Выстава “Беларуская вытрымка, 30′,” арганізаваная ў межах фестывалю сучаснай беларускай культуры “Беларуская вясна 2009,” пройдзе з 8 па 17 траўня ў галерэі Ра (Кіеў, вул. Багдана Хмяльніцкага, 32). На ёй будуць прэзентаваныя працы дзевяці маладых беларускіх фотамастакоў, на якіх сінявокая прыгажуня Bella Rusia раскрываецца ў самых шчырых вобразах – цвярозая і п’яная, хрысціянская і паганская, уладная і апазіцыйная, мужчынская і жаночая, постсавецкая і еўрапейская.
Прагляд выставы можна параўнаць з раптоўным падзеннем Алісы ў трусіную нару, дзе замест мапаў і палічак з сочывам дапытліваму гледачу адкрываюцца адна за адной карціны беларускай (сюр)рэальнасці і знікаюць у калейдаскопе памяці. Так і яно, беларускае сёння: гэта і вайсковы парад, і збор ураджаю журавінаў, і карагоды, і купанне ў палонцы, катанне на арэлях ды матацыклах, святкаванне Дня Волі і Вялікадня, Сулы і Купалля…
Вадзім Заміроўскі, Аляксей Мацюшкоў, Андрэй Лянкевіч, Наталля Аблажэй, Юлія Ружачка, Таццяна Зяньковіч, Уладзь Грыдзін, Аляксандр Васюковіч пакажуць украінцам жыццё беларусаў такім, якім яно ёсць.