Масленіца пачынаецца за 8 тыдняў да вялікага хрысціянскага свята — Вялікадня. У 2025 годзе тыдзень Маслёнкі адзначаюць з 24 лютага па 2 сакавіка. Чаму бліны на Масленіцу — галоўная страва? Што яшчэ традыцыйна гатавалі нашыя продкі і як забаўляліся на Масленіцу? Распавядаем пра гісторыю свята і дзелімся рэцэптамі страў, якія можна прыгатаваць на выходныя сваім блізкім.
Фота: slushna.by
Адным са старыжытных вясновых святаў нашых продкаў з’яўляецца Масленіца або Маслёнка. Гэтае свята, што мела некалькі сакральных сэнсаў, звязанае з аграрным календаром і культам прыроды. Карані Маслёнкі сягяюць далёка ў дахрысціянскія часы, калі на нашых землях панавала язычніцтва. У часы хрысціянізацыі шмат язычніцкіх традыцый злучыліся з хрысціянскімі святамі і такім чынам змаглі захавацца да нашых дзён.
Пазней дзеці і моладзь у тыдзень Маслёнкі ладзілі гульні, шанавалі бабак-павітух, дзякуючы якім з’явіліся на свет. Дарослыя віншавалі маладых, якія ажаніліся цягам года. На Масленічным тыдні ўсе дзеянні і абрады былі накіраваныя на забеспячэнне сваёй сям’і багатым ураджаем увосень, а цягам году — дабрабытам у хаце. Усе абрады і гулянні былі накіраваныя таксама на ўзмацненне міжродавых і міжсуседскіх сувязей.
На Масленічным тыдні перавага аддавалася стравам на малацэ, а асновай заўсёды былі бліны, што сімвалізавалі сонца — знак надыходу цеплыні. Продкі верылі, што ўжыванне бліноў спрыяе набліжэнню вясны. Пяклі бліны рознага кшталту: жытнія, пшанічныя, грачаныя, гатавалі пірагі і варэнікі.
У розных рэгіёнах святкавалі масленічны тыдзень па-свойму, некаторыя пачыналі есці бліны з панядзелка, іншыя — з чацвярга, бо гэты дзень лічыўся шырокім або тлустым, трэба было дагадзіць хатнім жывёлам. Іх таксама частавалі блінамі і іншымі прысмакамі са стала гаспадароў. У некаторых рэгіёнах ужывалі стравы выключна без мяса, іншыя — ласаваліся ўсімі прысмакамі перад Вялікім пастом. У апошні дзень перад пастом на стале мусілі быць стравы з яйкамі — сімвалам Вялікадня.
На суботу і нядзелю выпадалі самыя вялікія гулянні. Коней і вазы або санкі ўпрыгожвалі стужкамі і званочкамі, каталіся і спявалі песні, выкрыквалі заклічкі, якія прысвячаліся вясне. Уночы, дзеля жарту, моладзь магла скрасці браму або санкі ці вазы ў суседзяў, або нешта іншае, каб на раніцу гаспадар вымушаны быў шукаць свае рэчы. Дарослыя адпраўлялі моладзь ехаць далёка ад вёскі, каб рос доўгі лён і каласілася жыта.
Фота: etna.by
У нядзелю пачыналі праводзіць зіму. Па вёсках вадзілі Пудзіла, што сімвалізавала зіму, палілі вогнішчы, скакалі праз іх, што азначала сімвалічнае ачышчэнне агнём яшчэ з паганскіх часоў. Затым Пудзіла спальвалі, такім чынам заклікаючы вясну прыйсці.
Спальванне суправаджалася песнямі і танцамі, карагодамі. Танчыць і скакаць мусілі так, каб з-пад снегу з’яўлялася чорная зямля. Лічылася, што тупат і скокі абуджалі зямлю і рыхтавалі яе да аграрных прац. Моладзь у гэты дзень спявала і танчыла ажно да паўночы. А згодна з усходняй хрысціянскай традыцыяй трэба было прасіць адзін у аднаго прабачэння. У паўночна-заходніх рэгіёнах увечары ішлі на могілкі і прасілі прабачэння ў памерлых продкаў.
Фота: etna.by
На Маслёнку ці Масленіцу заўсёды гатавалі бліны, таму дзелімся некаторымі рэцэптамі з нашай рубрыкі «Гатуем з Будзьма».
Галоўнай стравай на стале ў нашых продкаў заўсёды былі бліны. Іх елі з маслам, смятанай, мёдам або гатавалі да стравы мачанку, што рабіла ласунак больш смачным і сытным.
Хіба самая беларуская страва, што на слыху — верашчака. Гэта своеасаблівая поліўка, адмысловая мачанка, якую падавалі да бліноў здаўна. Рэцэптаў верашчакі ёсць сотні, некаторыя вядомыя яшчэ з XVIII стагоддзя. Гатавалі поліўку на квасе. А прадукты да яе можна набыць у бліжэйшай краме.
Бліны падавалі яшчэ з начыненнем і падпечанымі ў печы. Такія бліны называлі наліснікамі. Начыненне можа быць абсалютна рознае — ад рыбнага, мяснога ці грыбнога фаршу да садавіны і сочыва. Часцей за ўсё на Маслёнку гатавалі наліснікі з тварагом.
Гатавалі таксама і пышныя блінцы — аладкі. Іх елі з сочывам, мёдам ці смятанай у час Масленічнага тыдня. Просты і смачны рэцэпт аладак знойдзеце па спасылцы.
Заўсёды ў гэты час нашыя продкі былі радыя пірагам на стале. Калі мы чуем слова «курнік», то адразу ўзгадваецца вёска і ўяўляецца хлявок для хатняй птушкі. Аднак нашыя продкі называлі курнікам пышную страву — пірог з птушкай і іншым смачным начыненнем, што падавалі пад смятаннай поліўкай на вялікія святы.
Як прыгатаваць курнік, мы распавядалі па гэтай спасылцы.
Таксама была папулярнай на святочным тыдні беларуская лазання або лазанкі. Калі вы думалі, што лазання выключна італьянская страва, то памыляліся. Нашы продкі з XVI стагоддзя гатавалі аналагічны ласунак пад назвай лазанкі. Страва гатуецца хутка, лёгка, з простых інгрэдыентаў, і яе хопіць на некалькі асобаў.
На святочным стале ў час Масленіцы нярэдка былі варэнікі або перогі. Страва з цеста з начыненнем была таксама вельмі папулярнай у Маслёнку.
ХІХ стагоддзе ўнесла значныя карэктывы ў беларускую кухню, нашыя продкі пачалі актыўна ўжываць бульбу. На сталах і панскіх, і сялянскіх пачалі з’яўляцца стравы з бульбы. Тут і распачалася гісторыя беларускіх дранікаў і дзеруноў. Прапануем альтэрнатыўны рэцэпт бургера па-беларуску.
Жадаем смачных і вясёлых выходных на Маслёнку!