Выступы паэтаў Глеба Лабадзенкі і Андрэя Хадановіча адбыліся ў школах №1 і №2 Старых Дарог, а таксама ў вёсцы Горкі Старадарожскага раёну, Мінскай вобласці 30 красавіка.
У Горках з прычыны прыезду гасцей скарацілі ўрокі на 5 хвілін, чаму дзеці былі несказана радыя. Глебу Лабадзенку ўжо даводзілася выступаць тут, таму многія дзеці сустрэлі выступоўцаў як родных. Андрэй Хадановіч, апроч чытання вершаў, спяваў таксама ўласныя песні, дзе багата вясёлых момантаў: дзеці ажно за жываты браліся.
Глеб Лабадзенка праводзіў конкурсы – хто раскажа на памяць верш па-беларуску. Знаўцы белліту атрымалі падарункі ад грамадскай кампаніі “Будзьма белрусамі!”.
У школе №2 Старых Дарог і Глеб, і Андрэй выступаюць ужо не першы год запар – таму вучні заўжды чакаюць іх прыезду з нецярпеннем. Гэтым дзецям ужо не трэба тлумачыць, што такое “Будзьма!” і чаму варта быць беларусамі.
Глеб Лабадзенка:
“ Вялікая адказнасць выступаць перад вамі, бо не будзеш жа адное і тое чытаць, дык даводзіцца пісаць новыя вершы, каб вам было цікава!..”
Настаўніца хіміі, якая вельмі захапляецца беларускай літаратурай, нават напісала на хаду экспромт датычна выступа Хадановіча і Лабадзенкі. За што і атрымала дыск з беларускай музыкай ад “Будзьмы!”.
У школе №1 дырэктар сабраў для гасцей цэлую актавую залу – практычна ўсю школу, апроч самых малодшых класаў.
Андрэй Хадановіч:
“ У Старых Дарогах – вельмі асаблівыя дзеці. Вас тут сядзіць больш за 100 чалавек, а я магу чытаць вершы нават шэптам. Такое бывае далёка не заўжды: часам і адзін клас паводзіць сябе так, што даводзіцца іх перакрыкваць.”
У конкурсе беларускіх вершаў на памяць узялі удзел некалькі вучняў, а адзін хлопчык нават прачытаў верш уласнага сачынення “Дзед Мароз”. Верш дужа іранічны, чым заслужыў высокую ацэнку Андрэя Хадановіча.
Пасля сустрэчы дырэктар запрасіў гасцей прыехаць зноў ужо ў новым навучальным годзе.
Творчыя сустрэчы прайшлі ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.