Як стаць беларускім чараўніком-актывістам? З чаго пачаць? Дзе ўзяць час і сілы на рэалізацыю і прасоўванне сваіх ідэй? Адказы на гэтыя пытанні далі тры спікеры з розных беларускіх гарадоў падчас ток-шоў “Людзі, якія змяняюць свет”.
Афлайнавае ток-шоў прайшло ў Салігорску ў кавярні “Янкі” ў чацвер, 20 снежня. Яго правяла грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з курсамі “Мова нанова – Салігорск” і Цэнтрам даследаванняў грамадскага кіравання SYMPA.
Запрошанымі гасцямі былі:
- Максім Рэут, велаактывіст з Салігорска,
- Аксана Бярнацкая, лідарка ГА “Экажыццё” з Бараўлян
- і Наталля Халанская, дырэктарка тайм-клуба “13:87”.
Сустрэчу вяла Святлана Чакушка, каардынатар грамадскай культурніцкай арганізацыі “Будзьма беларусамі!” па Мінскай вобласці.
Першым перад аўдыторыяй (каля 30 чалавек) выступіў салігорскі актывіст Максім Рэут.
Падтрымаў і развіў веларух у Салігорску
Максім нарадзіўся і вырас у Салігорску. Пасля школы паехаў вучыцца ў БНТУ ў Мінск. Там пражыў дзесяць гадоў. Па сямейных абставінах давялося вярнуцца ў родны горад.
“Калі рэзка мяняецца жыццё, трэба неяк перажыць гэтыя перамены і зрабіць нешта новае. І вось я, велааматар, вярнуўшыся ў свой горад, сутыкнуўся з праблемай таго, што тут няма веламайстэрні. І першым маім настаўнікам у гэтым кірунку стаў Андрэй. Гэта чалавек, які натхніў і падарыў мне гэтую ідэю. Дзякуй табе, – звяртаецца Максім да сябра, які сядзіцьў у зале, – што навучыў мяне”.
Як кажа актывіст, яму пашчасціла: у яго быў уласны гараж – выдатнае месца для веламайстэрні. Гэтае памяшканне стала месцам збору сяброў. Першы год яны працавалі бясплатна, каб набіць руку на роварах сваіх сяброў.
Праз пару гадоў гараж ператварыўся ў сапраўдную майстэрню. Але на гэтым велаактывіст не спыніўся. Разам з іншымі неабыякавымі жыхарамі горада, напрыклад, Аленай Антановіч, ён арганізаваў некалькі велатураў.
Аднак самым цікавым сваім праектам Максім лічыць устаноўку велапарковак у горадзе.
“Я ездзіў па горадзе і бачыў, што каля крамаў, навучальных установаў стаяць адзін-два ровары. Задаваўся пытаннем, чаму ў нашым кампактным Салігорску не карыстаюцца роварамі. Бо на ім з любога пункта горада ў іншы можна дабрацца за сем хвілін. Гэта вельмі зручна”, – распавядае Максім.
Тады ён вырашыў, што калі ў Салігорску з’явіцца велапаркоўка, то веласіпедыстаў стане больш. Так з’явіўся праект “Велагорск”. Мінская веласіпедная супольнасць дапамагла распрацаваць чарцяжы парковак. Максім купіў фарбу і метал, а навучэнцы-зваршчыкі Салігорскага дзяржаўнага каледжа зварылі іх.
Праект расцягнуўся на два гады. Паркоўку зварылі, устанавілі. Як кажа спікер, гэта было няхутка, але рэгулярна. Адначасова на ўсіх паркоўках Максіма (іх каля дзесяці) можна паставіць сто ровараў. Яны размешчаныя ля розных гарадскіх будынкаў – крамаў, кавярняў, каледжаў і не толькі.
Праект “Велагорск” атрымаўся не на 100, а на 200 адсоткаў, адзначае Максім. Ён і яго сябры самі не чакалі, што будзе такі эфект. Пасля ініцыятыву актывіста пераняў БРСМ. Максім кажа, што дамогся ўсяго, чаго хацеў: запусціў рух, які потым падтрымалі і працягнулі.
Стварылі “Экажыццё” ў Бараўлянах
Пасля Максіма Рэута пра сваю дзейнасць распавяла Аксана Бярнацкая, лідарка ГА “Экажыццё” з Бараўлян. Аксана пераехала ў Беларусь з Сібіры. Аднак на беларускай мове размаўляе лепш, чым некаторыя беларусы, заўважылі прысутныя.
