У новым выпуску відэапраекта «Словы мацней» журналістка Наста Захарэвіч чытае верш Сяргея Фаміна «За вакном задыхаецца вецер...».
Наста Захарэвіч. Нарадзілася ў Берасці ў 1993 годзе. Скончыла аддзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала журналісткай на «Зялёным партале», некалькі гадоў выступала як калумністка Беларускай службы Радыё Свабодная Еўропа, Сябра Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Лаўрэатка прэміі імя Алеся Адамовіча за асвятленне праблем, звязаных з гвалтам і дыскрымінацыяй. 5 верасня Наста Захарэвіч была затрыманая і асуджаная на 7 сутак адміністратыўнага арышту. Паўторна журналістку затрымалі ў кветкавай краме каля ГУМа 5 лістапада падчас «Маршу мудрасці». Нягледзячы на тое, што Захарэвіч не ўдзельнічала ў акцыі, суддзя прысудзіў журналістцы 15 сутак арышту. Праз пераслед Наста Захарэвіч з’ехала ў Латвію, дзе і жыве ў лагеры ўцекачоў.
Сяргей Фамін (1906–1941) — адзін з апошніх паэтаў, расстраляных у часы сталіншчыны. Нарадзіўся на Мсціслаўшчыне, адным з літаратурных цэнтраў 1920-х гадоў, скончыў Магілёўскі Белпедтэхнікум, пасля ўступіў у «Маладняк» і пераехаў у Менск. Звычайны творчы шлях для тагачаснага маладога паэта: з беднай вёскі да навукі і далей, у цэнтр, у новы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у рэдакцыі выданняў і вір «маладнякоўскага» жыцця. Фамін прымае ўдзел у драбленні літаратурнага руху, уступіўшы ў аб’яднанне «Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка» («Пробліск»), якое спрабуе канкураваць з літаб’яднаннямі нацыянал-камуністычнага «Полымя», мадэрнісцкага «Узвышша», футурыстычнай шукайлаўскай «Камунай» ды артадаксальна-праўладнай БелАПП. Пасля заканчэння БДУ Фамін у 1930 годзе з’язджае з Менску: у той час поўным ходам ідуць арышты па крымінальнай справе «Саюза вызвалення Беларусі», згортваецца беларусізацыя і ўсе свабоды 1920-х. Фамін едзе працаваць у Горкі настаўнікам рускай мовы і літаратуры, туды, дзе яшчэ нядаўна выкладаў Максім Гарэцкі, таксама ўжо арыштаваны. Тут Фамін праводзіць першую палову 1930-х, калі хваля за хваляй ідуць масавыя арышты літаратараў і нацыянальных дзеячаў. У 1935-м яго ўпершыню арыштоўваюць: кіраваў літаратурным гуртком, прыйшоў данос і ўсіх забралі ў засценкі НКУС. Прысуд — расстрэл з заменай на 10 гадоў лагероў. У Комі АССР Фамін меў адносна лёгкую лагерную долю, працаваў тапографам. Вучыў італьянскую мову, пісаў вершы і такім чынам дачакаўся канца яжоўшчыны і пачатку сусветнай вайны. Але пры канцы 1941 года яго зноў судзяць, за «стварэнне» чарговай міфічнай «контррэвалюцыйнай арганізацыі», і цяпер расстрэл ужо не адмянілі. Сяргей Фамін быў забіты 4 снежня 1941 года.
«Словы мацней»: мастачка Наталля Жукава чытае верш Уладзіслава Галубка
«Словы мацней»: спявачка Зарына Шаўко чытае верш Юлі Таўбіна
«Словы мацней»: музыка Дзяніс Шматко чытае верш Алеся Дудара
«Словы мацней»: спявачка LEAR чытае верш Валерыя Маракова
«Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку
«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава
«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
«Словы мацней»: Тарас Тарналіцкі чытае Станіслава Грынкевіча
«Словы мацней»: Андрусь Такінданг чытае верш Паўлюка Шукайлы
«Словы мацней»: Дзмітрый Строцаў чытае Майсея Кульбака
«Словы мацней»: Лэслі Найф чытае верш Вацлава Ластоўскага
«Словы мацней»: Раман Абрамчук чытае Максіма Гарэцкага