12 кастрычніка стала вядома, што адкрыццё Старога замка ў Гродне пасля двух этапаў рэстаўрацыі пераносяць у чацвёрты раз. На дадзены момант адкрыць частку новай экспазіцыі для наведвальнікаў запланавана на пачатак лістапада.
Што было і што пабачым?
На дадзены момант завершана толькі два этапы рэстаўрацыйных працаў у Старым замку, аднаўляць помнік будуць як мінімум яшчэ 6 год. У лістападзе, калі не будзе чарговага пераносу адкрыцця, наведвальнікаў мусіць сустрэць частка новай экспазіцыі з інтэрактыўнымі зонамі, якія распавядуць пра гісторыю замка часоў караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя і гісторыю тагачаснага Гродна. Таксама ў музеі будзе майстэрня друку гравюр на манер 1600 года. Можна будзе надрукаваць сабе на памяць выяву замка або партрэт караля Баторыя.
Ранейшая экспазіцыя Старога замка была дэмантаваная, частка яе будзе прадстаўлена пазней у Новым замку, частка — у Гродзенскім абласным гістарычным музеі, які хутка мусіць адкрыцца ў былым Палацы Тэкстыльшчыкаў. Ранейшая экспазіцыя нагадвала своеасаблівую «гістарычную салянку». Яна апавядала пра першабытнае грамадства, гісторыю Сярэднявечча, Новага і Найноўшага часоў, вялікая ўвага надавалася падзеям ІІ Сусветнай вайны, можна было азнаёміцца з жывёльным светам беларускіх лясоў — экспазіцыя была багатая на пудзілы звяроў і птушак.
Ад драўлянага да мураванага
Гродзенскі Стары замак за часы свайго існавання не раз перабудоўваўся з розных прычынаў. Да 1398 года, ён быў драўляным, пры праўленні Вітаўта паўстаў мураваны замак.
Стары замак у Гродне паводле Цюндта-Адэльгаўзэра, 1567 год
Прычынаю стаў моцны пажар, які знішчыў драўляны палац і іншыя пабудовы. Па легендзе, у пажары ледзь не загінуў сам князь са сваёю сям’ёй, але з-за ляманту прыручанай малпы прачнуўся і паспеў пакінуць палаючы княжацкі церам. Пасля гэтага выпадку было вырашана не аднаўляць палац з дрэва. Прыкладна ў 1400 годзе на месцы дзядзінца паўстае ўмацаваны мураваны замак абарончага тыпу, які праз некалькі год нават не наважыліся браць штурмам крыжакі падчас сваіх апошніх навалаў на гродзенскую зямлю.
Пышны палац і месца соймаў
Наступную перабудову замак зазнаў падчас праўлення караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які зрабіў Гродна сваёй рэзідэнцыяй і сам ініцыяваў перабудову замка. Цягам 1580-х гадоў замак быў перабудаваны ў каралеўскую рэзідэнцыю, якая нагадвала пышныя італьянскія палацы .
Стары замак у Гродне на малюнку Т. Макоўскага
Зніклі праезджая вежа, абарончая вежа-данжон, стары замак Вітаўта і шараговыя пабудовы, але абарончага прызначэння палац не згубіў, што падкрэслівае таўшчыня вонкавых сценаў у больш чым два метры.
Партрэт караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, 1576 год
Пасля смерці караля Баторыя палац не вельмі цікавіў новую манаршую дынастыю Вазаў. У часы вайны з Масковіяй ён быў пашкоджаны, рашэнне правесці рамонт палаца было прынятае на сойме ў Варшаве ў 1676 годзе, бо пры каралі Рэчы Паспалітай Міхаіле Карыбуце Вішнявецкім на сойме ў 1673 годзе пастанавілі кожнае трэцяе падобнае пасяджэнне праводзіць у гродзенскім палацы.
Рамантавалі палац цягам 5 год пад кіраўніцтвам гродзенскага старасты і вялікага канцлера літоўскага Крыштафа Паца. Ёсць меркаванні, што ў той час быў узведзены дадатковы будынак з боку Нёмана, які меў дзве залі для пасяджэнняў і соймаў — Сенатарскую і Пасольскую. Залі былі пышна аздобленыя, а сюжэты выяваў апавядалі пра ганаровасць рыцарства і пра прынцыпы дзяржаўнага ладу краіны.
