Пра тое, што геній беларускай літаратуры быў жывым чалавекам са сваімі слабасцямі і асабістым жыццём, сталі казаць адносна нядаўна. Стымулам да гэтага паслужылі кнігі Дзяніса Марціновіча «"Донжуанскі спіс" Караткевіча» і «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча».
Якіх жанчын кахаў аўтар «Каласоў пад сярпом тваім»? Журналісты citydog.io ўважліва перачыталі кнігі пра Уладзіміра Караткевіча і выказалі здагадку, якія якасці жанчын маглі зачараваць пісьменніка.
Уладзімір Караткевіч у 19 год
Быць разумнай, але недаступнай
У Кіеўскім універсітэце ўвесну 1950 года Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з аднакурсніцай Святланай М. Вось такое апісанне ён дае гераіні аповесці «У снягах дрэмле вясна», відавочна спісанае з яе: з «пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй; з «агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага».
Калі меркаваць па аповесці, каханню перашкодзіў зайздросны сябар. Галоўны герой не змог паступіць у аспірантуру, што стала падставай для паклёпу. У аповесці ўсё заканчваецца хэпі-эндам: галоўныя героі сустракаюцца праз некалькі гадоў, ён стаў вясковым настаўнікам, каханне ўспыхвае зноў.
У рэальнай біяграфіі Караткевіч сапраўды не паступіў у аспірантуру і стаў вясковым настаўнікам. А строгая маці Святланы палічыла яго з-за гэтага нявартым і бедным кавалерам.
Помнік Караткевічу ў Кіеве.
Караткевіч пазней пісаў: «Еще в университете был влюблен в чудеснейшего человека. То была короткая история: кончилась тем, что нам насплетничали один на одного, было много неприятного, трагического. Ей было тем легче отвернуться от меня, что о моем отношении к ней не знала, в лучшем случае могла лишь догадываться».
Станьце яго настаўніцай, музай, але не парушайце субардынацыю. І пакажыце іншы погляд на свет
Ніна Молева лічыцца фатальнай жанчынай у біяграфіі Караткевіча. Яна была выкладчыцай Уладзіміра на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Яму на той момант было 28 гадоў, ёй 30. Яна ўжо была замужам за мастаком Эліем Бялюціным. Закахаўшыся ў яе лекцыі, Караткевіч закахаўся і ў выкладчыцу.
Ніна Молева
Яна сапраўды аказала моцны ўплыў на яго стаўленне да гісторыі, гістарычных персанажаў і ўменне даносіць свае думкі. Ніна заўсёды давала магчымасць сказаць сваім вучням усё, што яны хацелі, і пры гэтым давала ім іншы погляд на разнастайныя з’явы. Яна ж бачыла ў Караткевічы правінцыяла, які «дошел до нее еще не сформированным человеком... [поэтому] многое из того, что я говорила, буквально переворачивало что-то в его душе».
Нават з’ехаўшы з Масквы, Караткевіч доўга не мог пазбавіцца пачуцця да сваёй выкладчыцы. З-за непадзеленага кахання да Молевай Караткевіч напісаў раман «Нельга забыць», у якім яна стала прататыпам галоўнай гераіні Ірыны Гаравой.
Таксама спецыяльна для яе Уладзімір Сямёнавіч пісаў свае вершы на рускай мове.
На поўным сур’ёзе за лета 1960-га ён збіраўся зарабіць 200 тысяч савецкіх рублёў (пры зарплаце настаўніка ў 700 рублёў), каб купіць дом у Падмаскоўі і машыну для Ніны. Тая ж і не збіралася сыходзіць ад мужа.
Мастацтвазнаўцы Ніне Міхайлаўне Молевай сёння 97 гадоў.
Молева сцвярджае, што нават не падазравала аб пачуццях Караткевіча. Паводле яе слоў, праз няведанне беларускай мовы яна не чытала раманаў Караткевіча і ведала толькі тое, што можа ведаць школьны настаўнік пра свайго вучня. Хоць, чытаючы іх перапіску, можна западозрыць жанчыну ў хітрасці.
«Мне нужны ваши изумительные серые глаза, ваша улыбка, ваши «матрешкины волосы» под платком, мне нужна ваша любовь ко мне и моя бесконечная любовь к вам. <...> Для меня сейчас хорош снег только потому, что его можно отряхнуть на вас и на себя с ветки, хорош снегирь, потому что вы их любите, хороша луна только потому, что — помните? — когда мы ехали из Загорска, она, как на воде, проложила дорожку на льду пруда. И кругом были черные силуэты верб, а по этой лунной дорожке скользили тени мальчишек». Так пісаў Уладзімір Караткевіч Ніне Молевай у 1960 годзе.
