восенню 2023 года яна была асуджана на 3,5 гады пазбаўлення волі ў Беларусі па надуманым абвінавачанні. Сцвярджалася, што яна дыскрэдытавала Беларусь і спрыяла экстрэмізму, нібыта распаўсюджваючы дэзінфармацыю ў інтэрнэце.
Як фрыланс-журналістка Ларыса Шчыракова звярнула ўвагу на забытых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яна зрабіла дакументальны фільм «Забітыя і забытыя», у якім задакументвала гісторыі, расказаныя сваякамі рэпрэсаваных іншадумцаў.
Ларыса Шчыракова была апорай для фрыланс-журналістаў у рэгіёне Гомеля і настойліва працавала на міжнародным узроўні, каб зрабіць законным працу фрыланс-журналістаў у Беларусі.
Яна сама была першай фрыланс-журналісткай у Беларусі, аштрафаванай за нібыта «працу на замежныя СМІ». Ларыса Шчыракова смела асвятляла, як Беларусь змагалася з пандэміяй і пратэстамі пасля яе.
Чытайце таксама: «Паставіла для сябе амбітную мэту — стварыць моду на этна». Ларыса Шчыракова пра этнафатаграфію, дакументальныя фільмы і ўменне радавацца кожнаму дню
Прэмію таксама атрымаюць:
- Грузінская журналістка Настасся Арабулі, за сваю адважную незалежную журналістыку.
- Журналісцкі калектыў Bihus.Info з Украіны, за свае паглыбленыя, крэатыўныя расследаванні карупцыі і дакладнае дакументаванне ваенных злачынстваў, у тым ліку з фронту.
- Журналіст і рэдактар Саболц Паньі з Венгрыі, за сваю унікальную, нястомную расследавальніцкую журналістыку.
- Незалежная азербайджанская навінавая платформа Abzas Media, за сваю рашучую, сістэматычную расследавальніцкую журналістыку.
- Журналіст, рэдактар і выдавец Міхаіл Афанасьеў, за свае бескампрамісныя, адважныя рэпартажы з Сібіры ў Расіі.
Пра журы
Усе кандыдаты былі вылучаны міжнароднымі інстытутамі і арганізацыямі, якія дзейнічаюць ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, або экспертамі па рэгіёне. Міжнароднае журы абрала лаўрэатаў прэміі.
У склад журы Free Media Awards увайшлі: Аліса Бота, рэпарцёрка па Усходняй Еўропе з Die ZEIT, Атціла Манг, прадстаўнік Камітэта па абароне журналістаў у Еўропе, які базуецца ў Берліне, Іна Сангаджыева, дырэктар Дэпартамента па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, Юрый Дуркот, украінскі журналіст і перакладчык (Дуркот устрымаўся ад абмеркаванняў і галасавання па расійскім лаўрэату), Мартын Полсен, загадчык аддзела замежных моў у Бергенскім універсітэце, і Сільвія Штэбер, рэпарцёр і рэдактар ARD Tagesschau.