6 і 8 лютага 2016 года адбылася сустрэча з паэтэсай Верай Буланда ў Мсціжскай і Зембінскай сярэдніх школах Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
Мсціж – гэта радзіма паэтэсы, “першая сталіца яе лёсу”, і таму на вечары сустрэчы выпускнікоў яна не прамінула прачытаць радкі, з якімі звярнулася да землякоў:
Люблю вас, мае вяскоўцы,
Я вамі жыву, землякі,
Ці ў плюсаўцы вы, ці ў ватоўцы,
Убор – усё роўна які.
Вы мне даражэйшымі сталі
Праз зімы, дарогі, дажджы,
Хачу, каб не паміралі,
Каб з вамі яшчэ пажыць.
Каб з вамі назначыць спатканне
І сёлета, і на гады.
Мсціжане мае, Мсціжане,
Вы ў сэрцы маім заўжды.
У час сустрэчы спадарыня Вера арганізавала конкурс на веданне-ўспамін са школьнай праграмы вершаў, баек, алфавіту, назваў месяцаў па-беларуску.
Адказваючы на пытанні вучняў і настаўнікаў, Вера Буланда не прамінула распавесці, што такое для яе ПАЭЗІЯ:
Паэзія – мая гаспода, і мой храм,
Дзявочая святая летуценнасць,
Даверлівасць прагнозам і вятрам,
Што сталі назаўжды няўлоўным ценем.
Землякам таксама было цікава, як узнікаюць вершы, як думаюцца яны, ці заўсёды толькі натхненне – прычына нараджэння вершаў, ці яшчэ якія сакрэты ўтойваюцца ў паэтычнай душы. У час гутаркі не толькі чыталіся вершы, але і спяваліся песні.
Спадарыня прачытала нямала вершаў з новага зборніка “Сараматніца”, з кніг “Шчырая споведзь мая”, “Цыганскія кастры”, гумарэскі, у аснову якіх леглі гісторыі, звязаныя з аднавяскоўцамі.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўныя вучні і дарослыя атрымалі падарункі: паштоўкі “Соты раз у першы клас”, торбачкі з выявай беларускага алфавіту.