У 2015 годзе Аксана ўдзельнічала ў праграме “Школа лідарства ў мясцовых супольнасцях” Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый. Тыя веды, той досвед, які перадалі ўдзельнікам актывісты з Беларусі, Украіны, натхнілі жанчыну. І яна вырашыла дзейнічаць і тварыць.
У той час яна з сям’ёй пераехала з Мінска ў Бараўляны ў новы дом. Спачатку яго жыхары не асабліва мелі зносіны паміж сабой, не віталіся, але дзякуючы Аксане ўсё змянілася. Ёй давялося правесці сем сходаў, каб запрасіць людзей на навагодняе свята, дзе ўсе і пазнаёміліся.
“Нам падалося, што гэтага мала, і мы вырашылі зарэгістраваць прыватную арганізацыю “Экажыццё”. “Экажыццё” – гэта экалагічнае мысленне, экалагічнае стаўленне да іншых і прыроды. Адкрылі мы яго ўтрох у дзень, калі праходзіла “Гадзіна Зямлі”, – успамінае Аксана. Цяпер у арганізацыі афіцыйна працаўладкаваныя два чалавекі.
У памяшканні, дзе Аксана і яе аднадумцы праводзілі адукацыйныя мерапрыемствы, было яшчэ адно – паўпадвальнае і разбуранае. З яго яны вырашылі зрабіць адкрытую прастору за 30 дзён. Гэтую ідэю яны агучылі жыхарам Бараўлян і запрасілі іх дапамагчы ў рамонце. Актыўных чакаў бясплатны ўдзел у праектах “Экажыцця”.
Так з’явілася новае месца, дзе цяпер праходзяць розныя сустрэчы. Напрыклад, платныя гурткі па праграмаванні, фатаграфіі, мантажы відэа, тэатральная студыя, дзіцячыя лагеры ў час канікул, арт-тэрапія для дзяцей і дарослых, славянская гімнастыка, ёга, школа блогераў, менеджараў.
Паколькі ў дзіцячых садках Бараўлян не хапае месцаў для дзяцей, маці вымушаныя сядзець з імі дома. Але яны могуць прыйсці ў адкрытую прастору. Там жанчыны маюць зносіны паміж сабой і займаюцца сацыяльным прадпрымальніцтвам. Гэта калі мамы ў дэкрэце, мамы, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, вяжуць, робяць брошкі (і іншае) і прадаюць іх. Напрыклад, нядаўна першая партыя ручных упрыгожанняў адправілася ў Германію.
“А ці ёсць у вас такое, каб мамы займаліся ўборкай кватэраў? Ведаю прыклады, калі дзіця паўдня знаходзіцца ў садку, мама прыбірае адну-дзве кватэры і атрымлівае за гэта грошы”, – пытаецца адзін з удзельнікаў ток-шоў.
Аксана адказала, што пакуль няма, але яна возьме гэтую ідэю на ўзбраенне.
На пытанне “Як мясцовыя ўлады да вас ставяцца?” спікерка адказала, што “роўна”: “Неяк мне старшыня сельсавета сказаў: “Аксана Сяргееўна, мы ж вам дапамагаем”. Пытаюся, як. “Ну мы ж вам не перашкаджаем”, – з усмешкай распавядае Аксана.
Крэатыўны час у Бабруйску – “13:87”
Наталля Халанская пачала сваё выступленне з прадстаўлення горада: “У Бабруйску ўсё па-людску”. Потым распавяла пра сябе. Нарадзілася ў Бабруйску, потым на некалькі гадоў з’ехала з горада, з краіны, затым вярнулася. Мае дзве адукацыі – яна журналіст і маркетолаг.
Падчас вяртання ў родны горад перад ёй паўстала пытанне, чым заняцца.
“Я вырашыла, што гэта павінен быць нейкі класны бізнес. І вось крэатыўная прастора– гэта тое, чым бы я хацела займацца. Так чатыры гады таму з’явілася антыкавярня – класічная крэатыўная прастора на 230 квадратных метраў”, – распавядае Наталля.
