“Прыехаць бы на Мсціж свой леташні, калі былі мы значна лепшымі…” – такімі радкамі пачынала свае выступы ў в. Зембін, Ніўкі, Мсціж, што ў Барысаўскім раёне, спадарыня Вера Буланда 15 і 16 жніўня 2014 г.Размова ішла пра культуру Беларусі, родную мову і яе мілагучнасць, на гэту тэму чыталіся вершы. А таксама спадарыня Вера распавяла пра сваю паездку на в. Готланд у г Візбі (Швецыя) і пазнаёміла з новымі вершамі.
Чырвоныя макі ў горадзе Візбі
Нагадваюць сціпла маю Беларусь,
І родны падворак, бацькоўскую прызбу –
Здаецца, вось з мамаю загавару…
У горадзе Візбі трыпутнік знаёмы,
Пад сонцам блішчыць залаты кураслеп.
Напэўна сябе адчувала б, як дома,
Каб смачным і нашым быў готландскі хлеб.
Калі б хто на мове маёй хоць прыблізна
Знаёмую песню за мной заспяваў…
Чырвоныя макі ў горадзе Візбі
Нагадваюць край мой у водары траў.
У вершы “Успаміны” паэтэса прыгадала шмат што з дзяцінства: і гульні ў лапту, класікі, і той стары клуб, які ведаў яе бацькоў, а зараз, выступаючы ў новым будынку ДК, яна расчуліла землякоў успамінамі:
Вось выраслі, і ў клубе давідна
Спаборнічалі ў танцах. І падлогу
Ледзь паспявалі фарбаваць. Яна
Як вытрымала толькі нас, нябога.
І адпусціла ў вырай ад сябе,
Стамілася, ці што, яна аднойчы?
Ці мы паспелі з часам агрубець,
Што не адчулі позірк той сірочы
Нам дарагіх калісьці воч-акон
Бацькоў усіхных ведаўшага зруба…
Прыехала – і з сэрца толькі стогн –
Пустое месца ад былога клуба.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі” Вера Буланда актыўных суразмоўцаў узнагародзіла падарункамі: паштоўкамі “Мы – адметныя”, торбачкамі і майкамі з рознымі цікавымі надпісамі, накшталт “Кніга паляпшае жыццё”.