«У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць, адна хата...»
Так пачынаецца казка Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб», а ёй — зборнік казак «Вясна ўвосень» (Мінск, «Юнацтва», 2000. Мастак Валерый Славук), піша «Слушна».
«У гэтай кнізе сабраны казкі У. Караткевіча. Адзінаццаць з іх былі напісаныя яшчэ ў студэнцкія гады і былі дасланы Якубу Коласу. Цяпер яны знаходзяцца ў музеі народнага песняра. Паэт У. Карызна адшукаў іх і падрыхтаваў да друку», — пазначана на адвароце тытула.
Перш чым паглыбіцца ў казкі, пагартаем персанальную энцыклапедыю Уладзіміра Караткевіча, каб даведацца — што адказаў класік юнаму пісьменніку і ці адказаў наогул?
На жаль, даследчыкам гэта не вядома. Мяркуюць, што падтрымкі ад Коласа Караткевіч-казачнік не займеў, бо з дасланых казак пры яго жыцці была надрукаванай толькі адна — «Надзвычайная котка».
Чытайце яшчэ: «Дзікае паляванне караля Cтаха»: чаму Караткевічу не спадабалася экранізацыя ўласнай аповесці?
Ды, на наша чытацкае шчасце, Караткевіч не кінуў пісаць казкі. У лісце да Максіма Танка ён расказвае, што яго дзед апавядаў легенды «пра вужыную каралеву, пра чорную курыцу, волатаў, пра караля мятлушкаў, пра вялікую змяю Дзебраў»... пра Яна Прыгожага і князя Ладымара, пра лебядзіны скіт, пра скарб аднавокага народа... і яшчэ многае-многае«. Дзед рана памёр, і Уладзімір Караткевіч перажываў, што «не запісаў гэдкага цуду». Але любоў да казкі, як і памяць пра дзедавы расказы, пісьменніку перадалася.
Усяго ў зборніку «Вясна ўвосень» шаснаццаць казак. Да ранніх, знойдзеных у архіве музея Якуба Коласа, дададзеныя пяць, друкаваных пры жыцці Уладзіміра Караткевіча.
Праз дзевяць гадоў па выхадзе «Вясны ўвосень» свет пабачыла кніга казак Уладзіміра Караткевіча «Лебядзіны скіт» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2009. Мастак Мікола Купава). У гэтай кнізе да казак са зборніка «Вясна ўвосень» дадаліся казкі «Нямоглы бацька», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» і «Лебядзіны скіт» — казка, якая і дала назву зборніка.
Прадмову да кнігі «У нейкім прыгожым краі...» напісаў Пятро Васючэнка, а завяршаецца зборнік аўтабіяграфічным нарысам Уладзіміра Караткевіча «Дарога, якую прайшоў».
Варта дадаць, што самы поўны збор казак пісьменніка змешчаны у 25-томным выданні Збора твораў Караткевіча. У т.3 (2014) выдрукавана дваццаць адна казка, сярод іх упершыню апублікаваныя «Пасварыліся — памірыліся», «Бліны на дрэве, грушы на вярбе»...
...Слова за словам віецца — нібы чароўны клубочак коціцца і вядзе ў дзівосны казачны свет. Тое, што паспеў расказаць дзед унуку — нікуды не дзелася. Праз гады прарасло, трапіла ў кніжкі, а кніжкі — у рукі да чытачоў. І вось ужо да сучаснікаў прамаўляюць героі казак і легендаў. У гэтым свеце жыццё стаіць на праўдзе, высакародстве, ахвярнасці, любові. Менавіта з іх вырастаюць героі. Менавіта на іх трымаецца свет — і дабро перамагае зло. А яшчэ казачнае слова жывіць і мацуе, як вада. Перачытайце казкі Караткевіча — пераканаецеся ў гэтым.
Падзялюся цытатамі з любімых казак. Спадзяюся, яны натхняць дастаць з паліц кнігі Караткевіча і перачытаць іх.
У 2020-м годзе, калі святкавалі 90-гадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча, было выдадзена шмат яго кніг, сярод якіх — і кнігі казак. Таму іх можна адшукаць у кнігарнях, узяць у бібліятэках.
«Калі хоць адзін чалавек астаўся на роднай зямлі — яна не загіне».
«Самы моцны гнеў хана слабейшы за самую ціхую ўдзячнасць народа». («Лебядзіны скіт»).
«Лепей ужо з арлом счапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі» («Верабей, Сава і птушыны суд»).
«І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды?» («Жабка і Чарапаха»).
«У нас бацька змей, а справы чалавечыя, а ў вас бацькі людзі, а ўчынкі вашыя як у змяі» («Вужыная каралева»).
«Бітва была дзесяць гадоў назад... Напалі. І мы ўсе вырашылі патаемна: лепей ужо там легчы, чым ад сваіх».
«Жылі сілай, а розум забівалі. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі «ўчора» і таму не мелі права на «заўтра».
«Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць, пападуць на белы камень — камень прабіваюць».
«Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў...»
(«Нямоглы бацька»)
«Іхні агонь быў мацней за ўсе паходні ў свеце і больш вечны, чым зоры і сонца. Бо імя гэтаму агню было — Каханне».
(«Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў»).
«Калі тваё ў небяспецы каханне,
Гонар, свабода, песня твая, —
Скрыпка заплача ў асеннім тумане,
Скрыпка надзеі, скрыпка світання,
Ветру, шыпшыны і салаўя», — гэта таксама са «Скрыпкі дрыгвы й верасовай пустэчы», песня музыкі Алеся Бан-Жвірблі.