Колеры жыцця і смерці: сімволіка белага, чырвонага, чорнага і сіняга ў беларускай традыцыі

У традыцыйнай культуры беларусаў колеры не проста ўпрыгожвалі адзенне ці рэчы побыту. Колеры былі магутнымі сімваламі, якія ўвасаблялі ўяўленні пра жыццё, смерць, духоўны свет і касмічны парадак. Найбольш значнымі з’яўляюцца тры колеры: белы, чырвоны, чорны. PALATNO расказвае, як у беларускай традыцыйнай культуры разглядалі розныя колеры.

Dziaŭčyna

Белы колер

Белы колер у беларускай традыцыі — адзін з найбольш пашыраных і шматзначных. Яго значэнне не абмяжоўваецца адным тлумачэннем. З аднаго боку, ён асацыюецца з чысцінёй, дзявоцкасцю, духоўнай святасцю, асабліва ў жаночай абрадавай практыцы. У замовах, напрыклад, белае покрыва выступае як ахоўны сімвал, які абараняе людзей ад вайны, мору, хвароб.

З іншага боку, белы мае супрацьлеглы сэнс: смерць, жалоба, пераход у іншы план існавання. У рытуальнай культуры ён часта выступае апазіцыяй да чырвонага, які сімвалізуе жыццёвы пачатак.

Белы колер прысутнічае ў пахавальных традыцыях, у адзенні нябожчыка або ўдзельнікаў пахавальнага абраду. У Бялыніцкім раёне Магілёўшчыны, напрыклад, людзі, што ідуць на пахаванне, павязваюць на левую руку белую хустачку — сімвал ушанавання і павагі да памерлага.

На глыбейшым міфалагічным узроўні белы колер — гэта знак бязмежнасці, вечнасці і Сусвету. Ён стаіць на мяжы паміж жыццём і тым, што знаходзіцца па-за яго межамі, і таму ўвасабляе сам факт пераходу.

Чырвоны

Чырвоны колер у беларускай традыцыі — самы насычаны і шматгранны па значэннях. Ён сімвалізуе жыццё ў шырокім сэнсе: фізічнае нараджэнне, эратычны пачатак, духоўнае перараджэнне і нават уваскрэсенне. У вясельнай абраднасці чырвоны прысутнічае паўсюдна: у караваі, стужках, адзенні маладой, у вышыўцы.

Чырвоная паска — атрыбут пасля першага купання немаўляці. Чырвоныя палоскі на фартушку нявесткі — знак прыналежнасці да роду мужа. Чырвоны пояс ахоўваў цяжарную жанчыну ў доме, дзе нядаўна памёр чалавек. Вада пасля купання дзяўчынкі вылівалася пад вішню, каб дзяўчынка была «чырвоная» — прыгожая і здаровая.

У абраднасці чырвоны колер таксама прысутнічае: абіўка труны, чырвоны крыжык на фартушку, павязкі на ручніку для вянчання. Ён тут — сімвал цыклічнасці жыцця, абарона жывых ад смерці, сувязь пакаленняў.

У замовах чырвоны колер дзейнічае як тое, што праганяе хваробы. Напрыклад, у адной з замоў: «На сінім едзе, белым паганяе, а чырвоненькім ды харошанькім з вочка боль зганяе». У народнай медыцыне чырвоны выкарыстоўвалі як своеасаблівую колератэрапію падчас цяжкіх захворванняў.

Chlopiec

Чорны

Чорны колер у беларускай традыцыі займае супярэчлівае, але вельмі важнае месца. У колеравай трыядзе «белы-чырвоны-чорны» выступае як сімвал ночы, падземнага свету, зла або трансцэндэнтнай моцы.

У «Славянскай хроніцы» ад XII стагоддзя апісваецца рытуал з удзелам чарак і заклінанняў у імя «чорнага бога» — адлюстраванне веры ў дваісты свет, дзе чорнае — не толькі зло, але і сіла. Масудзі, арабскі аўтар X стагоддзя, пісаў пра чорны храм на Чорнай гары — сімвал сувязі з зямлёй, старымі багамі, сакральным часам. У розных рэгіёнах Беларусі і Пскоўшчыны месцы з назвай Чорная гара захоўваюць успаміны пра паганскія культы і ахвярапрынашэнні.

У беларускай культуры чорны колер — таксама колер смерці, цемры, магіі. Але ў штодзённасці мог служыць і як абарона: лічылася, што чалавек з чорным катом, чорным пеўнем або сабакам абараняе свой дом.

Чорны колер часта сустракаецца ў вышыўцы — разам з чырвоным на белым фоне. Гэта спалучэнне выступае як магутны абярэг, скіраваны на захаванне гармоніі паміж светамі.

Бонус: сіні колер

Сіні колер мае ў беларускай культуры трывалыя сувязі з культам мёртвых і архаічнымі ўяўленнямі пра замагільны свет. Прысутнічае ў геаграфічных назвах, што само па сабе з’яўляецца сведчаннем глыбокага сакральнага значэння колеру: Сіні Камень, Сіняя Гара, Сіні Ключ, Сіні Калодзеж, Сінія Горкі, Сіняя Рака, урочышча Сіняе Вока.

Сіні Камень каля Мількавіч (Навагрудскі раён) — адзін з найбольш вядомых. Паводле падання, у яго ўбіў жалезныя цвікі асілак, які спрачаўся з іншымі волатамі, хто выканае немагчымую задачу. Часткі гэтага каменя лічыліся талісманамі. У іншых мясцінах «сінія» назвы звязаны з дымам (як у выпадку Сіняй гары ў Валожынскім раёне), або з незвычайнымі вадаёмамі (Сіняе Вока, Сіні Ключ).