Партрэт Крыштапа Жыгімонта Паца, каля 1670 года
У палацы адбыліся толькі тры соймы, апошні — ў 1692 годзе, падчас яго было шмат скаргаў на цеснату, пачало ўзнікаць пытанне аб пабудове яшчэ аднаго палаца.
Быў палац, а цяпер «як стос смецця»
Напрыканцы лютага 1700 года распачалася Паўночная вайна са шведамі. У 1705 годзе менавіта ў гарадзенскім палацы адбылася сустрэча караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ і цара маскоўскага Пятра І. Манархі тады заключылі саюзнае пагадненне аб супрацьстаянні ў вайне каралю Швецыі Карлу ХІІ, на замку тэрмінова былі адноўленыя ўсе ўмацаванні. Пасля ваенных дзеянняў палац быў моцна пашкоджаны, выкарыстоўваць для соймаў яго было немагчыма. Англійскі пасланнік у Расіі Чарльз Вітварт зазначаў, што замак выглядаў, «як стос смецця».
Гарадзенская шляхта спадзявалася на аднаўленне замка, але іх надзею зруйнавала рашэнне караля Аўгуста ІІ аб пабудове новага палаца. У 1729 годзе частка будынкаў з боку Нёмана абрынулася ўніз да ракі, моцна нашкодзіў і буйны пажар у 1735 годзе. У 1746 годзе палац быў аддадзены для правядзення мясцовых шляхецкіх судовых пасяджэнняў. У гэты час замак канчаткова перастае быць манаршай рэзідэнцыяй. Праведзены рамонт у 1750-х гадах дазволіў там размяшчаць світу караля. Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе ў замку праходзілі пасяджэнні Скарбавай камісіі Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля захопу Гродна расійскімі войскамі замак больш чым на стагоддзе перайшоў ваеннаму ведамству. За гэты час выгляд замка быў моцна спрошчаны, на тэрыторыі знаходзіліся казармы, а падчас паўстання 1863 года замак выкарыстоўваўся як часовая турма для паўстанцаў.
Стары замак паводле Напалеона Орды, 1860-я гады
Пасля краху Расійскай Імперыі, «за польскім часам», першапачаткова ў замку былі бальніца, пральня, лазня, нават казіно для афіцэраў. Стан пабудовы быў занядбаны, з лазні вада пастаянна запаўняла скляпенні. Толькі адкрыццё ў замку гістарычнага музея па ініцыятыве гісторыка Юзафа Ядкоўскага змяніла сітуацыю, і замак быў адрамантаваны.
Замак паводле Зыха Буйноўскага, 1926 год
Рэстаўрацыя палаца як будынка музея
У часы ІІ Сусветнай вайны замак моцна не пацярпеў, таму ў другой палове 1940-х гадоў там ужо пачалі ствараць экспазіцыю. На пачатку 1950-х замак адзіны раз парамантавалі. Напрыканцы 1980-х гадоў пачала паступова вымалёўвацца задума рэстаўрацыі замка. У 1985 годзе гарадзенскі архітэктар Уладзімір Бачкоў распрацаваў ідэю аднавіць замак дзвюх эпохаў: часоў Вітаўта і Баторыя. Пазней ад ідэі аднаўлення часткі замка ў гатычным стылі адмовіліся і вырашылі аднаўляць замак часоў Баторыя. Да таго ж, былі крыніцы, якія дазвалялі часткова дазнацца аб выглядзе замка ў тую эпоху.
Толькі ў 2012 годзе Савет Міністраў зацвердзіў праграму «Замкі Беларусі». На аднаўленне Старога замка было выдзелена 37,2 млрд беларускіх рублёў.
Знешні выгляд замку да рэстаўрацыі
Унутраны дворык замку да пачатку рэстаўрацыі
Спачатку на тэрыторыі замка правялі археалагічныя раскопкі, працы па аднаўленню пачаліся ў 2017 годзе і ідуць па сённяшні дзень згодна праекту Бачкова, але з пэўнымі карэктывамі. Праект архітэктара Бачкова па сённяшні дзень выклікае спрэчкі сярод гісторыкаў і архітэктараў з-за гістарычных недакладнасцяў у знешнім выглядзе замка.
Алесь Масевіч, Budzma.by