«Твое фото стоит на столе и не смотрит на меня. Иногда мне кажется, что ты делаешь это нарочно, чертик. В отместку посылаю тебе свое, правда, сделанное год назад и плоховатое. Но, в отличие от твоего, я на нем мужественно и прямо смотрю в глаза. И я на нем незатейлив, как лопата, а взгляд у меня бесхитростный и открытый.
Пиши мне. Не задерживай ответа. И будь умницей, поправляйся. До скорой встречи.
Владимир. 26.III.63 г.»
Будзьце творчай і нераўнівай асобай
Кажуць, Караткевіч 8 гадоў не мог ажаніцца з-за нязгаслых пачуццяў да Молевай. Тым не менш дзяўчаты ў ягоным жыцці працягвалі з’яўляцца. Украінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка ўспамінаў: «Валодзя быў закаханы не ў прыгажунь. У жанчынах яго больш за ўсё прыцягвалі інтэлект, тонкасць пачуццяў, незвычайная духоўнасць і, канешне ж, сапраўдны талент».
Пад гэтае апісанне падыходзяць і захапленні на тых жа Маскоўскіх літаратурных і сцэнарных курсах. Гэта і чачэнская паэтка Раіса Ахматава, якая раздражняла Караткевіча сваёй залішняй рэўнасцю.
Раіса Ахматава
Адгалоскі стомленасці бачныя ў лісце сябру Юрыю Гальперыну: «Мой мілы сябар, я страшна люблю волю, нават ад будучай жонкі буду патрабаваць яе ў дастатковай ступені (не злоўжываючы ёю, вядома), але калі мяне будуць па-дурному раўнаваць, скоўваць, імкнуцца стварыць вакол мяне зону пустыні, — развод».
У 1961-1962 гадах Караткевіч сустракаўся са знакамітай паэткай і бардэсай Навэлай Матвеевай, з якой пасля яны сталі сябрамі. Па ўспамінах, яна была «не самая прыгожая, але вельмі цікавая і вельмі інтэлектуальная».
Навэла Матвеева
Таксама Караткевічу прыпісваюць адносіны з актрысай Купалаўскага тэатра Галінай Бальчэўскай. Верагодна, пачуцці жанчыны засталіся неўзаемнымі.
Калі не атрымалася каханне, станьце партнёрамі
Напрыканцы ў Маскве ў Караткевіча былі непрацяглыя адносіны з Валянцінай Шчадрыной. Пасля вяртання ў Мінск Уладзімір напісаў верш «Не хочу упиваться прошедшим».
Уладзімір Караткевіч, Валянціна Караткевіч і Валянціна Шчадрына.
Маскоўская перакладчыца Валянціна стала сяброўкай, ад якой моцна залежалі фінансавае становішча і дабрабыт Караткевіча, а потым і яго сям’і. Кажучы сучаснай мовай, яна была яго прадзюсаркай: прасоўвала публікацыі ў розных савецкіх і замежных выдавецтвах.
Трэба, каб геній хацеў ажаніцца
У 1962 годзе Караткевіч у роспачы пісаў свайму сябру — латышу Гераніму Стулпану:
«Ей-богу, надоело ходить так, хочется своего угла, хочется тепла, доброты, чтобы не мыкаться, как старой собаке, и не смотреть на чужие окна. Я уже перегорел, никаких мечтаний мне не надо. «На свете счастья нет, но есть покой и воля». Был я влюблен трижды, и никогда это мне ничего не приносило, кроме горечи, разуверения во всем и боли — каждый раз сильнее. Теперь нужен мне хороший друг. <...> Пусть будет добрая, хорошей души, хорошая хозяйка и хорошая мать моих детей. Красивой не надо, пусть будет женственная».
У адным са сваіх вершаў Караткевіч нібыта апраўдваў сваё такое доўгае «бабыльства»: «Ёсць дзясяткі, з кім можна спаць, прачынацца — ніводнай няма».
Будзьце ініцыятыўныя, настройце супраць сябе яго сяброў, але спадабайцеся маме. І галоўнае: заставайцеся асобай са сваімі інтарэсамі
Галоўным каханнем, а затым і жонкай Караткевіча стала Валянціна Браніславаўна, гісторык і выкладчыца Брэсцкага ўніверсітэта. Яна была эфектнай высокай бландынкай з блакітнымі вачыма. З-за блізарукасці насіла акуляры, але тыя надавалі ёй асаблівы шарм.
Уладзімір Караткевіч з жонкай Валянцінай
Іх гісторыя знаёмства была дастаткова смешнай: студэнты ўгаварылі Валянціну замест лекцыі пайсці на сустрэчу з пісьменнікам, не сказаўшы з якім. Калі яна пачула размовы: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не адбудзецца нацыя», вострая на язык Валянціна крыкнула з залі: «Вы могли бы рассуждать так, если бы писали, как Короткевич». Ёй адразу ж растлумачылі, што гэта ён і ёсць. Каб загладзіць няёмкасць, Валянціна запрасіла 37-гадовага Уладзіміра на каву.
