27 верасня Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Ашмяншчыне і Смаргоншчыне. Першая сустрэча прайшла ў Жупранскай СШ імя Францішка Багушэвіча. Сыходзячы з гэтага, М. Скобла распачаў сустрэчу вершам-трыпціхам “Ноч у Кушлянах”, прысвечаным памяці аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, распавёў пра яго ролю ў станаўленні беларускай нацыі. Пачулі школьнікі і вясёлую перадгісторыю верша: “Неяк мы вандравалі па Гарадзеншчыне і Міншчыне і мелі праблему з начлегам.
У Кушлянах нас пусцілі пераначаваць у музей паэта. Сярод ночы мне прысніўся Багушэвіч, які строга паглядзеў на мяне і сурова спытаўся: “Чаго спіш?”. Я часта ўспамінаю гэты сон і пытанне Багушэвіча – і, як ні дзіўна, адразу з’яўляецца ахвота да працы. Відаць, Багушэвіч сваім суайчыннікам і з таго свету спрыяе. Так што хай і ўсім вам сніцца ваш зямляк Багушэвіч”. Т. Грыневіч-Матафонава праспявала песні на вершы класікаў: М. Багдановіча, Я. Купалы, У. Дубоўкі, Л. Геніюш ды інш. Пасля Кушлянаў творчы дуэт з Мінска чакалі на аграсядзібе “Віта” ў Смаргоньскім раёне, дзе сабраліся турысты з Вялейкі, Смаргоні, Астраўца і Ашмянаў (акурат праходзіў турыстычны з’езд). Пасля адмысловай канцэртнай праграмы Таццяна пры распаленым каміне дала майстар-клас бардаўскіх спеваў.
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой арганізатары і ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі памятныя сувеніры.