У старадаўнім беларускім мястэчку Лагойску (першая згадка ў 1078), які праз пагорыстую мясцовасць часта называюць “беларускай Швейцарыяй”, жыхары заўсёды з пашанай ставіліся да традыцый. Сёлета рэлігійнае свята ўваходжання Гасподняга ў Ерусалім, або, як яго называюць славяне, Вербніца, сабраў у Свята-Мікалаеўскай царкве і касцёле Святога Казіміра ў Лагойску многіх праваслаўных і каталікоў горада, а таксама паломнікаў, якія прыехалі не толькі асвяціць вярбу і памаліцца, але і абмыцца і набраць з сабой вады з цудадзейнай крыніцы ля падножжа царквы Святога Мікалая.
Свята-Мікалаеўская царква, што красуецца на ўзгорку ў цэнтры горада, была пабудаваная з гліны гаспадарамі Лагойска – прадстаўнікамі графскага сямейства Тышкевічаў, і, у адрозненне ад разабранага ў 1950-я гады касцёла Святога Казіміра, з’яўляецца адзінай ацалелай у Лагойску, а таксама адзінай царквой у Беларусі, распісанай па сюжэтах Апакаліпсісу Яна Багаслова.
Ужо зранку да царквы на рацэ Гайна пачалі збірацца чэргі з кветак і галінак вярбы. Настрой у горадзе панаваў радасны і добразычлівы, гараджане віншавалі адно аднаго са святам, жадалі здароўя, багацця і плёну ў гаспадарцы. Асвятліўшы вярбу ў бацюшкі, памаліўшыся і паставіўшы свечкі за родных і блізкіх, многія прыхаджане спускаліся па ваду да крыніцы, а некаторыя жыхары горада і прыезджыя нават акунуліся ў купелі. Падобна да жыхароў іншых гарадоў, вёсак і мястэчак Беларусі, на Лагойшчыне захавалася традыцыя верыць у гаючыя ўласцівасці маладой вярбы, таму некаторыя бацькі часта пасля асвячэння вярбы сімвалічна сцябалі галінкамі сваіх дзяцей і блізкіх, прыгаворваючы: “Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень Вялікдзень, будзь здароў, не ўмірай, Вялікадня дачакай, ужо недалечка чырвона яечка. Будзь здаровы, як вада. Будзь багаты, як зямля!” А затым неслі вярбу дадому і клалі галінкі ля абразоў або проста вешалі на сцяну або ў кут, каб вярба засцерагала ўвесь год гаспадароў ад няшчасцяў, нячыстай сілы і хваробаў. Да гэтага часу ў вёсках захавалася павер’е, што пупышкі вярбы дапамагаюць жанчынам ад бясплоддзя або проста робяць здаровым чалавека і хатнюю жывёлу на ўвесь год. У многіх беларускіх вёсках і дагэтуль гаспадыні на Вялікдзень выганяюць у поле быдла асвячонай вярбой, каб каровы былі здаровыя і добра даіліся. Вярба ажывае пасля зімы першай, і яшчэ ў дахрысціянскія часы яе жыццяўстойлівасць асацыявалі з жыватворнымі сіламі прыроды, што адраджаецца вясной пасля кайданоў зімы.
Аляксей Сталяроў