Тайм-клуб Наталлі называецца “13:87” – гэта год, калі Бабруйск упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах. Гэта яе асноўная праца – яе бізнес. Разам з ёй працаўладкаваныя яшчэ пяць чалавек, якія атрымліваюцца зарплату. Ім дапамагаюць 15 валанцёраў.
Яны праводзяць маленькія цікавыя сустрэчы і рэалізуюць праекты. Напрыклад, бабруйская вядоўца курсаў “Мова нанова” Алеся Лацінская выдала серыю паштовак пра міфічны Бабруйск.
“Вось у вас музыкі граюць на вуліцы? – звяртаецца Наталля да салігорцаў. – У нас такога амаль не бывае. І мы запрасілі іх на тэрыторыю адной з бабруйскіх кавярняў. Кожную суботу (усяго было восем) у горадзе грала музыка. Людзі маглі падысці, пазнаёміцца і нават паспяваць. Спрабавалі таксама сабраць грошы на музычную апаратуру праз краўдфандынг, але не атрымалася. Аднак нам дапамаглі мясцовыя жыхары”.
Адна з класных штук, якую праводзіць клуб “13:87”, – гэта сустрэчы “Жывая бібліятэка”, калі замест кнігі выступае чалавек: інвалід-калясачнік, чалавек іншай нацыянальнасці і гэтак далей. Да яго можа падысці любы ахвочы і задаць пытанне, якое хвалюе, каб развеяць сфармаваныя ў грамадстве стэрэатыпы.
Па словах Наталлі, у пасёлку Глуша актывісты адкрылі прыпынак Алеся Адамовіча, пісьменніка і журналіста. Гэта яго малая радзіма. Першапачаткова людзі хацелі паставіць там бюст, грошы на яго нават дала пісьменніца Святлана Алексіевіч. Але мясцовыя ўлады, дадае спікерка, не падтрымалі гэта.
“Мы зрабілі яркі і добры аўтобусны прыпынак Адамовіча, пра які напісалі многія СМІ”, – кажа Наталля.
Цяпер яны працуюць над тым, каб абнавіць музей Алеся Адамовіча.
Калі робіш добра для сябе, робіш добра і для іншых
Калі ўсе запрошаныя госці распавялі пра сябе і сваю дзейнасць, Святлана Чакушка запыталася ў іх, навошта яны гэта робяць і з чаго пачаць мяняць свет. Усе спікеры адказалі, што ўсё, што яны робяць, яны робяць толькі для сябе. Аднак, па іх словах, гэта пазітыўна ўплывае і на грамадства, у якім яны жывуць.
“Аднойчы я сустрэў эколага і задаў яму такое ж пытанне. Ён адказаў: “Я раблю ўсё толькі для сябе. Мне нецікава, што будзе з тым ці іншым чалавекам. Мне цікава, што будзе са мной”, – распавядае салігорац Максім.
Наталля Халанская лічыць сябе сацыяльным прадпрымальнікам. Паводле яе словаў, бізнес – гэта мэта зарабіць грошы, дабрачыннасць – гэта мэта перадаць іх камусьці, а сябе яна бачыць дзесьці пасярэдзіне.
Аксана Бярнацкая хоча, каб яна і яе дзіця жылі ў грамадстве, дзе адбываюцца цікавыя мерапрыемствы, жывуць актыўныя людзі, якія мяняюць сваё і чужое жыццё да лепшага.
Па словах актывістаў, каб пачаць нешта рабіць, трэба спытаць у сябе: “А навошта гэта трэба рабіць?” Калі спытаў у сябе – задаць пытанне іншым людзям, а ці трэба гэта ім, каб, па словах Аксаны, не атрымалася так, як у СССР падчас будаўніцтва камунізму.
Актывісты часта сутыкаюцца з аднымі і тымі ж праблемамі. Гэта і недастатковае паразуменне з мясцовымі ўладамі, і факапы, калі на мерапрыемства не збіраюцца людзі, і пасіўнасць удзельнікаў, і фінансавая няўстойлівасць, і недахоп часу.
Пасля завяршэння дыскусіі спікеры павіншавалі гледачоў з блізкім Новым годам і пажадалі ім пражываць сваё жыццё так, каб перад смерцю сказаць: “Як класна я пражыў сваё жыццё”.
Фінішам сустрэчы стала выступленне вакальнага гурта “Мярэжа”, які выканаў разам з салігорцамі беларускія калядныя песні Палесся і Салігоршчыны.
Вікторыя Капская