Прэзентацыя зборніку студэнцкай паэзіі “Незавершанасць” адбылася ў мінулую суботу.
На імпрэзе былі прэзентаваныя вершы зборніку “НезаВЕРШанасць”, а таксама адбыліся выступы сучасных беларускіх паэтак Валярыны Куставай і Вікі Трэнас і музычных гуртоў “Ківач Фуко” і Znarock.
“Нашая прэзентацыя павінна была стаць маленькім святам для маладых паэтаў, таму мы зрабілі ўсё магчымае, каб іхні літаратурны дэбют запомніўся аўтарам надоўга”, – зазначылі арганізатары.
Конкурс вершаў доўжыўся цягам месяцу і ахапіў не толькі Мінск, як планавалася спачатку, а іншыя гарады Беларусі.У ім прыняла ўдзел 98 чалавек, шмат з іх дасылалі па некалькі твораў адразу. У выніку было абрана 30 лепшых вершаў, якія склалі зборнік студэнцкай паэзіі “НезаВЕРШанасць”.
У склад журы ўвайшлі вядомы беларускі празаік, рэдактар часопісу “Всемирная литература” Алесь Наварыч, рэдактар часопіса “Маладосць”, паэтэса Раіса Баравікова і загадчыца аддзела паэзіі часопіса “Маладосць” Віка Трэнас.
Кампанія Budzma таксама прыняла ўдзел у прэзентацыі, парадаваўшы ўдзельнікаў прызамі са сваёй сімволікай.
Імёны пераможцаў і іх творы:
3-е месца Ілона Валынец, студэнтка БДУ факультэту Міжнародных адносінаў, 1 курс.
Cтудэнт – змагар, студэнт, ты волат.
Хоць раніцой заспаны твар,
Бурлівы твой жыццёвы побыт,
Залік, экзамен, семінар.
Пакаштаваць бы кавы з тортам!
Але душой не пакрыўлю,
Хутчэй за ўсё любімы “Ролтан”
На ўсю стыпендыю куплю!
Цікава жыць у інтэрнаце,
У інтэрнэце засынаць,
Або знаходзіцца ў чаце,
І СМС-кі дасылаць!
Усё для нас: гурткі і клубы,
Калайдэр, Космас без праблем,
Сябры з Кітая, Польшчы, Кубы,
Або байкклуб ці БРСМ.
Наш край для ўсіх людзей адкрыты,
Спявай, вучыся, вынаходзь,
Працуй для шчасця, дабрабыту,
І з думай чорнай не прыходзь!
Што ж, Маладосць, настаў твой выхад,
І колькі б свет наш не стаяў,
Студэнт – узор, студэнт – ты прыклад
І светлых мар, і добрых спраў!
2-е месца: Ваня Булва, БДУ, геаграфічны ф-т, 4 курс.
СТУДЭНТ
Ад вераснёўскае пары
Нявыспана, няголена,
Паўзу з глыбокае нары –
Хвастатая жывёліна.
Каму ў нябёсах век лунаць,
Лучыцца з даляглядамі;
Мне ж-каву горкую глытаць
Марознымі калядамі.
“Жывёле, каб такі напой?”
Так, сябра, маеш рацыю.
Ды ўсё, што робіцца з табой –
Прыватнасці мутацыі.
Вясновы гон, студэнт імкне
Схавацца, закарэніцца.
Вось-вось наканаваны мне
На калідоры стрэнецца.
І цягне хвост адкупаваць
На ложак свой пракруставы.
Ён ціхі, ветлы, як дрыгва,
Ён можа на твой густ “на вы”
Дыягназ ставіць – абібок!
Невінаваты, людцы, я
Бяда – пайшла ў няслушны бок
Сляпая эвалюцыя.
А ў камяністую раллю
Зярняты кінь – не родзіцца,
Я часам нештачкі зраблю
І хвост мой падкароціцца,
А потым вырасце ізноў
Недазмагаўся я ж… Чакай!!!
Мне моташна ад прапаноў
Зрабіцца хітрай яшчаркай.
Шкада да слёз свайго хваста –
Бязглуздая эмоцыя
У жыцці, дзе гэтак зручна стаць
Бясхвостым утаймоўцаю.
1-е месца: “Янасамая”- Аляксандра Сайко-БДУ, ф-т журналістыкі, 2 курс
Чалавек студэнту брат.
Ён у тым не вінаваты.
Толькі вось не прызнаюцца,
Хто каму малодшы брат.
Піянер студэнту піць
Можа нават не наліць,
Бо са справы рэвалюцыі
Той перыядычна кпіць.
Банкамат студэнту -Бог:
Той прыйшоў – ён дапамог.
Толькі трэба памаліцца,
Узгадаць пін-код каб змог.
Дэканат студэнту – жах,
Б’юць у спіну і пад пах.
Ноччу нам з-за іх не спіцца –
І зрывае зранку дах.
Сесія ў студэнтаў – міт.
Ты не вер – яна ж, як СНІД,
Шпацыруе па планеце.
Гэткі міт-касмапаліт.
А сабе студэнты – хто?
Бог, ці міт, ці дзед Піхто?
Не дарослыя, не дзеці
Ды не коні ў паліто…