Вельмі сумная вестка прыйшла з Мінска — памерла адна з заснавальніц і шматгадовы сябра Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры Лідзія Савік. Сёлета ёй споўнілася 88 гадоў, піша zbsb.info са спасылкай на «Радыё Рацыя».
Лідзія Савік
Шмат гадоў Лідзія Сымонаўна працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, затым — прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, выкладаючы беларускую літаратуру. Была таксама сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў.
Менавіта дзякуючы яе карпатлівай працы, у тым ліку з архівамі КДБ, да якіх яна на пачатку 90-х атрымала доступ, у культурны ўжытак вярнуліся дзясяткі імёнаў і літаратурных твораў беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і дзеячаў эміграцыі.
Выдатная пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры, Лідзія Сымонаўна выдала некалькі манаграфій, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры, культавую кнігу «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001) і некалькі кніг у суаўтарстве на сумежную тэматыку. Напісала больш за 300 артыкулаў, рэцэнзіяў і энцыклапедычных артыкулаў.
Беларусь страціла цудоўнага навукоўца і культурнага дзеяча, а «Бацькаўшчына» страціла надзейнага паплечніка і сябра.