У час дыялогу 16 чэрвеня 2017 года з бібліятэкарамі і гасцямі Зембінскай бібліятэкі, што ў Барысаўскім раёне, паэтэса Вера Буланда звярнула ўвагу на скарынаўскі стэнд, аформлены ў зале, дзе кожны наведвальнік прачытае, што “Такой гіганцкай асобай, як Францыск Скарына, мог бы ганарыцца кожны народ”.(В.Чамярыцкі).
Сапраўды, прыйшлі да высновы субяседнікі, за 500 гадоў, што мінулі з часоў выдання першай Скарынавай Бібліі, ягоныя кнігі разляцеліся па свеце. Самыя знакамітыя бібліятэкі лічаць за гонар мець скарынаўскія выданні: сёння захавалася 388 кніг — шэдэўраў друкарства.
Вера Аляксандраўна падкрэсліла, што жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для людзей Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі спалучаліся ў яго з высокай грамадзянскасцю, дзелавітасцю і смеласцю. Скарына быў і арыгінальным філосафам, і здольным пісьменнікам. Багацце асобы Скарыны ставіць яго ўпоравень з выдатнейшымі людзьмі эпохі Рэнесансу.
Спадарыня Буланда адказала на пытанні адносна жыццёвага і творчага шляху першадрукара, напрыклад: а ці можна яго лічыць пісьменнікам? Можа быць, яго праца з’яўляецца толькі дасягненнем лінгвістыкі? На Беларусі яшчэ да Скарыны, акрамя летапісаў і розных юрыдычных дакументаў, амаль уся літаратура была пераважна перакладной. Аднак пра тое, што Скарына — сапраўдны пісьменнік, сведчаць яго прадмовы і пасляслоўі да кніг Старога Запавету.
Першадрукар Францiшак Скарына!
Вядомы мала нам, а вельмi шкода,
Такая постаць толькi ёсць адна,
Ён – сiмвал беларускага народа. (А. Балуценка)
Вера Аляксандраўна падарыла бібліятэцы сваю новую кнігу “Лагода”, пазнаёміўшы слухачоў з асобнымі вершамі, адзін з якіх быў прысвечаны зембінцам, пажадаўшы “Паболей вяселляў і хрэсбін,
Каб з самых далёкіх дарог,
Спяшаліся госці ў Зембін,
Ахоўвалі ўлады і Бог!”
А спяшацца ў Зембін варта хаця б таму, каб наведаць музей зямлячкі Надзеі Лежэ, а таксама гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым краі.
Дзеля госці была праведзена цікавая экскурсія ў музеі. А Вера Аляксандраўна ў сваю чаргу ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” падарыла плакаты “500-годнасць кнігадрукавання”, торбачку.