Валянціна не ведала беларускай мовы, за што адразу ж была ўспрынята ў штыкі ўсімі сябрамі Караткевіча. Ёй у твар казалі: «Ты яму не пара!», узгадвалі, што яна «развядзёнка». Забягаючы наперад, у хуткім часе Валянціна размаўляла па-беларуску лепш за многіх яе крыўдзіцеляў.
Праз два гады сустрэч і паездак Брэст — Мінск Валянціна летам 1969-га канчаткова пераехала ў сталіцу. Для гэтага яна прадала сваю кватэру ў Брэсце, купіўшы ўзамен толькі пакой. Уладзімір дапамог ёй уладкавацца ў Інстытут этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Таксама Валянціна без пытанняў прыняла жыццё з маці Караткевіча.
Уладзімір і Валянціна Караткевічы са свякроўю
Амаль праз чатыры гады сустрэч яны пажаніліся. Сябры-сабутыльнікі Караткевіча былі ёй не рады, бо Валянціна «адвадзіла» пастаянных няпрошаных гасцей. А заадно навучыла Уладзіміра распараджацца грашыма.
Галоўнае, што іх трымала разам, — агульнае захапленне беларускай гісторыяй і культурай. Караткевіч увесь час ездзіў з ёй у экспедыцыі, па закінутых цэрквах, касцёлах, яны абодва шмат зрабілі для выдавецтва «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Многае запазычыў Караткевіч ад жонкі-гісторыка і для сваіх раманаў. Яна стала для яго сапраўднай музай, нягледзячы на ўсе складанасці.
Па-сапраўднаму блізкія сябры казалі, што Караткевіч памёр бы нашмат раней, каб не Валянціна. Ён быў складаным чалавекам з залежнасцю і сталымі прыхільніцамі. Ён падабаўся шматлікім жанчынам, вельмі хутка выклікаў прыхільнасць да сябе, некаторыя працягвалі яго штурмаваць і пасля вяселля. Але Валянціна была спакойная, узважаная, мэтанакіраваная, а ён не ўмеў без яе жыць.
На 40-годдзе Валянціны Уладзімір сказаў: «Шматпакутніца яна!» Яна ж у адказ толькі ўсміхнулася: «Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду!»
Калі Уладзіміра спыталі, кім была ягоная жонка, ён адказаў: «Яна не была красуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці».
Але самае галоўнае — быць падобнай на яго маму
Адам Глобус у кнізе «Рысы» кажа, што насамрэч колькасць любімых жанчын у жыцці Караткевіча моцна перабольшана і іх было ўсяго пяць.
Акрамя ўжо згаданых Ніны Молевай і дзвюх Валянцін, гэта сястра Наталля і маці Надзея Васільеўна. «Валодзя Караткевіч усё жыццё заставаўся такім сабе маміным сынам», — піша Глобус.
Караткевіч разам з мамай і сястрой, Орша, 1937 год.
Варта зірнуць на апісанне маці Караткевіча і параўнаць з яго закаханасцямі, як усё становіцца на свае месцы. Такое апісанне ёй даў Рыгор Барадулін: «Выпускніца Марыінскай гімназіі, прыроджана панавітая і тонкая ў веданні людзей, яна была рэхам, адгалоссем былое годнасці і велічы старадаўняга беларускага роду. Яна была нейкім чынам прататыпам інтэлектуальна-велічных натур у творах сына. Шляхетнасць. Вялікасвецкасць».
Караткевіч душы не чуў у маці і жыў з ёй усё жыццё.
Адам Мальдзіс успамінаў, як аднойчы пасля застолля Караткевіч «тоненькім голасам папрасіў: «Ці няма ў вас маленькае мензурачкі? Я хачу маме шампанскага занесці», а Барадулін успамінаў, што на кожным паверсе свайго пад’езда Караткевіч паставіў крэсла, каб мама магла перадыхнуць, паднімаючыся ў кватэру.
Нядзіўна, што чырвонай ніткай скрозь усе каханні і закаханасці Уладзіміра Сямёнавіча прасочваецца выява разумнай, таленавітай жанчыны, якая шануе сябе. І пажадана выкладчыцы.
Фото: Pexels.com, Polymia.by, Kp.ru, Zviazda.by,
People.onliner.by, Svaboda.org,
Sb.by, Belta.by.
Чытайце яшчэ:
«Немалую дарогу прайшлі мы»: топ-3 гісторый кахання беларускіх пісьменнікаў